Каб уцалела каштоўнае мінулае

Культура Нумары

0710e

Альтэрнатывай тэлепраграмам і мастацкім фільмам, запалоненым насіллем, навязлівым паказам таго, што заўсёды было патаемным, прымітывізмам, павярхоўным падыходам да раскрыцця тэмы, можна назваць праект «Наперад у мінулае» на тэлеканале Беларусь-3 холдынга Белтэлерадыёкампаніі.

Творчая група праекта наведвае беларускія гарады і вёскі, каб адшукаць там даўнюю песенную спадчыну. Мы мелі магчымасць назіраць за работай здымачнай групы ў нашым раёне. Стваральнікі тэлевізійнай праграмы прыехалі ў Стаўбцоўскі цэнтр народнай творчасці для запісу народнага абраду «Прысад дзіцяці». Яго знайшла ў старадаўніх народных традыцыях з дапамагой сваёй свекрыві майстар-фалькларыст цэнтра Ала Янская. Абрад у касцюміраваным выкананні з мноствам народых песень ажыццёўлены фалькорным гуртам «Яблынька». Мы з задавальненнем назіралі, як працуюць нашы калегі з тэлебачання, і ўзялі інтэрв’ю ў нязменнай вядучай праекта «Наперад у мінулае» Аксаны Вечар.

–             Аксана, работа ў культуралагічным праекце для вас гэта збег абставін ці нешта іншае?

–             Гэта мая прафесія. Я закончыла Мінскі інстытут культуры, да таго ж нарадзілася ў сям’і работнікаў культуры ў Міры. Мой муж Анатоль Вечар, рэжысёр праекта «Наперад у мінулае», – таксама выпускнік інстытута культуры. Гэтую вышэйшую навучальную ўстанову закончыла і наша дачка. Так што сфера культуры для нас – тое асяроддзе, у якой мы растварыліся і рэалізуем свае здольнасці і таленты па абранай спецыяльнасці.

–             Як узнікла ідэя стварэння праекта «Наперад у мінулае»?

–             Мы з Анатолем ужо 20 гадоў працуем у нацыянальнай тэлерадыёкампаніі. Праекту «Наперад у мінулае» папярэднічалі многія музычныя праграмы, як «Акалада», «Тры апельсіны», «Продвижение+», «Проста праграма», «Музычны плэй-оф», «Великолепная семерка», «Тэлевяршыня», «Музычная абойма». Ідэя стварэння праекта «Наперад у мінулае» зарадзілася пяць гдоў назад. Дакладна памятаю: мы выйшлі першы раз у эфір на Каляды 7 студзеня. Анатоль зрабіў праграму з удзельнікам Еўрабачання, тады яшчэ не надта вядомым, а цяпер знакамітым кампазітарам і спеваком Юрыем Вашчуком. Ідэяй праекта было адшукаць рарытэты і стварыць сучасныя аранжыроўкі народных песень. За аснову мы бралі фальклорныя калектывы, шукалі па ўсёй Беларусі тое з песеннай спадчыны, што яшчэ ўцалела. Юрый Вашчук працаваў з намі амаль тры гады. Гэта быў вельмі плённы перыяд. Юрый кожны тыдзень рабіў практычна новы твор – запіс народнай песні ў сучаснай аранжыроўцы.

–             Колькі выхадаў у эфір ужо было з гэтым праектам?

–             Вось сёння на Стаўбцоўшчыне мы запісваем 259 праграму. Такіх песень, якія мы сёння пачулі тут, нідзе не сустракалі раней, хоць праехалі ў пошуках аўтэнтычных твораў усю Беларусь. І для нас заўсёды знаходка сустрэць рэдкія народныя песні ў выкананні мясцовых гуртоў. Практычна ніхто з вядомых беларускіх эстрадных артыстаў не адмовіў нам паўдзельнічаць у праграме. І гэта дазваляе захаваць фармат нашага праекта: у канцы перадачы заўсёды выконваецца фальклорны твор у творчай манеры выканаўцы, і гледачы могуць пачуць яго ў сучасным гучанні.

–             Такім чынам, можна гаварыць аб тым, што гэта лепшая папулярызацыя народнай творчасці сярод моладзі, так як народныя песні выконваюць любімыя артысты?

–             Думаю, што смела можна гаварыць так. Вядомыя маладыя артысты, якія прымалі ўдзел у нашым праекце, бяруць потым у свой рэпертуар песні аўтэнтычнай культуры, гэтыя рарытэты, і выконваюць на сваіх сольных канцэртах. Гэта не можа не радаваць. Да таго ж, рэдкія народныя песні застаюцца ў лічбавым архіве і кладуцца ў каштоўную скарбонку народнай творчасці для наступных пакаленняў.

–             Аксана, жадаем вам і ўсім стваральнікам праекта «Наперад у мінулае» плёну і поспехаў на дабратворнай ніве пазіцыянавання рарытэтнай спадчыны нашага народа і культурных каштоўнасцяў Беларусі.

Святлана ЖЫБУЛЬ

На здымках: аператар Дзмітрый Гурук; фальклорны гурт «Яблынька» Стаўбцоўскага цэнтра народнай творчасці; за работай рэжысёр Анатоль Вечар; вядучая праекта Аксана Вечар з аператарам Паўлам Навуменкам.

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *