Смалявічы прынялі абласныя «Дажынкі-2017»

Нумары Сельская гаспадарка

1110d

Лепшыя прадстаўнікі працоўных калектываў з усёй Мінскай вобласці сабраліся на Смалявіцкай зямлі на падвядзенне вынікаў сельскагаспадарчага года – «Дажынкі-2017».

У гэты дзень у Смалявічах адбылася цырымонія адкрыцця Маладзёжнага цэнтра. На цэнтральнай плошчы разгарнуліся выставы-кірмашы. Сваю прадукцыю прадставілі больш за 200 суб’ектаў гаспадарання. Для дзяцей быў арганізаваны «Салодкі фэст». У «Горадзе майстроў» госці змаглі знайсці тавары рамеснікаў, разьбяроў па дрэве, майстроў саломапляцення. Карысталіся папулярнасцю ў гасцей «Дажынак-2017» і вырабы, прадстаўленыя народным клубам майстроў «Пралеска» РЦК і раённым Цэнтрам народнай творчасці.

На працягу святочнага дня працавалі сцэнічныя пляцоўкі «Вітаем герояў жніва», «Маладзёжная». На Свяце хлеба шахматныя партыі разыгрываліся фігурамі з пернікаў. Можна было палюбавацца на караваі ад усіх раёнаў Мінскай вобласці.

Затым адбылося святочнае шэсце «А ў нас сёння Дажыначкі», у якім прынялі ўдзел дэлегацыі ўсіх рэгіёнаў Мінскай вобласці, калектывы мастацкай самадзейнасці. Адкрыць шэсце выпаў гонар заслужанаму самадзейнаму калектыву Рэспублікі Беларусь – духавому аркестру «Віціны» і ўзорнаму ансамблю мажарэтак «Феерыя» Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў. Наш Стаўбцоўскі раён прадстаўлялі народны вакальны ансамбль «Дольніца» Горкаўскага СДК, ансамбль «Раніца» Вішнявецкага СДК, узорны ансамбль танца «Гарошынка» РЦК і іншыя прадстаўнікі сферы культуры раёна.

На галоўнай сцэнічнай пляцоўцы затым адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджвання пераможцаў жніва. З прывітальным словам да ўсіх удзельнікаў свята звярнуўся старшыня Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Анатоль Ісачанка і ўручыў узнагароды пераможцам. Падзякай Мінскага аблвыканкама ўзнагароджана дырэктар ААТ «Вялікі Двор» Вольга Луцык, Падзякай Міністэрства сельскай гаспадаркі ўзнагароджаны галоўны аграном ААТ «Вялікі Двор» Генадзь Бязушка.

Сярэдняя ўраджайнасць збожжавых і збожжабабовых культур у цэнтральным рэгіёне склала 37,6 ц/га. Лідарам па ўборцы ўраджаю стаў Дзяржынскі раён. Па выніках абласных спаборніцтваў яму прысуджана першае месца. У лік лідараў жніва ўвайшлі Барысаўскі (2-е месца), Маладзечанскі (3-е месца) раёны. Лідарам па ўраджайнасці стаў Нясвіжскі раён (65,1 ц/га).

Пасля адбыўся святочны канцэрт з удзелам калектываў мастацкай творчасці Мінскай вобласці і прафесійных выканаўцаў.

Ганаровымі гасцямі свята былі члены Савета Рэспублікі і дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, прадстаўнікі органаў дзяржкіравання.

Завяршылася мерапрыемства святочным феерверкам у гонар пераможцаў жніва – людзей працы.

У наступным годзе «Дажынкі-2018» будзе прымаць горад Мядзел.

Нэлі АСТРЭЙКА

Фота аўтара і Аляксандра ПЯТРОВА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *