Працоўнае жыццё пачынаецца на Стаўбцоўшчыне

Моладзь Стаўбцоўшчыны Нумары Улада. Слова. Справа

1110a

Упершыню на Стаўбцоўшчыне прайшоў раённы злёт маладых спецыялістаў з удзелам прадстаўнікоў усіх сфер народнай гаспадаркі. Была магчымасць пазнаёміцца, атрымаць уяўленне пра Стаўбцоўскі раён і звярнуцца з пытаннямі да яго кіраўніцтва.

Гэты асенні будны дзень склаўся вельмі адметна для больш чым 120 сёлетніх выпускнікоў сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных устаноў, якія прыехалі працаваць у наш раён. Сярод іх пераважаюць медыкі, педагогі, работнікі сельскай гаспадаркі – акурат тыя спецыялісты, у якіх назіраецца найбольшая запатрабаванасць. У кожным з калектываў, мяркуючы па водгуках, іх чакалі, сустрэлі прыветна і цёпла. Атмасферай добразычлівасці, клопату і ўвагі да лёсу моладзі вылучаўся і раённы злёт маладых спецыялістаў, які быў арганізаваны аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, раённым камітэтам БРСМ.

Насычаная праграма гэтага мерапрыемства пачалася з экскурсій – у цэнтральную раённую бальніцу, фізкультурна-аздараўленчы комплекс, на філіял маторнага завода, у сялянска-фермерскую гаспадарку «Сула», сельгаставарыства «Каганец». Яны адносяцца да ліку значных у раёне сацыяльных і вытворчых аб’ектаў, дзе ёсць што паказаць і на што паглядзець. Гэта ўкараненне сучасных тэхналогій, інавацый, унікальных праектаў, увогуле еўрапейскі ўзровень мыслення, без чаго сёння нельга працаваць на рынку паслуг.

Для моладзі такія экскурсіі – стымул цікавіцца і самаразвівацца, браць у свой інтэлектуальны багаж самае лепшае і перадавое, імкнуцца да вяршыняў.

Раёну патрэбны творчыя людзі

Пасля экскурсій адбылася сустрэча маладых спецыялістаў з кіраўніцтвам раёна на чале са старшынёй райвыканкама Юрыем Горлавым. Першапачаткова сустрэча планавалася на прыродзе, ля кастра, але з улікам надвор’я яе прыйшлося перанесці за круглы стол у Старасвержанскі цэнтр культуры. Фармат размовы быў вызначаны як адкрыты дыялог. Што гэта значыць? Адкрытыя выказванні, слушныя прапановы, зацікаўленае абмеркаванне – усё тое, што можа быць карысна для абодвух бакоў.  

З прывітальным словам звярнуўся да моладзі Юрый Горлаў:

– Вы ўсе працуеце ў розных сферах, і ў вашым жыцці ўсё наперадзе. Першы працоўны год абяцае быць асабліва пазнавальным і цікавым. На Стаўбцоўшчыне вы набудзеце тое, што спатрэбіцца ў вашым жыцці. Будзем рады, калі вы замацуецеся ў Стаўбцоўскім раёне, створыце тут свае сем’і. Стаўбцоўшчына багатая на цікавых людзей, традыцыі. Яна мае перспектыву ў плане развіцця прамысловасці, сельскай гаспадаркі, удасканалення сістэмы аховы здароўя. Раёну патрэбны творчыя людзі. Чакаем ад вас ініцыятывы, гатовы падзяліцца парадай і вопытам. Будучае – за вамі!

Як складваецца жыццёвая дарога маладых спецыялістаў расказаў на ўласным прыкладзе першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Дзяніс Колясень. Так, ужо ў 22 гады ён быў прызначаны галоўным інжынерам сельгаставарыства, у 26 – дырэктарам сельгаставарыства, у 30 – першым намеснікам старшыні райвыканкама. Пра магчымасці росту па службовай лесвіцы, асабліва ў прыярытэтнай сферы сельскай гаспадаркі, гаворыць сярэдні ўзрост кіраўнікоў сельгаставарыстваў раёна. Ён складае 36 гадоў.    

Жыллёвае пытанне

На сустрэчы маладыя спецыялісты, а некаторыя з іх прыехалі на працу не адны, а ўжо з мужам ці жонкай, у некаторых ёсць дзеці, слушна ўзнімалі жыллёвае пытанне.

У райцэнтры, як адзначыў Юрый Горлаў, кожны год узводзяцца шматкватэрныя жылыя дамыя, дзякуючы чаму ўзнік новы мікрараён. І ў гэтым годзе плануецца здаць два жылыя дамы. За бюджэтныя сродкі ўведзены ў эксплуатацыю пасля рэканструкцыі інтэрнат для медыцынскіх работнікаў. Жыллёва-будаўнічыя кааператывы, як вядома, у рэспубліцы ўжо не фарміруюцца. Будаўніцтва жылля вядзецца паводле дзяржзаказу, і на яго атрыманне прэтэндуюць тыя, хто стаіць у чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў. Як патлумачыла начальнік аддзела ЖКГ Любоў Жыбуль, у першую чаргу гэта сем’і, у якіх выхоўваюецца чацвёра, трое дзяцей, яны знаходзяцца ў чарзе з 2011 года.

Прасцей вырашаецца жыллёвая праблема ў сельскай мясцовасці. Акрамя работнікаў сельскай гаспадаркі, права на прадастаўленне жылля, пабудаванага паводле дзяржаўнай праграмы, маюць і работнікі сацыяльнай сферы. У іх праз дзесяць гадоў ёсць права выкупу такога жылля на льготных умовах (з растэрміноўкай выплат льготнага крэдыту на 40 гадоў).

Дарэчы, на злёт была запрошана прадстаўнік Беларусбанка Марына Курдун, якая расказала аб дзяржаўнай падтрымцы маладых спецыялістаў, якія накіраваны на працу не па месцы жыхарства бацькоў у арганізацыі, што фінансуюцца з бюджэту, у выглядзе льготнага крэдыту.

Сям’я медыкаў, якая накіравана на працу ў сельскую мясцовасць і якой ЦРБ прадаставіла ў Цеснавой ведамасны дом, цікавілася «постчарнобыльскімі» льготамі.    

Пытанне адпачынку

Куды схадзіць, каб весела правесці вольны час ці, да прыкладу, пазнаёміцца з кімсьці для стварэння сям’і?

Сапраўды, для Стоўбцаў гэта праблема. У нас няма сучаснага кінатэатра. Няма і начных клубаў, як і ў невялікіх гарадах. Была спроба арганізаваць на танцпляцоўцы дыскатэку, падобную да сталічных.

– Мы думаем, як вырашыць гэтую праблему, – зазначыў Юрый Горлаў і падзяліўся некаторымі напрацоўкамі: – Райвыканкам паўторна выстаўляе на аўкцыён свабодную пляцоўку ў цэнтры горада, паміж касцёлам і скверам, дзе хацелася б бачыць гандлёва-забаўляльны цэнтр з кінатэатрам, боўлінгам, кафэ для дзяцей і т. п. Ужо ёсць жадаючыя набыць яе і будаваць такі цэнтр. Уносьце і вы свае прапановы ў рэалізацыю гэтага праекта, – звярнуўся Юрый Горлаў да моладзі.

Але і сёння, пры адсутнасці шматфункцыянальнага гандлёва-забаўляльнага цэнтра, можна думаць, што ў Стоўбцах моладзі ўсё- такі ёсць куды пайсці. Гэта фізкультурна-аздараўленчы комплекс, які быў уведзены ў эксплуатацыю ў 2015 годзе. Тут можна гуляць у футбол, плаваць, займацца ў трэнажорнай зале, хадзіць на заняткі барацьбы і т. п. (усе гэтыя магчымасці моладзь пабачыла падчас экскурсіі ў ФАК), ствараць свае каманды і клубы.

– ФАК варта часцей наведваць і, магчыма, менавіта тут знаходзіць сабе сяброў, спадарожнікаў жыцця, – мяркуе Юрый Горлаў. Каб зняць транспартную праблему для сельскай моладзі, падтрымана прапанова арганізаваць з дапамогай сельгасарганізацый, прафсаюзных камітэтаў цэнтралізаваныя выезды жадаючых займацца ў ФАКу. Абмяркоўваючы пытанні павышэння якасці адпачынку моладзі, вырашана развіваць традыцыю правядзення турысцкіх злётаў працоўнай моладзі Стаўбцоўшчыны. Адназначна, што ў наступным годзе турзлёт павінен быць беспрэцэдэнтна масавым, таму што маладыя спецыялісты падтрымалі ініцыятыву: ад кожнай арганізацыі, дзе яны працуюць, будзе прадстаўлена свая каманда.    

Намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Шэсцель запрасіў усіх жадаючых ва ўстановы культуры раёна (іх – 45), дзе можна знайсці прымяненне сваім здольнасцям у плане вакальнай, тэатральнай, мастацка-прыкладной і іншай творчасці. А патрэба ў талентах вялікая, таму што хутка пачнецца падрыхтоўка Стоўбцаў да 425-гадовага юбілею, які прыпадае на 20 чэрвеня 2018 года.

Вынікі і пажаданні

Асобнай тэмай на раённым злёце можна вылучыць зварот да грамадскай пазіцыі маладых спецыялістаў. Ім нельга зацыклівацца толькі на рабоце, трэба быць лідарам, ініцыятарам у сваім калектыве. Гэта адна з першых умоў не толькі для самарэалізацыі, але і, безумоўна, для знаходжання свайго месца ў жыцці, паспяховай будучыні. Пра ўдзел у грамадскім жыцці раёна, і не толькі, расказалі актывісты БРСМ Наталля Пучко (загадчыца Вішнявецкай амбулаторыі, удзельніца ІІ Рэспубліканскага форуму сельскай моладзі, конкурсу «Малады лідар Міншчыны» і інш.) і Дзяніс Пашкевіч (намеснік начальніка службы Стаўбцоўскіх электрасетак, удзельнік каманды КВЗ «Кароткае замыканне»).

Уражанні ад раённага злёту засталіся надзвычай пазітыўныя, таму, напэўна, і прагучала прапанова часцей сустракацца разам – як моладзі, так моладзі і органам мясцовай улады.

– Вы – будучае раёна і нашай краіны. Упэўнены, што вы не падведзяце, – прагучаў наказ маладым спецыялістам.

Будзем усе разам працаваць!  

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *