І плюс да ўсяго – усмешка

Людзі і лёсы Нумары

27Калі заходзіш у комплексна-прыёмны пункт аграгарадка Новая Вёска, першае, на што звяртаеш увагу, –  такая вось адкрытая ўсмешка Наталлі Цімашэнка. І толькі потым  заўважаеш адмысловы парадак усюды – прыгожа аформленыя вітрыны з таварам, з густам створаны інтэр’ер, дзверы з шыльдай «Цырульня».

– Так, я працую не толькі прыёмшчыцай заказаў у вяскоўцаў, але і цырульнікам, –  на нашу цікаўнасць заўважае Наталля Мікалаеўна. – У нас створаны ўсе ўмовы для работы цырульніка: асобны пакой, ёсць воданагравальнік для мыцця валасоў.

Як мы даведаліся, Наталля Цімашэнка закончыла ў свой час Гродзенскі прафесіянальна-тэхнічны каледж бытавога абслугоўвання, дзе і атрымала спецыяльнасць цырульніка. І цяпер кіраўніцтва раённага камбіната бытавога абслугоўвання прыцягвае Наталлю Мікалаеўну аказваць паслугі цырульніка не толькі ў Новай Вёсцы, але і з выездам у іншыя сельскія населеныя пункты раёна. На сваім жа ўчастку Наталля Цімашэнка абслугоўвае жыхароў Асіпаўшчыны, Варацішча, Дзярэчынцаў, Падлесся, Вялікага Двара і Новай Вёскі. Яна практыкуе выязную форму работы. Да нямоглых людзей можа паехаць дамоў і пастрыгчы ці забраць бялізну ў пральню.

Комплексна-прыёмны пункт аказвае ўсе сацыяльна значныя паслугі, агавораныя прэйскурантам. Вяскоўцы могуць на месцы зрабіць заказ на індывідуальны пашыў адзення ці яго рамонт, на рамонт абутку, бытавой тэхнікі, тэлерадыёапаратуры, здаць бялізну ў пральню. У комплексна-прыёмным пункце ёсць аддзел рытуальных паслуг. І калі ў каго здараецца патрэба зрабіць тэрмінова пакупкі, Наталля Мікалаеўна можа абслужыць людзей у любы час сутак.

Комплексна-прыёмны пункт прапаноўвае наведвальнікам шырокі асартымент швейных тавараў уласнай вытворчасці камбіната бытавога абслугоўвання, а таксама іншыя прамысловыя тавары першай неабходнасці.

Мы пранікліся сімпатыяй да Наталлі Цімашэнка, хоць пагутарылі з ёю мінут 15. Прыветлівая, камунікабельная, простая, яна падкупляе сваёй абаяльнасцю. Канешне ж, узнікла пытанне: як здарылася так, што са сваёй спецыяльнай адукацыяй, такая маладая яна працуе ў сельскай мясцовасці? Аказваецца, маладая сям’я Цімашэнкаў атрымала некалі дом, узведзены па дзяржаўнай праграме падчас будаўніцтва аграгарадка Новая Вёска. Гэты дом Цімашэнкі прыватызавалі. Муж Наталлі Мікалаеўны працуе ў ААТ «Вялікі Двор» механізатарам, дзеці наведваюць мясцовую школу і дзіцячы сад. Так што для Цімашэнкаў – гэта родныя мясціны. І Наталля Мікалаеўна з радасцю аддае людзям свой прафесіяналізм, уменне, імкнецца зрабіць жыццё вяскоўцаў больш камфортным і ўладкаваным.

Лана СВЯТЛІЦКАЯ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *