Сярод нас

Людзі і лёсы Нумары Соцыум

ЖЫЦЦЁ ДАЎЖЭЙ ЗА ВЕК

На Стаўбцоўшчыне трое жыхароў перасягнулі 100-гадовы ўзрост. Самай старэйшай, Надзеі Міхайлаўне Ярашэвіч з Пагарэлага, у гэтым годзе спаўняецца 107. Івану Юльянавічу Чарняцу з Налібакаў пайшоў 104-ы год, а Марыя Фёдараўна Шыманская з Падлесся адзначыла летась сваё стагоддзе.

У Падлессе, да самай «маладой» сярод старажылаў Стаўбцоўшчыны, мы і завіталі разам з работнікамі тэрытарыяльнага цэнтра напярэдадні Дня пажылых людзей. Для яе, як і для іншых стагадовых жыхароў раёна (усе яны знаходзяцца на надомным абслугоўванні), тэрытарыяльны цэнтр падрыхтаваў падарунак – камплект пасцельнай бялізны.

На парозе сустрэла і запрасіла ў дом адна з дачок Марыі Фёдараўны, Людміла. Яна прызнаецца, што Дзень пажылых людзей і да яе мае непасрэднае дачыненне, хоць па выглядзе рухавай і інтэлігентнай жанчыны гэтага ніяк не скажаш. Ды і яе матуля, якой за сто, не можа не здзівіць жаноцкасцю, ясным поглядам, усмешкай на вуснах…

Звяртаем увагу, што сядзіба Марыі Фёдараўны Шыманскай – акуратная, па-гаспадарску дагледжаная. Апрацаваны агарод. За плотам узвышаецца цяпліца з памідорамі. На фасадзе дома дзеці пакінулі адмысловую таблічку – памяць пра бацьку, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны.

– Мужу выпала служыць шэсць гадоў, да 1946 года. Яго прызвалі ў 1940-м, як мы толькі пажаніліся, – з ахвотай расказвае Марыя Шыманская. – Усе гэтыя гады жыла са свякроўю. Трымалі вялікую гаспадарку. Прыйшлося працаваць з цэпам, касою, бараною. Гэта не забываецца… У 1941-м, калі пачалася вайна, у нас якраз нарадзіўся сын-першынец.

– Вы з мужам абое з Падлесся, тут і вілі сваё сямейнае гняздо?

– Гэта хата мужавых бацькоў. Перавезлі яе з хутара. У Падлессі нам далі пляц, і акурат па суседству з мужавым братам. У 1964 годзе перасяліліся з хутара. Працавалі ў калгасе. Я – у паляводстве, муж – у будаўнічай брыгадзе, цялят адзін час даглядаў. Людзі тады падстройваліся да жыцця. Па дзве каровы трымалі, цялят, свіней, гусей… Усім траім дзецям далі вышэйшую адукацыю. Яны – мая гордасць, радасць. Жывуць у Мінску, але глядзяць мяне. Прыязджаюць і сын, і дочкі. Чаго ж хацець? Доўжаць мой век.

– Ваш працяг – гэта і ўнукі, праўнукі. Колькі іх у вас?

– Трэба лічыць (смяецца). Унукаў – шэсць. Праўнукаў – дзевяць. Самаму маленькаму, Вадзіму, – каля трох гадоў, самай старэйшай, Насці, – 20. Яна вучыцца ў лінгвістычным універсітэце, пабывала на конкурсах прыгажосці і паказах у Японіі, Карэі, Кітаі. Усе да мяне прыязджаюць, звоняць. Вось яны тут усе, на фотапартрэтах.

– Марыя Фёдараўна, адчуваеце свой узрост?

– Зразумела. У гэтым годзе ўжо не магу падняць вядро. А трэба попел з печкі выносіць. Зімаваць еду ў кватэру да дачкі. У мінулым годзе паехала позна – 20 лістапада, а сёлета, напэўна, з-за стану здароўя прыйдзецца раней. У Мінску мяне абходжваюць з усіх бакоў, дапамагаюць апранацца, прапануюць усё лепшае, а я сумую па сваёй вёсцы, роднай хаце… Маіх равеснікаў ужо нікога няма ў жывых. Жыве праз дзве хаты Валянціна Сямёнаўна Марзалюк. Ёй за 90. У вайну была вязнем фашысцкага канцэнтрацыйнага лагера. З ёю сустракаемся іншым разам.

– Да вас прыходзіць і сацыяльны работнік.  

– Двойчы на тыдзень. Дапамагае мне Ларыса Калоша і, калі што, яе дачка Таццяна, паштальён у нашай вёсцы, заходзіць. Дроў, брыкету ў печку прынясе, вады. Калодзеж на вуліцы, але сын прыладзіў маторчык, таму вада цяпер у двары. Прывозіць прадукты, таблеткі. Вып’еш лякарства, палягчэе – здаецца, жыў бы і далей…

Мы запыталі ў Людмілы пра яе даччыны пачуцці. Яна сама даўно бабуля, умудроны жыццёвым вопытам чалавек. І Людміла падзялілася: «Калі кажу сваім знаёмым, што маёй маме 100 гадоў, усе ў адзін голас: «Якая ты шчаслівая!» Сапраўды, матуля звязвае нас і нашы сем’і паміж сабою. Гэта сувязь вельмі цесная, і яна прыводзіць нас у бацькоўскі дом».      

…Глядзіш на Марыю Фёдараўну, жыццё якой перасягнула век, і скрозь тоўшчу часу ўяўляеш простую вясковую працаўніцу, сціплую і адданую сям’і, цярплівую да перажытага, нястомную, напорыстую, светлую… Адну з падлескіх мадонаў, духоўнасць якой не блякне пад цяжарам узросту.

На здымку: з падарункам да 101-гадовай жыхаркі вёскі Падлессе Марыі Шыманскай – інспектар тэрытарыяльнага цэнтра Таццяна Місюкевіч.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 

З БАЯВЫМІ ЗАСЛУГАМІ

Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны Міхаіл Міхайлавіч Валько адзначыў у верасні свой 95-гадовы юбілей. Павіншаваць яго з гэтай падзеяй прыехала ў Мікалаеўшчыну вялікая дэлегацыя гасцей.

У Міхаіла Міхайлавіча, які трымаецца малайцом і імкнецца не паддавацца гадам, сам сябе ва ўсім абслугоўваць, адметная баявая біяграфія. У гады вайны ён па-геройску партызаніў у атрадзе «25 гадоў Кастрычніка» брыгады імя Ракасоўскага, за што адзначаны двума медалямі «За баявыя заслугі». Пасля вайны прысвяціў сябе нялёгкай працы ў сельскай гаспадарцы.

Невыпадкова, што з віншаваннямі да свайго былога работніка прыйшлі прадстаўнікі ААТ «Радзіма Якуба Коласа». Далучыўся да іх і старшыня Мікалаеўшчынскага сельвыканкама Анатоль Мядзведзь. Старшыня раённага савета ветэранаў Іосіф Язвінскі ўручыў віншавальны адрас. Разам з ім да ветэрана прыехала намеснік дырэктара – начальнік аддзела рознічнага бізнесу ЦБУ № 624 філіяла № 500 – Мінскага ўпраўлення ААТ «ААБ Беларусбанк» Алена Бондар.

– Міхаіл Міхайлавіч – у ліку кліентаў нашага банка і… яго равеснік. Беларусбанку, як і Міхаілу Міхайлавічу, спаўняецца сёлета 95. Адмыслова да гэтай даты мы праводзім розныя адметныя акцыі. Нашы работнікі падрыхтавалі для Міхаіла Міхайлавіча памятны падарунак, – расказала Алена Бондар.          

Прыемна ўсведамляць, што ў шаноўнага ветэрана склаўся моцны дамашні тыл. Дзеці і ўнукі любяць яго, апякуюцца над ім. На халодны перыяд года дачка забірае бацьку да сябе.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 

ВОСЕНЬСКІЯ СУСТРЭЧЫ

Цэнтр банкаўскіх паслуг № 624 ААТ «ААБ Беларусбанк» працягвае добрую традыцыю арганізацыі восеньскай сустрэчы для сваіх ветэранаў, якія знаходзяцца цяпер на заслужаным адпачынку.

Усе, хто працаваў у райцэнтры і ў сельскіх банкаўскіх аддзяленнях, атрымалі запрашэнне на ўрачыстаць. Абставіны і стан здароўя дазволілі прыбыць 21 чалавеку.

Дырэктар цэнтра Людміла Стралкоўская і іншыя супрацоўнікі цёпла і гасцінна прынялі шаноўных гасцей. Былым супрацоўнікам цэнтра было цікава даведацца аб жыцці калектыву. Сустрэча дала ім магчымасць пагутарыць, абмяняцца сваімі навінамі. Усе атрымалі зарад бадзёрасці.

Пр

 

ВЫЕЗД У НАЛІБАКІ

На базе Налібацкага дома культуры прайшла выязная сустрэча пажылых вяскоўцаў з удзельнікамі хору народнай песні «Родны кут», што створаны ў тэрытарыяльным цэнтры.

– Пры аддзяленні дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту дзейнічае не толькі хор з цудоўнымі салістамі, як Лілія Хамко, Іван Клімовіч, Мікалай Шэндзік, Тамара Данец, Ніна Захаранкава, Таццяна Хамраева, Ядвіга Мамантава, Вера Янушкевіч, Яўгенія Шклярэвіч, але і гурткі дэкаратыўна-прыкладной творчасці, – адзначае загадчык аддзялення Сяргей Есіс. – Таму выступленне хору, які па просьбе гледачоў спяваў нават без акампанемента, дапоўніла выстаўка работ з паперы, атласных стужак, папяровай лазы і т. п. Кіраўнік гуртка Людміла Няверава дала майстар-клас па вырабе са спадручных матэрыялаў вазаў, шкатулак, розных сувеніраў.

На гэтую сустрэчу і налібаччане прыйшлі не з пустымі рукамі – з вышыванымі і вязанымі рэчамі, а таксама з вершамі, гумарэскамі. Сярод іх была і творчая сямейная пара Сцяпана і Лідзіі Фарботкаў. Адмыслова да сустрэчы мастацкі кіраўнік хору Яўген Карпуць падрыхтаваў вершаваны экспромт.          

Адметна, што ў Налібацкім сельсавеце з мінулага года запрацаваў стацыянарны сацыяльны пункт тэрытарыяльнага цэнтра. Узначальвае яго інспектар Наталля Давыдзенка, чалавек надзвычай творчы, якая ў Налібаках таксама кіруе Домам культуры, дапамагае ў грамадскай рабоце свайму мужу, айцу Сергію. Пад яе куратарствам працуюць 12 сацыяльных работнікаў, дзякуючы ім ахоплены сацыяльнай надомнай дапамогай 17 населеных пунктаў, 145 пажылых вяскоўцаў.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 

БУЛЬБУ ДАСТАВІЛІ ВЕТЭРАНАМ

На Стаўбцоўшчыне большасць ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны ўжо атрымала бясплатную бульбу ўраджаю 2017 года.

Згодна з распараджэннем райвыканкама бульбу для ветэранаў вайны выдзелілі ААТ «Рубяжэвічы» і ААТ «Вішнявецкі-агра» (тона і 1,5 тоны адпаведна), сялянская фермерская гаспадарка «Сула» (1,5 тоны). Для кожнага з ветэранаў, якія пражываюць у Стоўбцах і сельскіх населеных пунктах, прадугледжана па 100 кг клубняў. Іх дастаўкай займаюцца раённы савет ветэранаў, сельвыканкамы.

– Вялікая ўдзячнасць ад ветэранаў вайны раёна кіраўнікам названых таварыстваў і фермерскай гаспадаркі «Сула», а таксама дырэктару Стаўбцоўскай ПМК Аляксандру Пашкевічу. Работнікі згаданага прадпрыемства Уладзімір Шымко, Мікалай Мірон і Аляксей Пяткевіч дапамаглі з загрузкай бульбы. Словы ўдзячнасці – і вадзіцелю прыватнага прадпрыемства Віктару Наркевічу, – адзначыў старшыня раённага савета ветэранаў Іосіф Язвінскі.

Пр



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *