Свідравіна без санітарнай аховы

Нумары У райвыканкаме

Зацверджаны план мерапрыемстваў па паляпшэнні забеспячэння жыхароў раёна якаснай і бяспечнай пітной вадой на 2017-2020 гады.

Якасць пітной вады, а таксама санітарна-тэхнічны стан крыніц водазабеспячэння – адно з важнейшых пытанняў, якое ўплывае на здароўе людзей, санітарны дабрабыт і дэмаграфічную бяспеку. Яму надаецца значная ўвага з боку санітарнай і гаспадарчых службаў раёна, органаў мясцовай улады. Чарговы раз гэтае пытанне было разгледжана на пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта, на якім выступілі намеснікі старшыні райвыканкама Дзяніс Колясень і Аляксандр Цывака, а таксама загадчыца аддзела гігіены раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Алена Лойка.

Пасля аналізу інфармацыі прынята адпаведнае рашэнне, якім, у прыватнасці, зацверджаны планы мерапрыемстваў па паляпшэнні забеспячэння насельніцтва раёна якаснай і бяспечнай пітной вадой на 2017-2020 гады і па перадачы водаправодных збудаванняў сельскагаспадарчых прадпрыемстваў на баланс РУП «Стаўбцоўскае АКС».

У пытаннях належнага ўтрымання крыніц цэнтралізаванага водазабеспячэння са станоўчага боку адзначана работа дырэктара ААТ «Торфабрыкетны завод «Нёман» Міхаіла Камейшы, начальніка вытворчага цэха № 9 (п. Школьны) ААТ «Мінск Крышталь» – кіруючая кампанія холдынга «Мінск Крышталь Груп» Вацлава Рубліка. Разам з тым, далёка не ўсе прадпрыемствы ўтрымліваюць у парадку зоны санітарнай аховы артэзіянскіх свідравін, і ў гэтым плане прызнана недастатковай работа кіраўнікоў ААТ «Шашкі», ААТ «Рочавічы», ААТ «Вішнявецкі-агра», ААТ «Агранёманскі», СГФ «Аталезь-агра» ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс». Кіраўнікам ААТ «Жацерава», ААТ «Радзіма Дзяржынскага», ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс», РУП «Стаўбцоўскае АКС» даручана да 1-га верасня 2018 года распрацаваць праекты зон санітарнай аховы артсвідравін. У ліку першачарговых задач ААТ «Шашкі», ААТ «Дзераўное», ААТ «Жацерава», ААТ «Рочавічы», ААТ «Радзіма Дзяржынскага», ААТ «Вялікі Двор» – ажыццяўленне прамыўкі водаправодных сетак і збудаванняў.

У раёне неабходна актывізаваць работу па перадачы водаправодных збудаванняў сельгаспрадпрыемстваў на баланс аб’яднання камунальных службаў. Да 1-га верасня 2018 года павінны быць перададзены артсвідравіны і водаправодныя сеткі, якія забяспечваюць пітной вадой жыхароў такіх населеных пунктаў, як Мешычы, Куль і Заменка (ААТ «Радзіма Дзяржынскага»), Апечкі і Жукаў Барок (СГФ «Аталезь-агра»), Шашкі, Гуменаўшчына і Старына (ААТ «Шашкі»), Ператокі і Стары Свержань (ААТ «Агранёманскі»), Савоні, збожжасклад (ААТ «Жацерава») і інш.  

Указана і аб’яднанню камунальных службаў на павышэнне якасці ўтрымання водаправодных сетак. Прадпрыемству для гэтага неабходна рэалізаваць шэраг праектаў. Так, запланаваны на 2018 год капітальны рамонт артсвідравіны ў Старым Свержані, будаўніцтва артсвідравіны і станцыі абезжалезвання ў Вішняўцы, на 2019 год – будаўніцтва станцыі абезжалезвання ў Горках і артсвідравіны ў Мікалаеўшчыне, на 2020 год – будаўніцтва станцыі абезжалезвання ў Рубяжэвічах. На працягу 2018-2020 гадоў будзе ажыццяўляцца рэканструкцыя водазабора «Альхоўка», з якога, як вядома, вада паступае ў дамы і кватэры жыхароў райцэнтра.  

Да 1-га снежня бягучага года старшыням сельскіх выканаўчых камітэтаў сумесна з камунальнікамі неабходна правесці інвентарызацыю калодзежаў, якія знаходзяцца ў сельскіх населеных пунктах на землях агульнага карыстання, па выніках чаго вызначыць адказных за іх эксплуатацыю.

Падрыхтавала Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *