Пабывалі ў Міры

Нумары Паездкі, экскурсіі

Пажылыя людзі, якія наведваюць тэрытарыяльны цэнтр, аб’ездзілі з экскурсіямі не толькі Стаўбцоўшчыну, а і суседнія раёны. Адна з апошніх паездак прывяла іх у г. п. Мір.

Кіраўніцтва Мірскага замка дало дабро на бясплатнае наведванне і экскурсійнае абслугоўванне групы стаўбчан. Малады экскурсавод Сяргей правёў цікавае знаёмства з гісторыяй замка, яго музейнымі заламі. Затым наведвальнікі клуба «Жывое слова» пры аддзяленні дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту прайшліся па парку, у якім знаходзіцца капліца-пахавальня былых уладальнікаў замка, князёў Святаполк-Мірскіх. Калі ехалі ў Мір, загадчык аддзялення Сяргей Есіс нагадаў міфы і легенды, звязаныя з замкам.

Далей экскурсанты перамясціліся ў гістарычную частку пасёлка Мір, у мінулым – шматнацыянальнага культурнага і рэлігійнага цэнтра. Сведчаннем служаць будынкі сінагогаў, іешывы, дзе вялася падрыхтоўка равінаў з усёй Еўропы. Апошнім часам да гістарычных каштоўнасцяў далучаны і прыватны музей Віктара Сакеля «Мірскі пасад», бясплатную экскурсію па якім правёў сам стваральнік. Своеасаблівым сюрпрызам стала знаёмства са старадаўнім касцёлам святога Мікалая, дзе сустрэла сястра Марына. У цішыні храма яна правяла пранікнёную гутарку, поўную высокай духоўнасці.

Напрыканцы быў прывал на прыродзе. Цудоўная магчымасць абмяняцца ўражаннямі пад дэгустацыю сокаў і нектараў ад даўняга сябра аддзялення, Стаўбцоўскага філіяла ААТ «Гарадзейскі цукровы камбінат».

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *