Наша моладзь

Моладзь Стаўбцоўшчыны Нумары

1410f

ФЕСТЫВАЛЬ МОЛАДЗІ Ў СОЧЫ

Сёння ў горадзе Сочы пачынае сваю работу ХІХ Сусветны фестываль моладзі і студэнтаў. Сярод яго дэлегатаў ёсць і прадстаўнікі Стаўбцоўшчыны.

Права ўдзелу ў гэтым маладзёжным форуме выпала загадчыцы Вішнявецкай амбулаторыі Наталлі Пучко, намесніку начальніка службы Стаўбцоўскіх электрасетак Дзянісу Пашкевічу і культработніку Анастасіі Усевіч. Усе яны працуюць у абсалютна розных сферах, але аб’ядноўваюць іх актыўная жыццёвая пазіцыя, інтарэс да грамадскай дзейнасці, лідарскія якасці. Да прыкладу, урач Наталля Пучко праводзіць на сваім участку асветніцка-прафілактычную работу і прэзентавала свой праект па ўкараненні здаровага ладу жыцця на ІІ Рэспубліканскім форуме сельскай моладзі. Энергетык Дзяніс Пашкевіч – заўзяты «кэвээншчык», які высякае іскры гумару ў камандзе «Кароткае замыканне». Анастасія Усевіч – валанцёр і лаўрэат ІІ Адкрытага конкурсу маладых выканаўцаў «Беларускія таленты», пераможца інфармацыйна-адукацыйнага праекта «Эрудыт-шоу. Светлыя галовы».

Вядома, што ўдзельнікамі ХІХ Сусветнага фестывалю моладзі і студэнтаў сталі больш за дваццаць тысяч маладых людзей з розных краін свету ва ўзросце ад васямнаццаці да трыццаці пяці гадоў. На адной пляцоўцы сабраліся прадстаўнікі маладзёжных грамадскіх арганізацый і палітычных партый, лідары студэнцкага самакіравання, маладыя журналісты, вучоныя і прадпрымальнікі, творчая і спартыўная моладзь.  

Праграма форуму, які будзе доўжыцца да 21 кастрычніка, уключае ў сябе рознабаковыя накірункі. Да прыкладу, дыскусійны прапануе паразважаць на тэмы «Глабальная палітыка і яе парадак дня: як абараніць мір», «Тэхналогіі будучага», «Культура свету», «Грамадзянская платформа развіцця», «Індустрыі будучага», культурны – адкрыць для сябе міжнародную маладзёжную кінапрэмію «Кінакампус», інтэрактыўную бібліятэку, стрыт-арт фестываль «Свабодная вуліца», прастору «Тэатр», міжнародны фестываль моды (нацыянальныя стылізаваныя касцюмы), спартыўны – паспрабаваць сябе ў нацыянальных відах спорту, акрабатычным рок-н-роле, варкаўце, экстрэмальных відах спорту, спартыўнай эстафеце і т. п.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 

ПРАВАСЛАЎНАЯ ГРУПА «ВКОНТАКТЕ»

Епіскап Маладзечанскі і Стаўбцоўскі Павел благаславіў пачынанне праваслаўнай стаўбцоўскай моладзі – зносіны ў інтэрнэце»ВКонтакте».

У памяшканні нядзельнай школы пры кафедральным саборы святой праведнай Ганны адбыўся сход праваслаўнай моладзі. Сустрэча праходзіла пад старшынством благачыннага, ключара сабора протаіерэя Аляксандра Марцінчыка.

Духоўнікам групы праваслаўнай моладзі назначаны іерэй Георгій Кур’ян, які будзе акармляць маладзёжны рух, зносіны «ВКонтакте».

Айцец Аляксандр выказаў пажаданне, каб зносіны моладзі ў групе былі карыснымі, служылі духоўнаму ўзрастанню, аб’ядноўвалі тых, хто раз’ехаўся. Напрыклад, праваслаўныя маладыя людзі атрымалі благаславенне на вучобу ў стаўбцоўскім храме, а пасля заканчэння вучобы атрымалі размеркаванне ў іншыя вобласці. Пастыр зрабіў акцэнт на тым, каб гэты маладзёжны рух садзейнічаў яднанню ў Хрысце, духоўнай самаадукацыі, служыў падтрымкай у розных жыццёвых абставінах, садзейнічаў таму, каб кожны імкнуўся дасягнуць вяршыні хрысціянскіх дабрадзейнасцяў – навучыцца любіць адзін аднаго чыстай Бажэственнай любоўю, нягледзячы на рознасць поглядаў.

У групе праваслаўнай стаўбцоўскай моладзі «ВКонтакте» ўжо зарэгістравана больш за 140 падпісчыкаў. Па аднадушным жаданні моладзі кіраўніком групы выбраны навучэнец Мінскага духоўнага вучылішча Вадзім Цвірка.

Святлана ЖЫБУЛЬ

 

У МАЁЙ СЯМ’І

Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны запрашае вучняў 5-11 класаў прыняць удзел у конкурсе эсэ «Гісторыя Стаўбцоўшчыны і мая сям’я».

Вучням прапаноўваецца напісаць цікавую гісторыю з жыцця сям’і і продкаў на Стаўбцоўшчыне.

Работы прымаюцца да 20 кастрычніка на электронны адрас stoubcytbm@gmail.com. Палажэнне аб конкурсе змешчана ў суполцы «Таварыства беларускай мовы. Стоўбцы» ў сетках «ВКонтакте», «Одноклассники», Facebook.

Пераможцаў чакаюць прызы – электронная кніга, паўэрбанк, фітнес-бранзалет.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *