Упрыгожвае ордэн Маці

Нумары У райвыканкаме

1410a

На раённым Тыдні маці захоўваецца выдатная традыцыя – прыём жанчын, узнагароджаных ордэнам Маці, старшынёю раённага выканаўчага камітэта Юрыем Горлавым.

У нашым раёне 528 шматдзетных сем’яў, у якіх выхоўваюцца 1718 непаўналетніх дзяцей. У 426 сем’ях – трое дзяцей, у 79 – чацвёра, у 20 – пяцёра, у дзвюх – шасцёра, у адной – сямёра.

Шматдзетныя бацькі Стаўбцоўскага раёна актыўна звяртаюцца ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, каб рэалізаваць сваё права на прызначэнне сямейнага капіталу. З 2015 года для падтрымкі шматдзетных сем’яў пры нараджэнні (усынаўленні, удачарэнні) трэцяга і наступнага дзіцяці з бюджэту краіны выдзяляюць 10 тысяч долараў.

З пачатку года пададзена ўжо 75 заяў. У мінулым годзе для назначэння сямейнага капіталу звярнуліся 95 сем’яў, у 2015 годзе – 79.

Юрый Мікалаевіч цёпла павіншаваў жанчын, адзначыў іх подзвіг мацярынства. На гэтай сустрэчы на высокім узроўні было да месца падзяліцца прыемнымі навінамі, якія адбыліся на Тыдні маці. Гэта адкрыццё ў райцэнтры новых дзіцячых ясляў-сада з басейнам і іншымі выдатнымі ўмовамі для развіцця дзяцей, іх навучання і выхавання. Пасля капітальнага рамонту адбылося адкрыццё дзіцячага аддзялення ў цэнтральнай раённай бальніцы, якое прэтэндуе па аснашчанасці, інтэр’еру і дызайну лічыцца лепшым у вобласці. Юрый Мікалаевіч зрабіў акцэнт, што дзяржаўная палітыка накіравана на пад’ём нараджальнасці, паляпшэння дэмаграфічнай сітуацыі ў нашай краіне, на падтрымку сем’яў, што стымулюе да новых нараджэнняў. Прыкладам можа служыць і наш раён, дзе значна павялічылася колькасць сем’яў, у якіх выхоўваюцца трое і больш дзяцей. Старшыня райвыканкама адзначыў, што прыемна падпісваць рашэнні аб назначэнні ім сямейнага капіталу.

Гэтая сустрэча за салодкім сталом у добразычлівай сямейнай абстаноўцы адметная тым, што цэнтрам урачыстасці становяцца жанчыны, якіх заўсёды цікава паслухаць, парадавацца іх сямейным падзеям. Тон у гутарцы з душэўным зваротам да жанчын, паважлівымі адносінамі да іх задала дырэктар раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Святлана Блашко.

Нам таксама прыемна пазнаёміцца з ардэнаносцамі. Сям’я Аляксандра і Алены Новік з Засульскага сельсавета выгадавала шасцярых дзяцей. Яны ўжо ўсе дарослыя. Тры дачкі сталі педагогамі і выдатна рэалізуюць сябе ў гэтай прафесіі. Яшчэ адна дачка і два сыны таксама маюць ці атрымліваюць вышэйшую адукацыю. Сям’я разрастаецца ўнукамі. Прыстойнае жыццё дзяцей, радасць за іх – самая вялікае багацце для прыгожай, сціплай, інтэлігентнай Алены Віктараўны. Цяпер яна ўзяла на сябе дачэрні клопат пра сваю свякроў, якой 90 гадоў. Гэта выдатны прыклад, бо дзеці вучацца таму, што бачаць у сябе дома. Аб гэтым гаварылі ўсе ўдзельнікі гутаркі за святочным сталом.

Валянціне Рэзнік з Грабёнаўшчыны таксама ёсць чым пахваліцца. Усе яе пяцёра дзяцей закончылі навучальныя ўстановы, маюць выдатныя спецыяльнасці, запатрабаваныя ў прафесіі. Валянціна Мікалаеўна і Уладзімір Мікалаевіч шчаслівыя мець ужо дзесяцярых унукаў.

Алена Высоцкая з Тонава і яе муж Іосіф Казіміравіч таксама багатыя сваімі дастойнымі пяццю дзецьмі. Трое з іх ужо дарослыя, маюць свае сем’і, двое малодшых з’яўляюцца студэнтамі вышэйшых навучальных устаноў. Алена Станіславаўна падкупіла ўсіх сваёй шчырасцю, расказала, як дружна вядуць яны з мужам дамашнюю гаспадарку, каб было чым сустрэць і з чым адправіць дзяцей. Алена Станіславаўна можа справіцца і з дамашняй тэхнікай, сесці за руль трактара. Такім прызнаннем яна выклікала захапленне ўдзельнікаў сустрэчы.

Вольга Грышан з Янкавічаў зрабіла акцэнт на тым, што яны з мужам Іосіфам Рыгоравічам вялікае значэнне надаюць духоўнаму выхаванню дзяцей, навучанню іх жыць па запаведзях Божых. Двое іх сыноў ужо маюць свае сем’і, двое з’яўляюцца студэнтамі вышэйшых навучальных устаноў, дачка Анастасія – дзесяцікласніца Дзераўнянскай СШ.

Ірына Поклад з Цеснавой-1 з мужам Андрэем Часлававічам выхоўваюць пяцярых непаўналетніх дзяцей – траіх школьнікаў і дваіх дашкольнікаў. Прыемна было слухаць, як характарызавалі Ірыну Міхайлаўну. Яна працуе паштальёнам. Ёй давалі характарыстыку як вельмі сціплай, простай, уважлівай да людзей, што паслужыла ёй займець аўтарытэт у вёсцы, павагу людзей. І сапраўды, гэтыя якасці вельмі ўпрыгожваюць Ірыну Міхайлаўну, як і ўсякую жанчыну. Такой характарыстыкі заслугоўваюць і ўсе маці, якія былі запрошаны на гэтую ўрачыстасць.

Вельмі прыгожа расказала пра сваю сям’ю Вольга Каршакова з Заямнага. Яна падняла аўтарытэт свайго мужа Яўгена Яўгенавіча, адзначыўшы, што ён з’яўляецца галавою сямейства, выдатна спраўляецца з гэтай задачай, надзейная апора сям’і. У Каршаковых адзін сын ужо працуе самастойна, дачка і сын – студэнты, ёсць яшчэ школьнік і дашкольніца.

Некаторыя дзяліліся сямейнымі планамі, што іх дзеці выбралі для паступлення сельскагаспадарчыя ВНУ. Юрый Горлаў зрабіў акцэнт на тым, што вёска чакае адукаваных маладых людзей, кваліфікаваных спецыялістаў, і ў сельскай мясцовасці ёсць шмат прыярытэтаў перад горадам жыць у здаровым прыродным асяроддзі. Юрый Мікалаевіч падзяліўся такой радасцю: у гэтым годзе ў наш раён у розныя сферы прыбылі 170 маладых спецыялістаў – самая вялікая колькасць за апошнія 10 гадоў.

Арганізатары гэтай сустрэчы пастараліся сагрэць жанчын любоўю, на памяць аб урачыстасці ім засталіся падарункі і добры настрой, які яны, як праменьчык дабра і святла, прынясуць у свае вялікія дружныя сем’і.

Святлана ЖЫБУЛЬ

На здымках: Ірына Поклад; Вольга Грышан; Алену Новік віншуе са святам старшыня райвыканкама Юрый Горлаў; Валянціна Рэзнік; Алена Высоцкая; Вольга Каршакова.

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *