З прыярытэтаў – найважнейшы

Нумары Соцыум

1810a

«Ахова мацярынства і дзяцінства – найважнейшы прыярытэт дзяржаўнай сацыяльнай палітыкі» – такая тэма дня інфармавання, які праводзіцца ў чацвер, 19 кастрычніка.

Тэзіс «Моцная сям’я – моцная дзяржава» традыцыйна з’яўляецца адной са стратэгічных асноў, што кансалідуюць беларускае грамадства.

Маці і дзеці – катэгорыі насельніцтва, якія маюць патрэбу ў асаблівай падтрымцы і клопаце з боку дзяржавы, паколькі менавіта ад іх напрамую залежаць будучыня краіны, яе дэмаграфічны статус і працоўны патэнцыял.

У Рэспубліцы Беларусь ахова мацярынства і дзяцінства накіравана на стварэнне дзяржавай неабходных і спрыяльных магчымасцяў для нараджэння, выхавання і абароны дзяцей, іх паўнавартаснага развіцця, а таксама рэалізацыі сям’ёй сваіх функцый у жыцці грамадства.

Дзейнасць дзяржавы ў гэтай сферы ажыццяўляецца па наступных асноўных напрамках: удасканаленне нарматыўнай прававой базы па пытаннях аховы мацярынства і дзяцінства; ахова рэпрадуктыўнага здароўя насельніцтва, стварэнне ўмоў для нараджэння здаровых дзяцей; захаванне здароўя маці і дзяцей; развіццё сеткі ўстаноў аховы здароўя; павышэнне эфектыўнасці сістэмы сацыяльнай абароны маці і дзіцяці, маладых сем’яў.

У Беларусі заканадаўча гарантавана права на аказанне бясплатнай медыцынскай дапамогі ў дзяржаўных установах аховы здароўя на падставе дзяржаўных мінімальных сацыяльных стандартаў. Аказваецца бясплатнае забеспячэнне лекавымі сродкамі дзяцей ва ўзросце да трох гадоў і дзяцей-інвалідаў ва ўзросце да 18 гадоў. Праводзяцца грашовыя выплаты за пастаноўку на ўлік да 12-ці тыдняў цяжарнасці, па цяжарнасці і родах, за нараджэнне дзіцяці. Гарантуецца санаторна-курортнае лячэнне ці аздараўленне дзяцей з выкарыстаннем сродкаў дзяржаўнага сацыяльнага страхавання і рэспубліканскага бюджэту. Развіццё сістэмы падтрымкі сем’яў з дзецьмі прадугледжана Праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2016-2020 гады. Яе практычнае ўвасабленне вядзецца і ў рамках Дзяржаўнай праграмы «Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь».

Сёння ў рэспубліцы паспяхова функцыянуюць 17 рэспубліканскіх навукова-практычных цэнтраў, якія аказваюць профільную медыцынскую дапамогу маці і дзецям. Галоўнай медыцынскай установай у галіне акушэрства і гінекалогіі, неанаталогіі, педыятрыі і медыцынскай генетыкі з’яўляюцца РНПЦ «Маці і дзіця».

У апублікаваным міжнароднай арганізацыяй «Выратуем дзяцей» рэйтынгу «Індэкс мацярынства» Беларусь заняла 25-е месца сярод 179 краін свету і прызнана краінай, камфортнай для мацярынства.

Заканадаўствам Беларусі забяспечваецца дзейсная сістэма сацыяльнай абароны маці і дзіцяці, якая ўключае эканамічныя, сацыяльныя, працоўныя гарантыі і правы, стварае пэўныя ўмовы для іх рэалізацыі.

Для сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей, прадугледжана 11 відаў дзяржаўных дапамог, што адносяцца да трох асноўных груп: па мацярынстве, сямейныя і па часовай непрацаздольнасці па доглядзе дзяцей. Самая значная з іх – дапамога па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да трох гадоў. Яна ўстаноўлена на ўзроўні 35-40% ад сярэдняга заробку па краіне. Так, на 1 жніўня 2017 года сярэдні памер дапамогі па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да трох гадоў склаў каля 300 рублёў. Пры нараджэнні першага дзіцяці аднаразовая выплата складае 1976 руб., пры нараджэнні другога і наступных дзяцей – 2766 рублёў. У нашай краіне ўведзена дадатковая мера падтрымкі шматдзетных сем’яў – «Сямейны капітал».

З 1 ліпеня 2017 года ўступіў у сілу Закон Рэспублікі Беларусь «Аб дзяржаўных дапамогах сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей» у новай рэдакцыі.

Са жніўня 2017 г. ўведзены новыя формы падтрымкі маладых і шматдзетных сем’яў пры будаўніцтве (рэканструкцыі), набыцці жылля.

Значнае развіццё атрымала сістэма сацыяльнага абслугоўвання сем’яў з дзецьмі.

У сістэме органаў па працы, занятасці і сацыяльнай абароне функцыянуюць 146 тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, у тым ліку і Стаўбцоўскі раённы, а таксама цэнтры сацыяльнай дапамогі сям’і і дзецям у Мінску і Гомелі.

У адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь «Аб асновах дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі» адным з асноўных яе напрамкаў з’яўляецца фарміраванне ў моладзі традыцыйных сямейных каштоўнасцяў.

У краіне створана сістэма ранняй прафілактыкі сацыяльнага сіроцтва, якая дазваляе захаваць сям’ю для дзіцяці. Работа па прызнанні дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы і маюць патрэбу ў дзяржаўнай абароне, вядзецца ў цесным міжведамасным узаемадзеянні.

На Стаўбцоўшчыне ў выніку аказання дапамогі дзецям з «цяжкіх» сем’яў на этапе сацыяльна небяспечнага становішча больш за 40% дзяцей штогод здымаюцца з уліку ў сувязі з нармалізацыяй сітуацыі ў сям’і, 63% дзяцей з ліку адабраных у бацькоў паводле рашэнняў камісій па справах непаўналетніх вяртаюцца ў сям’і.

Разам з тым, у выпадках ухілення бацькоў ад выканання абавязкаў па выхаванні дзяцей або злоўжывання бацькоўскімі правамі прымяняецца крайняя мера – пазбаўленне бацькоўскіх правоў. Пры гэтым такія бацькі кампенсуюць выдаткі, затрачаныя дзяржавай на ўтрыманне іх дзяцей.

У 2016 годзе колькасць бацькоў, пазбаўленых бацькоўскіх правоў, у параўнанні з 2011 годам скарацілася на 75%.

На 1 студзеня 2917 г. у раёне агульная колькасць дзяцей-сірот складала 74 дзіцяці, усе яны выхоўваюцца ў замяшчальных сем’ях. У цяперашні час на тэрыторыі раёна ў 15 прыёмных сем’ях выхоўваюцца 23 непаўналетнія, у 32 апякунскіх сем’ях – 41. З 2014 года функцыянуе дзіцячы дом сямейнага тыпу, дзе выхоўваюцца сямёра дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў.

Дзяржава працягвае актыўную дзейнасць па ўдасканаленні сістэмы аховы здароўя маці і дзіцяці, умацаванні інстытута сям’і, павышэнні прэстыжу бацькоўства, развіцці сістэмы падтрымкі сем’яў з дзецьмі і паляпшэнні ўмоў іх жыццядзейнасці, забеспячэнні правоў і законных інтарэсаў дзяцей.

Падрыхтавана аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама на аснове матэрыялаў Інфармацыйна-аналітычнага цэнтра пры Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *