Педагогі: традыцыі, марафон

Адукацыя Нумары

1810b

ПАСВЯЧЭННЕ Ў ПЕДАГОГІ

Ёсць у нашым школьным жыцці традыцыі, якія налічваюць дзясяткі гадоў, а ёсць маладыя, як метадычныя тыдні, марафоны, навуковыя канферэнцыі. Нядаўна адбылася прэзентацыя яшчэ аднаго свята – пасвячэнне ў прафесію. Спадзяёмся, што яно таксама стане добрай традыцыяй у нашай установе адукацыі.

Першы год працы маладога спецыяліста самы цяжкі. Менавіта ў гэты перыяд ён трымае галоўны экзамен – трэба зарэкамендаваць сябе дасведчаным педагогам, які любіць сваю справу, заслужыць павагу дзяцей, калег, бацькоў.

Задача кіраўніцтва ўстановы адукацыі – дапамагчы маладым педагогам адаптавацца ў новым калектыве, зрабіць так, каб яны не расчараваліся ў выбраным шляху.

Педагагічны і вучнёўскі калектывы віталі М. І. Віцько, настаўніка матэматыкі і інфарматыкі, А. В. Сабалеўскую, настаўніка англійскай мовы, А. М. Каспяровіч, настаўніка матэматыкі і астраноміі, М. С. Бараноўскую, настаўніка беларускай мовы і літаратуры, нямецкай мовы. Кожны малады педагог арыгінальна прэзентаваў сябе прысутным, паведаміўшы пра свае інтарэсы, хобі, захапленні. З гэтых прэзентацый мы даведаліся, што да нас прыйшлі яркія, цікавыя, творчыя педагогі.

Маладыя спецыялісты ўрачыста далі клятву педагога, паабяцалі пераняць у вопытных калег самае лепшае і рухацца наперад, захоўваючы традыцыі ўстановы адукацыі і памнажаючы яе поспехі. З віншаваннямі і пажаданнямі да маладых калег звярнуліся А. А. Супрун, настаўнік англійскай мовы, і І. М. Саракавік, настаўнік беларускай мовы і літаратуры, уручылі ім спецыяльныя нагрудныя значкі «Настаўнік» і далі паспрабаваць свайго першага працоўнага хлеба. Добрыя пажаданні маладым спецыялістам выказала дырэктар школы І. Я. Клачко і ўручыла ім працоўныя кніжкі.

Вершаванымі і песеннымі радкамі віталі маладых настаўнікаў калегі Г. Я. Аўлохава, І. М. Ермаковіч, А. Э. Гусейнава.

Мне, як кіраўніку Школы маладога настаўніка, вельмі хацелася, каб яно запомнілася ім надоўга. Прыём эстафеты настаўніцтва ад старэйшага пакалення, уручэнне спецыяльна падрыхтаваных да свята дыпломаў дапамогуць маладым калегам на іх прафесійным шляху. Прадстаўнікі маладога папаўнення падзякавалі арганізатарам свята і выказалі агульную думку, што яно атрымалася цікавае, незвычайнае, душэўнае.

Таццяна БЕЛАНОВІЧ, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Вішнявецкай сярэдняй школы

 

ІНТЭРАКТЫЎНЫЯ МЕТАДЫ

Штогод у кастрычніку ва ўсіх рэгіёнах Мінскай вобласці стартуе педагагічны марафон. Тэма VII педагагічнага марафону «Кампетэнтасны падыход у адукацыі: ад тэорыі да практыкі» вызначана з улікам прыярытэтных задач, якія стаяць перад сістэмай адукацыі краіны і заключаюцца ў цеснай сувязі навучання і практыкі, а таксама арыентацыі вучня на будучую прафесійную дзейнасць. Узмацняецца практыка-арыентаваная накіраванасць навучання. На гэтыя пытанні і былі арыентаваны ўсе мерапрыемствы педагагічнага марафону. У іх прынялі ўдзел кіруючыя работнікі і спецыялісты адукацыі раёна.

У рамках дня настаўніка-прадметніка ў Шашкоўскай СШ маладымі педагогамі і настаўнікамі вышэйшай і першай кваліфікацыйнай катэгорый праведзены адкрытыя ўрокі, факультатыўныя заняткі. У Вішнявецкай СШ для маладых спецыялістаў устаноў адукацыі раёна прайшоў семінар-практыкум «Прафесійнае майстэрства і кампетэнтнасць педагога – аснова паспяховага развіцця кампетэнцый вучняў». Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Таццяна Белановіч правяла дзелавую гульню «Ад кампетэтнага настаўніка – да сучаснага ўрока».

У гімназіі № 1 г. Стоўбцы для настаўнікаў матэматыкі, фізікі, інфарматыкі Клецкага, Капыльскага, Уздзенскага, Нясвіжскага і Стаўбцоўскага раёнаў адбыўся семінар па тэме «Магчымасці сучаснага ўрока па фарміраванні інфармацыйнай кампетэнтнасці навучэнцаў» з удзелам прадстаўнікоў Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі. Настаўнік фізікі гімназіі № 1 Алена Шыдлоўская падрыхтавала змястоўны ўрок у восьмым класе. Настаўнік фізікі Дзераўнянскай СШ Людміла Навіцкая правяла майстар-клас па падрыхтоўцы вучняў да турніру юных фізікаў. Не менш цікавымі быў міні-вэбсемінар, прадстаўлены настаўнікамі інфарматыкі ўстаноў адукацыі Стаўбцоўскага раёна.

У дзень педагагічнага работніка ўстаноў дашкольнай адукацыі на базе Дзіцячага цэнтра развіцця дзіцяці «Радуга» прайшоў семінар-практыкум «Актыўныя метады метадычнай работы з педагагічнымі кадрамі як умова павышэння прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў». Кожнаму ўдзельніку семінара-практыкума прадаставілася магчымасць прадэманстраваць калегам свае ўменні ў прымяненні разнастайных інтэрактыўных метадаў, якія паспяхова выкарыстоўваюцца ў іх педагагічных калектывах. Была арганізавана выстава метадычных матэрыялаў з вопыту работы ўстаноў дашкольнай адукацыі раёна.

На базе Коласаўскай СШ адбыўся раённы семінар спецыялістаў сацыяльнай педагагічнай і псіхалагічнай службы. Педагог-псіхолаг Галіна Круцкіх паказала работу клуба «Падлетак».

Класных кіраўнікоў сустракалі педагогі Заямнаўскай СШ, Дзераўнянскай СШ, СШ № 3 г. Стоўбцы. Увазе прысутных былі прадстаўлены тэматычныя тэарэтычныя блокі, а таксама разнастайныя формы работы з вучнямі.

Кіраўнікі школьных метадычных аб’яднанняў прынялі ўдзел у арганізацыйна-дзейнаснай гульні «Метадычнае суправаджэнне прафесійнага росту педагагічнага работніка». Абмеркаваны актуальныя пытанні планавання і вядзення дакументацыі метадычнага аб’яднання.

У Стаўбцоўскім цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі і Налібацкай СШ прайшоў дзень работніка спецыяльнай адукацыі. Была праведзена метадычная гульня «Сакрэты майстэрства».

Завяршыўся VII педагагічны марафон традыцыйным днём кіраўніка, які праходзіў у Старасвержанскай СШ. Для педагагічных работнікаў, якія ўваходзяць у рэзерв кіруючых кадраў, быў праведзены семінар-практыкум.

Таццяна НОВАК, загадчыца вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама

 

З ПАСВЕДЧАННЕМ ВУЧНЯ

Быць першакласнікам заўсёды хвалююча і спачатку нават цяжка. Бо няма той свабоды, якая была ў дзіцячым садзе. Больш няма часу на цацкі і пясочніцу. Цяпер толькі кнігі, сшыткі, ручкі і алоўкі. Але і школе нялёгка вось так адразу прывыкнуць да малых, таму цэлы верасень першакласнікі праходзілі «Уводзіны ў школьнае жыццё». Цэлы месяц яны рыхтаваліся да выпрабаванняў, якія чакаюць іх на працягу 11 гадоў, вывучалі школьныя законы і вучыліся добра сябе весці.

І па заканчэнні гэтых уводзін для ўсіх першакласнікаў СШ № 3 падрыхтавалі святочнае мерапрыемства. Хлопчыкі і дзяўчынкі спявалі песні пра школу, настаўнікаў і сваіх сяброў, якія засталіся ў садзе. Расказвалі вершы. І адчувалі сябе сапраўднымі школьнікамі, адгадваючы загадкі і рашаючы задачы. У канцы мерапрыемства дзецям давалі медалі і пасведчанне вучня.

Бацькі былі ў захапленні ад сваіх дзяцей, якія за першы месяц вучобы ў школе шмат чаму навучыліся, паспелі пасябраваць і адчуваюць сябе дастаткова ўпэўненымі. Усе жадалі першакласнікам добрай вучобы і поспехаў.

Ульяна МІЛАШЭЎСКАЯ, вучаніца СШ № 3 г. Стоўбцы



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *