Стараста ў вёсцы, што гаспадар у доме

Нумары Соцыум

Работа сельскіх Саветаў у вёсках накіравана на паляпшэнне ўмоў жыцця людзей, задавальнення іх надзённых патрэб. А таксама садзейнічае вырашэнню пытанняў добраўпарадкавання і санітарнага стану населеных пунктаў. Аб тым, як яна вядзецца ў Мікалаеўшчынскім сельсавеце і з якімі праблемамі сутыкаюцца яго спецыялісты, – наша гутарка са старшынёй сельвыканкама Анатоліем Мядзведзем.

– Старшынёй сельвыканкама працую чатыры гады. За гэты час зроблена нямала. Абгарадзілі новым плотам шэсць грамадзянскіх могілак. Спілавалі больш за 300 небяспечных дрэў у вёсках і на могілках. Асабліва многа зрабілі ў гэтым накірунку летась, пасля ўрагану. У Мікалаеўшчыне людзі хацелі спілаваць старыя ліпы, але я прапанаваў іншы варыянт: не знішчаць дрэвы, а толькі зрэзаць кроны. Так і зрабілі пасля таго, як правялі грамадскія слуханні з удзелам прадстаўнікоў райвыканкама, аб’яднання камунальных службаў і раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Праз пэўны час на ствалах вырастуць маладыя галіны, і дрэвы стануць прыгожымі. Дапамогу ў навядзенні парадку аказвае мясцовае сельскагаспадарчае таварыства «Радзіма Якуба Коласа». Па нашай просьбе пастаянна выдзяляецца неабходная тэхніка. Косім траву і сваімі сіламі. Маем два трымеры і на летні перыяд афармляем работніка. Калі патрэбна, то і сам бяруся за касу. На тэрыторыі сельсавета заўжды падтрымліваецца парадак. Арганізоўваем суботнікі. Людзі, якія пастаянна пражываюць, у пераважнай большасці клапоцяцца аб уборцы ля сваіх дамоў. Каму гэта не па сіле, а менавіта інвалідам і састарэлым адзінокім, мы дапамагаем. А таксама тым, хто доўгі час ляжыць у бальніцы ці знаходзіцца ў дамах-інтэрнатах. За бюджэтныя сродкі знесена пятнаццаць струхлелых пустуючых дамоў, шэсць убралі самі нашчадкі.

Шчыра рыхтаваліся людзі да святаў вёсак, якія раней прайшлі ў Мікалаеўшчыне і Пагарэлым, а сёлета – у Мясёнкаўшчыне. Усім гэтае мерапрыемства вельмі даспадобы, таму людзі стараліся як маглі, каб паселішча іх выглядала годна. У пяці вёсках арганізаваны закуп малака, малаказборшчыкам працуе Ганна Коржык. Сярод сельсаветаў раёна наш здае больш за іншых лішкаў прадукцыі.

– На тэрыторыі сельсавета размяшчаецца трынаццаць вёсак, і ў кожнай ёсць стараста. Каго б вы адзначылі як самага актыўнага?

– Старасты – мае надзейныя памочнікі і дарадчыкі. Яны ўдзельнічаюць ва ўсіх грамадскіх мерапрыемствах, унікаюць ва ўсе надзённыя пытанні, у прыватнасці жыццезабеспячэння людзей і навядзення парадку на тэрыторыі населенага пункта. Стараста ў вёсцы, што гаспадар у доме. А самы актыўны – стараста вёскі Жыгалкі Леанід Зіновіч. Леанід Іванавіч – добры арганізатар і аўтарытэтны чалавек, умее сабраць людзей на любое мерапрыемства. Напрыклад, летась на могілках арганізавана правялі суботнік, навялі там парадак, знялі стары плот і абгарадзілі яго новым. У Любкаўшчыне людзі адказныя. Дарадчыкам там у мяне Аляксандра Ярашэвіч. Жанчына пажылая, але мае багаты жыццёвы вопыт і дапамагае ва ўсім. Праяўляе клопат аб вяскоўцах, пастаянна тэлефануе, калі патрэбна людзям якая дапамога, Марыя Флер’яновіч са Сверынава. Вёска гэтая дружная. Пазалетась спілоўвалі там клёны. Смецця было нямала. Людзі званілі, прасілі дапамагчы ўбраць галлё. Дамовіўся з леснікамі і папрасіў людзей арганізаваць суботнік. Быў прыемна здзіўлены, калі прыйшлі і старыя, і малыя. Разам управіліся хутка. Праз тыдзень спалілі галлё, і цяпер на ўездзе ў вёску радуе прыгожая паляна.

– Пераважна з якімі просьбамі звяртаюцца людзі ў сельвыканкам?

– У асноўным просяць спілаваць небяспечныя высокія дрэвы, дапамагчы абкасіць тэрыторыю двара, плот адрамантаваць, паліва на зіму прывезці. І паўплываць на родных, якія вядуць сябе не лепшым чынам. Па просьбе людзей вялікую работу правялі ў Жыгалках, дзе поўнасцю замянілі старыя жалезныя водаправодныя трубы на пластыкавыя. Вяскоўцы сабралі грошы, мы арганізавалі танней транспарт для іх падвозу і запрасілі спецыялістаў. Працуем у адным тандэме з дэпутатамі мясцовага ўзроўню. Іх у нас адзінаццаць. Праводзім сустрэчы з выбаршчыкамі, сесіі, на якіх зацвярджаем бюджэт. За частку заробленых на раённым суботніку грошай вырашылі адрамантаваць помнік Якубу Коласу і добраўпарадкаваць прылеглую да яго тэрыторыю. Якраз цяпер вядуцца рамонтныя работы. Астатнія грошы пойдуць на іншыя неабходныя патрэбы. Ушчыльную працуем з раённым тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. На тэрыторыі сельсавета пражывае нямала людзей, якім больш за дзевяноста гадоў. Сярод іх ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, якім удзяляем самую пільную ўвагу. Дапамогу адзінокім жыхарам аказвае індывідуальны прадпрымальнік Ірына Расолька, якая трымае пілараму ў Мясёнкаўшчыне, – бясплатна выдзяляе дровы і штыкетнік. Паступае спонсарская дапамога ад сельгаставарыства. Хачу выказаць словы ўдзячнасці за дапамогу дырэктару ААТ «Радзіма Якуба Коласа» Д. І. Дзешуку, індывідуальнаму прадпрымальніку С. А. Пяткевічу, майстру абліцоўшчыку А. А. Дзеравянку.

– Анатолій Мікалаевіч, зразумела, не абыходзіцца і без праблем, а якая найбольш набалелая?

– Асабліва злабадзённае пытанне – вываз смецця. Нягледзячы на тое, што людзьмі заключаны дагаворы з аб’яднаннем камунальных службаў на яго вываз, гэта не вырашыла праблему. Цяпер няма на тэрыторыі сельсавета палігона для смецця, таму ўтвараюцца стыхійныя смеццязвалкі, якія прыходзіцца час ад часу ўбіраць. Але колькі гэта ні рабі, горы смецця ўсё роўна растуць. На палігон у Новы Свержань ніхто не вязе, звальваюць дзе каму захочацца. Скідваюць бытавое смецце і будаўнічыя адходы нават ля могілак. Дарэчы, на кожных могілках у нас ёсць інфармацыйныя шчыты, дзе начэрчаны схемы выдалення з тэрыторыі могілак смецця. Але старыя помнікі і рытуальныя прылады ўсё роўна кідаюць пад плот і ў хмызняк. Людзі не абцяжарваюць сябе тым, каб непатрэбныя рэчы занесці ў спецыяльна абсталяваныя месцы. І асабліва грашаць гэтым у Мікалаеўшчыне. Многія вельмі добра ведаюць свае правы, але, на жаль, забываюцца аб абавязках.

Паважаныя вяскоўцы! Давайце ўсе разам будзем клапаціцца аб нашай роднай зямлі і падтрымліваць яе ў чысціні.

Гутарыла Надзея БАТАЛКА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *