Падзеі і здарэнні

Нумары Падзеі і здарэнні

ЗАГСам зарэгістраваны па раёне шэсць шлюбаў, зроблены чатыры адзнакі аб скасаванні сямейнага саюза. Пасведчанні аб нараджэнні атрымалі дзевяць маленькіх жыхароў Стаўбцоўшчыны: Яўгенія Азарко, Іван Еркоўскі, Алег Карпенка, Ігнацій Радзюш, Кацярына Лапцева, Маргарыта Гурыновіч, Максім Лук’яновіч, Эльмір Кутас і Варвара Пазняк.

Зямны шлях закончыўся для 18-ці жыхароў раёна.

У пажарнай часці тыдзень прайшоў спакойна. У сувязі з надыходам ацяпляльнага перыяду выратавальнікі нагадваюць аб неабходнасці ачысціць ад сажы дымаходы, атынкаваць і замазаць трэшчыны, устанавіць у жылых пакоях апавяшчальнікі. З пачатку года ў раёне здарыліся 34 пажары, у адным з іх загінуў беспрацоўны жыхар Слабады.

Міліцыяй зарэгістравана 114 паведамленняў аб правапарушэннях, у выніку чаго ўзбуджана 14 крымінальных спраў, у сямі з іх устаноўлены падазроныя. У садовым таварыстве «Лясное-8» знік з двара дрэваапрацоўчы станок. У Цеснавой з былога будынка СТА ўкрадзены 140 секцый батарэй.

Пракуратурай раёна пасля праведзенай праверкі ўнесена прадстаўленне дырэктару ААТ «Вішнявецкі-агра» аб ухіленні парушэнняў прыродаахоўнага і іншага заканадаўстваў.

Суд асудзіў 28-гадовага стаўбчаніна, які ўчыніў грабеж на міні-рынку, да 180 гадзін грамадскіх работ з прымяненнем мер бяспекі і лячэння ад алкагольнай залежнасці. На тры базавыя велічыні аштрафаваны 46-гадовы работнік ААТ «Рубяжэвічы», які знаходзіўся на рабочым месцы ў нецвярозым стане.

ДАІ выявіла 168 парушэнняў правілаў дарожнага руху. Сярод парушальнікаў – шэсць вадзіцеляў-бяспраўнікаў, 49 недысцыплінаваных пешаходаў і веласіпедыстаў. Зафіксавана сем ДТЗ, у адным з іх пацярпеў 42-гадовы жыхар Старога Свержаня. Мужчына быў дастаўлены ў ЦРБ з цяжкімі траўмамі пасля наезду на яго ў будынку дрэваапрацоўчага цэха, які належыць ІП, трактара Т-50. Трактар не быў зарэгістраваны, а яго вадзіцель не меў вадзіцельскага пасведчання. З 16 па 26 кастрычніка ДАІ праводзіць акцыю «Час стаць прыкметным!» і заклікае ўдзельнікаў дарожнага руху абазначыць сябе ў цёмны час сутак флікерамі.

«Хуткая» выязджала 225 разоў, у тым ліку чатыры сігналы былі да асоб з алкагольным ап’яненнем.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *