На варце дзяцінства

Нумары Соцыум Увага - дзецям

2110b

У СЯМ’Ю – З ПАДАРУНКАМІ

Пярвічныя арганізацыі рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Белая Русь» прынялі актыўны ўдзел у мерапрыемствах рэспубліканскага Тыдня маці.

У дзень адкрыцця ў Стоўбцах новага дзіцячага сада № 8 начальнік упраўлення адукацыі Мінскага аблвыканкама Галіна Казак з падарункамі ад Белай Русі наведала стаўбцоўскую сям’ю Вадзіма і Вольгі Чэмкаў, дзе выхоўваюцца першакласнік Вацлаў і дашкольніца Віялета. Гэтая маладая сям’я паказвае прыклад актыўнага ўдзелу ў жыцці сваіх дзяцей, сумеснага пераадолення цяжкасцяў і ўмення арганізаваць вольны час так, каб у сумесных мерапрыемствах садзейнічаць актыўнаму адпачынку і развіццю сваіх дзяцей. Максім Уладзіміравіч – практыкуючы ўрач, загадчык тубдыспансера ў Дзяржынскім раёне, Вольга Мікалаеўна – настаўнік-дэфектолаг дзіцячых ясляў-сада № 1 г. Стоўбцы.

Цёплымі словамі Вольгу Мікалаеўну павіншавалі таксама галоўны спецыяліст упраўлення адукацыі Мінаблвыканкама Ірына Машкетава і начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Людміла Стонька.                                                                

Святлана ЖЫБУЛЬ, фота аўтара

 

ДАПАМАГЧЫ ВЫРАШЫЦЬ ПРАБЛЕМЫ

На пасяджэннях раённай камісіі па справах непаўналетніх разглядаюцца сем’і, у якіх узніклі пэўныя праблемы. Некаторыя выпадкі складаныя і цягнуць за сабою розныя наступствы. Гэтыя сітуацыі патрабуюць асобага падыходу і карпатлівай працы як з боку сям’і, так і з боку псіхалагічных, медыцынскіх, сацыяльных і іншых службаў.  

«Адтэрмінаваў» вадзіцельскае пасведчанне

У падлеткавым узросце бывае нямала радасцяў і яркіх момантаў. Аднак вельмі хочацца вострых адчуванняў.

17-гадовы Уладзіслаў, выпускнік адной са школ горада, паступіў у гэтым годзе ў аграрна-тэхнічны ўніверсітэт і быў упэўнены, што ўсё ў яго складваецца нармальна. У гэта верылі і бацькі Уладзіслава. У жніўні, калі студэнцкая пара яшчэ не наступіла, хлопец адпачываў у кампаніі. Выпілі спіртнога, пагулялі добра за поўнач, а потым Уладзіслаў сеў за руль бацькоўскага аўто. Экспертыза паказала ў крыві «вадзіцеля» 1,27 праміле. Доза і для дарослага чалавека немалая.

– У мінулым годзе ўжо разглядаўся факт кіравання Уладзіславам транспартным сродкам без вадзіцельскага пасведчання. На камісіі ён быў тады з матуляй і абяцаў, што падобнае больш не паўторыцца. Аднак «урок» не пайшоў на карысць, – нагадала намеснік старшыні камісіі Наталля Хвасько.

На гэты раз непаўналетні, які ехаў паўторна без вадзіцельскага пасведчання, давёў сітуацыю да абсурду – кіраваў аўтамабілем у нецвярозым стане. І падобнае не проста супрацьзаконна, а небяспечна. Ад яго прамая пагроза ідзе іншым удзельнікам дарожнага руху, у рэшце рэшт – яго сябру, які ехаў разам з ім у якасці пасажыра, яму самому. Рызыка тоіцца і для грамадства ў цэлым, калі моладзь у п’яным дурмане спрабуе самасцвердзіцца з дапамогай крыніцы павышанай небяспекі, якой з’яўляецца аўтамабіль.

Падлетак хоць і прызнаў сваю віну, раскаяўся, але гэта не адмяняе катэгорыю ўчыненых ім правапарушэнняў. На шчасце, пра падобнае на Стаўбцоўшчыне даўно не чуваць – апошні факт п’янага непаўналетняга за рулём быў зафіксаваны дзесьці дзесяць гадоў таму…

Уладзіслаў цяпер уваходзіць у студэнцкае жыццё (дарэчы, яго будучая прафесія, інжынер-механік, якраз звязана з эксплуатацыяй транспартных сродкаў), а бацькі пачалі разлічвацца з растэрміноўкай за «паездку» сына. Агульны штраф салідны – 55 базавых велічынь, ці 1265 рублёў. Раённая камісія, акрамя таго, звярнулася з хадайніцтвам аб абмежаванні Уладзіслава ў дзейнасці, звязанай з кіраваннем транспартнымі сродкамі, на тры гады. Для яго гэта азначае, што варта забыць пра атрыманне вадзіцельскага пасведчання як мінімум на бліжэйшыя тры гады. Урач-нарколаг запрасіў хлопца разам з бацькам у 321 кабінет паліклінікі – для абмеркавання медыцынскага аспекту сітуацыі…

Адна на вуліцы, як верабейка

У пяць раніцы на бязлюднай вуліцы Цэнтральнай у Стоўбцах звярнула на сябе ўвагу маленькая дзяўчынка. Яна была лёгка апранута. Ішла невядома куды. Адна, без суправаджэння дарослых. Дзіця папрасіла работнікаў міліцыі: «Забярыце з сабою, а то мне страшна…»

Гэтай шасцігадовай дзяўчынцы не пазайздросціш. У здымнай кватэры яе паклалі (ці яна сама легла?) спаць, а на світанку матуля разам з сяброўкай адправіліся па цыгарэты. Дзверы кватэры пакінулі адчыненымі. Малая прачнулася і пайшла гуляць, або шукаць матулю, – хто ведае? Відавочна, што яны размінуліся. Дзяўчынка сустрэла міліцыю, а матуля, атаварыўшыся курывам, вярнулася назад. Спакой яе нішто не парушыла, таму што ў міліцыю аб прапажы дзіцяці яна не званіла. Праз 45 мінут, паводле яе слоў, дзіця перадалі ў міліцыі бацьку, і той даставіў яго сваёй былой жонцы.      

Што гэта за матуля такая, якая так смела кідае малое дзіця? Яе, па праўдзе кажучы, шкада. «Зялёная», бяздумная… Дачушку нарадзіла ў 17, будучы непаўналетняй. Але ранняе каханне прайшло, шлюб скасаваны, а яна нідзе не працуе, прыахвоцілася да чаркі… За гэта сям’я пастаўлена на ўлік, становішча дзіцяці прызнана сацыяльна небяспечным.

Хочацца сказаць, што сяброўкі і сужыцелі, начныя гулянкі, жыллё і т. п. – усё гэта, безумоўна, асабістая справа матулі. Але пры гэтым дзіця не павінна быць кінутым. Яго трэба карміць, выхоўваць, любіць… І, напэўна, пакуль у самой арганізм малады і моцны да разбуральных працэсаў, задумацца і прыняць усе магчымыя меры прафілактыкі і, калі трэба, лячэння ад алкагольнай залежнасці.

– Давайце супрацоўнічаць, – звярнуўся да маладой матулі ўрач-нарколаг, член раённай камісіі па справах непаўналетніх. – У вашым жыцці цяпер крытычны перыяд і, калі не змяніць паводзіны, пачнуцца незваротныя наступствы. Што важна на даным этапе? Поўная адмова ад спіртнога і асэнсаваны падыход да жыцця. Трэба праявіць сілу волі, адказнасць. Пакуль ваша жыццё – нібыта цаліна, якую трэба выспеліць, прывесці да ладу…

Дай Бог, каб жыццёва важныя словы доктара сталі для маладой жанчыны праграмай дзеяння. Да яе сям’і прыкавана пільная ўвага школы, куды дзяўчынка пайшла ў першы клас.

Постфактум

На пасяджэнннях раённай камісіі па справах непаўналетніх разглядаюцца вельмі няпростыя сітуацыі, якія нярэдка сігналізуюць пра трывожныя тэндэнцыі ў грамадстве. Ёсць аб чым задумацца не толькі тым, хто трапіў у гэтыя сітуацыі і панёс адказнасць, а і ўсім нам, соцыуму, ад чыёй нераўнадушнай пазіцыі і эфектыўнага ўзаемадзеяння таксама многае залежыць.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *