Бульба ў выглядзе парашку

Інвестпраект Нумары Прадпрымальніцтва

У Стоўбцах, на базе ТАА «Сула Плюс», пачаў узводзіцца высокатэхналагічны завод па перапрацоўцы бульбы. У наступным годзе завод павінен уступіць у строй.

Пра будні і перспектывы кампаніі расказвае кіраўнік сялянска-фермерскай гаспадаркі «Сула» Уладзімір РАДЗЕВІЧ:

– Мы працуем у звязцы: фермерская гаспадарка «Сула», якой сёлета спаўняецца 17 гадоў, «Аграцэнтр Сула», створаны ў 2011 годзе для вырошчвання бульбы прэміум-класа, і прадпрыемства «Сула Плюс», якое займаецца захоўваннем, дапрацоўкай, мыццём і продажам бульбы. Менавіта на базе «Сулы Плюс» будуецца новы перапрацоўчы завод магутнасцю 66 тысяч тон прадукцыі ў год. Бульба будзе перапрацоўвацца ў сухі парашок, прыдатны для харчовай прамысловасці. Яго дастаткова заліць гарачай вадой ці малаком – і пюрэ гатова! Сухі парашок шырока выкарыстоўваецца ў вытворчасці вараных каўбас, сасісак і т. п. Ужо ў лютым 2018 года плануецца запусціць завод у тэставым рэжыме.

– Гэты праект, як і іншыя, што рэалізуюцца пад брэндам «Сула», будзе таксама маштабны і высокатэхналагічны. Да лютага 2018 года дастаткова часу для яго рэалізацыі?

– Мы даўно вывучаем рынак і робім неабходныя захады. На працягу двух апошніх гадоў ішлі перамовы з галандскай кампаніяй аб пастаўцы абсталявання. Дасягнулі станоўчых вынікаў. Рэч у тым, што звычайна заходнія пастаўшчыкі імкнуцца збыць нешта з разраду ўчарашняга. Мы ж набываем абсталяванне заўтрашняга дня і, значыць, навейшыя тэхналогіі, якіх пакуль няма ў краінах былога Савецкага Саюза. Таму і расцягнуліся перамовы на гады.    

– З такім абсталяваннем прадукцыя не можа не ісці на экспарт. У чым яе цікавасць?

– Нашы асноўныя продажы, згодна з бізнес-планам, будуць зарыентаваны на краіны паўночнай Афрыкі, Азіі. Будуць і еўрапейскія пастаўкі, у сувязі з чым прадукцыю плануецца выпускаць двух відаў – класа А (прэміум) і класа Б.

Завод можна падзяліць на тры часткі: прыёмнае аддзяленне, дзе бульба будзе захоўвацца (для сутачнай нормы работы завода яе спатрэбіцца не менш за 300 тон), лінія па вытворчасці шматкоў і млын, прызначаны для здрабнення шматкоў у сухі парашок. Чым цікавы гэты прадукт? Тым, што захоўваць яго можна столькі, колькі трэба, і яшчэ – ён запатрабаваны. Набываць яго гатовы, паўтаруся, многія краіны.

– З такой запатрабаванасцю графік работы завода будзе кругласутачны?

– Так, але ў першую чаргу гэта звязана з тэхналагічнымі нюансамі. Нагрэць сушыльны барабан, які выраблены з чыгуна, можна толькі паступова, на працягу трох дзён, таму лепш яго не спыняць. Заказ на чыгунны барабан зроблены ў Англіі, у адзінага вытворцы такога абсталявання ў Еўропе. З Англіі заказ ужо прыбыў у Галандыю, дзе скамплектаваны машыны для яго дастаўкі ў Беларусь. Складзены графік, згодна з якім у кастрычніку на нашу пляцоўку павінны прыбыць 40 грузавых аўтамашын. Будаўнікі, а гэта прыватная будаўнічая арганізацыя з Брэста, працуюць круглыя суткі.

– Інвестыцыі ў будаўніцтва завода складаюцца з прыватнага капіталу ці прыцягнуты і крэдытныя рэсурсы?

– Наша прадпрыемства ўтворана на 100 працэнтаў з прыватнага капіталу. Яго крэдытны рэсурс – гэта інвестыцыі з Еўропы, уласныя сродкі. Бюджэтных грошай ці дзяржаўных пазык мы не бяром. Такі прынцып дзейнасці нашай кампаніі.

– Уладзімір Уладзіміравіч, раскажыце, калі ласка, пра тое абсталяванне, якое ўжо працуе на вашых прадпрыемствах і ў тым ліку будзе ствараць якасную сыравінную базу для новага завода?

– У цэху каліброўкі, мыцця і фасоўкі бульбы магутнасцю да 200 тон у суткі аўтаматызаваны амаль увесь працэс. Манціруецца палітайзер – машына-робат, якая сама будзе складзіраваць сеткі з бульбай вагою 25 кг на палеты. У перспектыве і ручная інспекцыя будзе заменена на фотадатчыкі, здольныя сартаваць клубні па колеры, форме і т. п. Праўда, пакуль мы не выйшлі на поўную магутнасць, працуем у паўтары змены. Абаграваецца цэх эканамічным спосабам – за кошт біятэрмальнага ацяплення.

Памытая бульба адгружаецца ў Санкт-Пецярбург, Маскву, Растоў-на-Доне, Іванава. Частка бульбы закладваецца на захоўванне. Усе нашы сховішчы аснашчаны мікракліматам, які працуе ў аўтаматычным рэжыме. Гэта дазваляе захоўваць прадукт свежым да канца мая. У перспектыве кожны кантэйнер з бульбай будзе забяспечаны чыпам.

– Колькі людзей занята ў вашай кампаніі?

– 42 работнікі працуюць пастаянна. На сезон уборкі бяром для работы на камбайнах і прыёмным пункце яшчэ каля 40 чалавек. За светлавы дзень прымаем з поля 700-900 тон бульбы. Бульбаўборачная тэхніка нямецкая, але ёсць бункеры, транспарцёры і інш., якія выраблены па заказе на беларускіх заводах.

– Кампанія працуе прыбыткова і перспектыўна. У яе няма ніякіх праблем?

– Праблема ўзнікла з вырабам кантэйнераў для захоўвання бульбы. Спачатку мы рабілі іх самі, потым нам аказваў такую паслугу Навасвержанскі лесазавод. Але сёння завод адмовіўся ад яе, і мы сутыкнуліся з тым, што ў Беларусі немагчыма купіць кантэйнер. У Еўропе кошт яго складае каля 100 еўра. Можна ўявіць, якія гэта сродкі, калі нам неабходны 24 тысячы штук кантэйнераў?! Шукаем варыянты ў рэспубліцы. На даны момант вядзём перамовы з Мазыром. Усе астатнія праблемы – гэта рабочыя пытанні.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

На здымках: рыштаванні будучага завода; Уладзімір Радзевіч задаволены ўраджаем; аператар Андрэй Анікейчык і начальнік вытворчасці Вадзім Рамэйка; ідзе сартаванне; транспарціроўка да засекаў.

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *