На фасадзе – стары горад, або Каго прыспешвае месячнік па навядзенні парадку

Добраўпарадкаванне Нумары

2110f

У кожнага горада ёсць свае добрыя традыцыі і звычкі, напрацаваныя за многія гады. І заслуга ў гэтым у першую чаргу тых, хто любіць свой горад і клапоціцца пра яго імідж.

Да канца кастрычніка на Стаўбцоўшчыне працягваецца месячнік па навядзенні парадку на зямлі, і падчас яго асабліва прыемна звярнуць увагу на тое, як змяняецца наш горад пад уплывам ініцыятыўных стаўбчан.

Сярод іх у першую чаргу варта назваць членаў раённай арганізацыі Таварыства беларускай мовы і іх сяброў-мастакоў, намаганнямі якіх у гістарычнай частцы Стоўбцаў, на фасадзе дзіцячага сада № 2, з’явілася выява старога горада. Вулічная «карціна» сапраўды ўпрыгожыла фасад будынка і напоўніла тэрыторыю ля яго асаблівым зместам і самабытнасцю. Не іначай, гэта цудоўны прыклад праяўлення павагі і любові да свайго горада, а яшчэ – крэатыўнага рашэння ў аздабленні гарадской прасторы.

Вельмі хочацца, каб ён не быў адзінкавым і абавязкова меў працяг. Тым больш, у Стоўбцах дастаткова патэнцыйных аб’ектаў, якія чакаюць свайго «мастака». Напрыклад, у новым жылым мікрараёне сустракаецца нямала аднастайных шэрых шматпавярховак, для якіх падобнае расфарбоўванне пайшло б толькі на карысць. І сюжэтаў, здаецца, для такой творчасці ў нас, на радзіме Якуба Коласа, сапраўды нямала… А восень, якая сыпанула лісцем з дрэў і незнарок «пафарбавала» ў непрывабна-чорны колер няскошаны быльнёг, прыспешвае з навядзеннем парадку.

У ходзе маніторынгу вуліц горада ўрач-гігіеніст раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Наталля Рык адзначае Стаўбцоўскі лясгас. Работнікі гэтага прадпрыемства зрабілі ўздоўж ракі Альхоўкі прыгожую набярэжную. Шмат зроблена, але яшчэ трэба не забыць папрацаваць і на іншай замацаванай тэрыторыі – абкасіць меліярацыйны канал па вуліцы Зялёнай. З боку чыгункі прадпрыемства «Прэмія Агра» пакуль не навяло парадак на прылеглай тэрыторыі.

Як паказаў маніторынг, у Стоўбцах пакуль застаецца шмат няскошаных месцаў. Сярод іх ёсць тэрыторыі вакол пустуючых дамоў і так званыя нічыйныя (дамы па завулку Палявым, 34, і 17 Верасня, 10; Чэхава, 11; Шчорса, 9; Купалы, 40; вуліца ўздоўж чыгункі, былы сад ДАРМа ў канцы вуліцы Зялёнай, на што справядліва звяртаюць увагу жыхары бліжэйшых дамоў, і т. п.), але дастаткова і такіх, дзе ёсць законныя ўладальнікі. На жаль, знаходзяцца гэтыя ўчасткі ў самым цэнтры горада.

Да прыкладу, на рагу вуліц Сацыялістычнай і Свярдлова калісьці быў прыватны магазін, а апошнім часам прылеглая да яго тэрыторыя ператварылася ў сметнік. З разраду пастаянных праблем – навядзенне парадку на тэрыторыі былой воінскай часці. Тут размешчана нямала прыватных прадпрыемстваў і арганізацый, якія ў большай ці меншай ступені рупяцца сваё абкошваць, але чамусьці застаюцца паміж імі няскошаныя «косы». Ёсць і іншы прыклад – пустазелле набліжаецца да дзвярэй прадпрыемства «СарматЭкаПласт».

– Прадпрыемства можа не працаваць, але падтрыманне парадку – справа абавязковая, – падкрэслівае Наталля Рык.

Аналагічнае патрабаванне распаўсюджваецца і на прадпрыемства «ШатоІнвест», аб’ёмная тэрыторыя якога разам з прылеглай па вуліцы Кірава даўно стала праблемнай часткай горада. Яго ўладальнік знаходзіцца ў горадзе Чэрвені і, напэўна, не бачыць, што навокал неабходна касіць, прыбіраць сухія галіны, рамантаваць агароджу і будынкі…

Не ўсё абкошана на ўездзе ў Стоўбцы з боку Нясвіжа. Гэтыя пустыры з’яўляюцца гарадской тэрыторыяй. Аднак сёлета тут наўрад ці ўдасца змяніць сітуацыю, таму што стаіць высокая вада і ўзровень яе ў сувязі з дажджлівым надвор’ем амаль не падае.                              

Асаблівая ўвага – да санітарнага стану дарог. У сувязі з гэтым заўвагі зроблены ДЭУ № 62, якому абапал аўтадарогі Р2 у рысе горада неабходна абкошваць абочыны, прыбіраць зараснікі, наводзіць парадак на астраўках бяспекі. Не ўсюды абкошана і адна з транзітных вуліц горада – Івянецкая. Чамусьці пустазеллем зараслі дарожныя знакі, тэрыторыя за прыпынкам грамадскага транспарту. Добра праглядаецца з дарогі заросшы пустыр у мікрараёне індывідуальнай жылой забудовы Паўночны. Аналагічна выглядае пустыр і на ўездзе ў мікрараён індывідуальнай жылой забудовы Усходні. Не ўсе пустыры, якія суседнічаюць з вуліцай Міру, абкошаны і выглядаюць чыстымі. Трава падступае да пешаходных дарожак ад вуліцы Міру да вуліцы Задвор’енскай.

– У Стоўбцах дзейнічаюць гаражныя кааператывы, шмат будаўнічых пляцовак, у тым ліку і ўздоўж аўтадарогі Р2, – адзначае Наталля Рык. – Паўсюдна на іх тэрыторыі, а таксама вакол іх трэба своечасова абкошваць, не дапускаць засмечвання і прыбіраць за сабою пясок, які выносіцца на колах машын на праезджую часць.

На працягу лета, пачынаючы з вясны, санітарная служба рэгулярна нагадвае пра падтрыманне санітарнага стану домаўладанняў і тэрыторый. Аднак далёка не ўсе жыллёва-будаўнічыя кааператывы свядома ставяцца да гэтага патрабавання і самастойна, без лішняга напамінку, сочаць за парадкам. Апошнія рэйдавыя мерапрыемствы засведчылі, што сярод тых, хто трапіў у «чорны» спіс, – ЖБК «Дабранка» і «Нёман».      

З улікам пагодных умоў, заклікаем усіх жыхароў раёна, прадпрыемствы і арганізацыі прыняць актыўны ўдзел у навядзенні парадку і азеляненні сваіх тэрыторый. Для гэтага і аб’яўлены раённы суботнік, дзякуючы якому колькасць адрасоў безгаспадарчасці на Стаўбцоўшчыне павінна значна зменшыцца.

На здымках: добрая ініцыятыва ўвасоблена на фасадзе дзіцячага сада № 2; кветкі цвітуць і ў гаражным кааператыве «Журавінка» (у раёне СШ № 3); вуліца Міру вабіць і дзяцей, і дарослых; парос травою ўезд у мікрараён Паўночны; зноў патрабуе ўвагі пусты дом па завулку Палявым, 34; калі будзе наведзены парадак на вуліцы Сацыялістычнай, 83.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *