Растуць саджанцы

Добраўпарадкаванне Нумары

2510

У мінулую суботу на Стаўбцоўшчыне згодна з рашэннем райвыканкама і ў рамках абласнога месячніка па навядзенні парадку на зямлі прайшоў раённы суботнік.

Паўсюдна ў горадзе з самай раніцы працавалі людзі з мяцёлкамі і граблямі. У кучы зграбалі апалае лісце, убіралі вулічны змёт. Вынік іх працы быў відавочны: пад нагамі заставалася чыстая праезджая частка ці тратуарная дарожка, па якой усім нам хадзіць.

У першых радах удзельнікаў раённага суботніка – работнікі аб’яднання камунальных службаў. Іх мы сустрэлі на ўборцы ўчастка вуліцы Танкістаў (у раёне моста праз раку Нёман), праваслаўных і каталіцкіх могілак, аб’язной дарогі вакол жыллёва-будаўнічых кааператываў, на палігоне цвёрдых бытавых адходаў. На ўездзе ў Стоўбцы з боку Нясвіжа яны высаджвалі алею з бярозак. 50 дрэўцаў, як патлумачыла начальнік участка Рэгіна Лянцэвіч, загадзя былі выкапаны ў лесе.

«На суботнік выйшла больш за 120 работнікаў АКС. Нашы людзі працуюць не толькі ў Стоўбцах. У Дзераўной, Коласаве начальнікі ўчасткаў Андрэй Віцько і Алена Новік таксама арганізавалі работу па ўборцы мясцовых могілак. Арганізацыям і прадпрыемствам горада камунальнікі прадаставілі сёння 15 адзінак тэхнікі для вывазу лісця, смецця і іншых адходаў», – расказаў начальнік службы адміністрацыйна-гаспадарчай і ідэалагічнай работы АКС Валерый Бохан.

Недалёка ад горада, дзе пралягае брукаваная дарога са статусам гісторыка-культурнай каштоўнасці, увіхаліся дарожнікі ДРБУ № 135. Частка іх – з піламі ў руках. Вялася абрэзка сухіх галін. Дружную каманду, падмацаваную работнікамі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі на чале з намеснікам старшыні райвыканкама Сяргеем Шэсцелем, дарожнікі забяспечылі неабходнай тэхнікай. Галлё загружалі ў трактар, напагатове былі пагрузчык і аўтамабіль МАЗ. Сярод удзельнікаў суботніка – і дырэктар ДРБУ Вадзім Савіцкі. Ён выказвае ўпэўненасць: «Маючы такую сілу, сёння навядзём парадак на брукаванцы».

Адзін з ударных аб’ектаў раённага суботніка прыйшоўся на аўтамагістраль М1, дзе на адкосах агульнымі намаганнямі вялася пасадка саджанцаў сасны.

На схіле ажыўленай дарогі ўвіхаліся не толькі дарожнікі ДЭУ № 62, якія абслугоўваюць магістраль, а і работнікі райвыканкама, прадпрыемства «УКБ Стаўбцоўскага раёна» і іншыя. Кожнаму, як бачым, знайшлася работа. Адны з дапамогай вяроўкі нацягвалі роўныя рады. Іншыя, трымаючы меч Колесава, рыхтавалі ямку для кожнага маленькага саджанца, прывезенага з гадавальніка Стаўбцоўскага лясгаса. А хтосьці займаўся непасрэдна пасадкай.

«Сёння высаджваем чатыры тысячы саджанцаў – і гэты аб’ём работ асілім, – не сумняваецца начальнік ДЭУ № 62 Дзмітрый Ёдчык. – У гэтым годзе мы ўжо высадзілі на адкосах магістралі на тэрыторыі раёна такую ж колькасць пасадачнага матэрыялу. Працягнем гэтыя работы і вясной наступнага года. Пасадкамі ахопліваем у першую чаргу цяжкадаступныя для абкошвання адкосы».

Сярод тых, хто працаваў у дзень суботніка на пасадцы зялёных насаджэнняў на аўтамагістралі, і старшыня раённага штаба па арганізацыі суботніка, намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Цывака. Падчас міні-інтэрв’ю Аляксандр Мікалаевіч даў ацэнку ходу раённага суботніка:

– Праблем у арганізацыі суботніка не назіраем. Людзі выйшлі дружна, масава. Задзейнічаны ўсе працоўныя калектывы раёна. Іх фронт работ – навядзенне парадку ў горадзе і сельскіх населеных пунктах, на вытворчых аб’ектах, падрыхтоўка да работы ў зімовых умовах. Прыемна, што высаджваюцца дрэвы. Частка людзей для раўнамернага размеркавання тэхнікі выйшла на суботнік у пятніцу. Такім чынам, парадак быў наведзены на замацаваных тэрыторыях, плошчах Леніна і Бессмяротнасці, у парках і скверах.

Агульная праца жыхароў раёна павінна прынесці плён. Няхай растуць саджанцы суботніка!

Таццяна ПЯТКЕВІЧ  

Фота Нэлі АСТРЭЙКА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *