Узроставая норма?

Медыцына Нумары

Каб заўсёды заставацца на плыву, арганізм вымушаны мабілізаваць усе свае рэзервы. А яны не бязмежныя. На жаль, не ўсе могуць даваць сабе перадышкі. У наша жыццё прыходзяць хваробы як напамінак аб тым, што сілы арганізма на мяжы, і баланс парушаны.

Размова пойдзе аб ішэмічнай хваробе сэрца, дастаткова «памаладзелым» захворванні. Штодзённая патрэба трымаць сасуды ў тонусе і карабкацца ўверх не праходзяць бясследна для сэрца і сасудаў. І той запас кіслароду, які мы ўжывалі яшчэ 20 гадоў назад, цяпер лічыцца недастатковым для работы сардэчна-сасудзістай сістэмы. А недахоп кровазабеспячэння небяспечны развіццём ішэміі сардэчнай мышцы.

У апошнія 20 гадоў яна ўваходзіць у лік найбольш частых хвароб сардэчна-сасудзістай сістэмы. Сумнае «лідарства» – у мужчын ва ўзросце 40-60 гадоў.

Ішэмію выклікаюць звужэнне сасудаў, якія страцілі сваю здольнасць быць эластычнымі. Класічная трыяда віноўнікаў: атэрасклероз артэрый, якія сілкуюць сардэчную мышцу, звужэнне іх прасвету бляшкамі; звужэнне сасудаў сэрца; трамбоз (закупорка) сардэчных артэрый.

Сярод фактараў, якія выклікаюць хваробы сэрца, ёсць тыя, якія мы не можам змяніць, калі хвароба перадаецца спадчынна, і тыя, якія можам змяніць: курэнне, высокі ўзровень «шкоднага» халестэрыну, атлусценне, высокі артэрыяльны ціск, цукровы дыябет, маларухомы лад жыцця, частыя перажыванні, такія рысы характару, як агрэсія, прага саперніцтва.

Як вызначыць у сябе сімптомы ішэмічнай хваробы сэрца? З’яўляецца спецыфічны болевы сіндром: сціскаючы боль, пачуццё недахопу паветра. Месца ўзнікнення болю – пасярэдзіне грудной клеткі ці ў вобласці сэрца, боль аддае ў левую руку, шыю, паміж лапатак, пад левую лапатку. Справакаваць боль можа ветранае надвор’е, пад’ём на лесвіцу, іншая фізічная нагрузка. Характэрны задышка, пачашчанае сэрцабіццё, галавакружэнне, страта прытомнасці, празмерная патлівасць без фізічнай нагрузкі, ацёкі ног.

Патрэбна паглядзець унутр сябе і даць арганізму перадышку. Ёсць падзеі, якія адбываюцца незалежна ад нас. Аднак калі мы не можам на іх паўплываць, то застаецца памяняць да іх адносіны.

Ірына ЛУЦІК,урач-кардыёлаг вышэйшай катэгорыі



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *