Высек 675 дрэў

Нумары У Следчым камітэце

Раённым аддзелам Следчага камітэта завершана следства адносна незаконнай высечкі дрэў, што пацягула нанясенне страт у асабліва буйным памеры.

Абвінавачваным па гэтай крымінальнай справе прызнаны 49-гадовы жыхар Мінска. Мужчына ў мінулым годзе ўжо быў асуджаны за ўчыненне аналагічнага злачынства, аднак належных вывадаў не зрабіў. На пачатку чэрвеня бягучага года ён ізноў быў затрыманы супрацоўнікамі Стаўбцоўскага лясгаса на тэрыторыі Акінчыцкага лясніцтва падчас незаконнай высечкі дрэў.

Следствам устаноўлена, што абвінавачваны на працягу трох месяцаў (практычна кожны дзень) на аўтамабілі Mercedes-Benz Sprinter з’яўляўся ў лясным масіве і, не маючы дазвольных дакументаў і лесарубачнага білета, незаконна спілоўваў 10-12 дрэў у дзень. Разразаў іх бензапілой, пасля чаго адвозіў у розныя населеныя пункты Мінскага раёна і прадаваў дачнікам. Галлё пасля распілоўкі акуратна складваў, каб зрабіць месца высечкі непрыкметным.

У ходзе праверкі паказанняў мужчына добраахвотна паказаў усе тыя месцы, дзе з красавіка і да моманту затрымання ажыццяўляў высечку драўніны. За гэты перыяд ён зрабіў не менш за 100 рэйсаў у масівы Стаўбцоўскага і Негарэльскага лясгасаў, дзе незаконна высек 675 дрэў розных парод (бяроза, елка, вольха, асіна). Нанесеныя супрацьпраўнымі дзеяннямі матэрыяльныя страты перасягнулі 25,5 тысячы рублёў.

«Лесарубу» прад’яўлена абвінавачанне паводле часткі 2 артыкула 277 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (незаконная высечка дрэў у лясах першай групы, якая пацягнула страты ў асабліва буйным памеры). У абвінавачванага ўзята падпіска аб нявыездзе. Аўтамабіль і іншыя канфіскаваныя прадметы прызнаны рэчавымі доказамі.

Крымінальная справа перададзена ў пракуратуру для далейшага накіравання ў суд.

Віталь ПАЗНЯК,старшы следчы раённага аддзела Следчага камітэта



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *