Мясцовае самакіраванне

Добраўпарадкаванне Нумары Соцыум

2510c

СТАРАЕМСЯ ПАДТРЫМЛІВАЦЬ ПАРАДАК

Арганізацыя работы па добраўпарадкаванні населеных пунктаў і навядзенні парадку на зямлі з’яўляецца адным з галоўных напрамкаў дзейнасці Старасвержанскага сельскага выканаўчага камітэта. Праводзіцца яна ў цеснай сувязі з экалагічнай, санітарна-эпідэмічнай, землеўпарадкавальнай, архітэктурнай службамі, праваахоўнымі органамі. Штогод зацвярджаецца план мерапрыемстваў па добраўпарадкаванні, паляпшэнні санітарнага стану тэрыторый арганізацый, устаноў, дваровых і прысядзібных тэрыторый. Рашэннем сельвыканкама сёлета ў сакавіку зацверджаны пералік тэрыторый грамадскіх месцаў, замацаваных за арганізацыямі, размешчанымі на тэрыторыі сельсавета, па падтрыманні належнага санітарнага стану.

Штомесяц згодна з графікам праводзяцца сходы грамадзян па месцы жыхарства з разглядам надзённых пытанняў. За першае паўгоддзе 2017 года праведзена 18 сходаў. Праблемы ўзнікаюць розныя, але абавязкова выносіцца пытанне добраўпарадкавання. Можа яшчэ і няма жаданага выніку з парадкам на вуліцах і прысядзібных тэрыторыях, але галоўнае, што праведзеная работа ў пэўнай ступені павышае свядомасць людзей, дае ім магчымасць зразумець, што толькі разам мы можам навесці парадак у нашых населеных пунктах. За гаспадароў ніхто не будзе рамантаваць платы, убіраць смецце і пустазелле. Аднак у рабоце з насельніцтвам даводзіцца не толькі прасіць, пераконваць, але часам і прымаць меры ўздзеяння на нядбайных за ігнараванне патрабаванняў. У бягучым годзе выпісана 95 прадпісанняў па навядзенні парадку на прысядзібных тэрыторыях, складзены адміністрацыйны пратакол.

За работнікамі сельвыканкама замацаваны населеныя пункты з мэтай пастаяннага кантролю за ўтрыманнем у належным санітарным стане ўласных гаспадарак грамадзян.

Усяго ў населеных пунктах выбраны і працуюць 13 старастаў. Іх цеснае ўзаемадзеянне ў рабоце з дэпутатамі дазваляе аператыўна вырашаць многія пытанні. Старасты вёсак удзельнічаюць у пасяджэннях сесій сельскага Савета, саветаў грамадскіх пунктаў аховы правапарадку, аглядавых камісій, сходах грамадзян, дзейсную дапамогу аказваюць па навядзенні парадку на грамадзянскіх могільніках. Сярод самых актыўных старастаў А. А. Бароўскі, С. І. Чатырка, М. І. Пальчык, Г. М. Конан.

Вялікую дапамогу аказваюць нашы сельскагаспадарчыя арганізацыі па ліквідацыі стыхійных звалак, вывазе смецця з грамадзянскіх могільнікаў. За сродкі ААТ «Агранёманскі» і «Вялікі Двор» сёлета закуплена 402 кілаграмы фарбы для пафарбоўкі бетоннай агароджы могільнікаў у вёсках Залужжа і Варацішча.

Усяго на тэрыторыі сельсавета 11 грамадзянскіх могільнікаў. За апошнія гады ўстаноўлена агароджа могільнікаў у Судніках, дзе на агульным сходзе жыхары вырашылі сабраць грошы. У Цвірках за сродкі грамадзян закуплены і ўстаноўлены вароты з металапрофілю, а на агароджванне скарыстана бюджэтная дапамога. На могільніку ў Старым Свержані выдалена 28 аварыйных дрэў, пафарбавана бетонная агароджа на могільніках у Залужжы і Варацішчы. Вядуцца работы па ўстаноўцы бетоннай агароджы на могільніку ў Скамарошках. Усяго за першае паўгоддзе сёлета ў сельсавеце праведзена 19 суботнікаў па навядзенні парадку.

Святыя месцы – помнікі і абеліскі загінуўшым у Вялікай Айчыннай вайне землякам. Вядзецца пастаянны іх догляд. У 2016 годзе ААТ «Вялікі Двор» устанавіла помнік партызану А. М. Дземідовічу. Сёлета за сродкі, сабраныя на суботніку, сельвыканкамам добраўпарадкаваны гэты мемарыял – укладзена плітка, устаноўлена агароджа.

Устаноўлены кантэйнерныя пляцоўкі для збору цвёрдых камунальных адходаў, пластыку і шкла ў 12 населеных пунктах, у 7 вёсках збор пакуль ажыццяўляецца спецаўтатранспартам АКС. Усяго ўстаноўлена 110 кантэйнераў, у тым ліку і на прыпыначных пунктах аўтадарогі Р54.

У апошнія тры гады стала добрай традыцыяй праводзіць святы вёсак, абрадавыя святы. Каб новае пакаленне не забывала гісторыю сваёй мясцовасці, шанавала мясцовыя звычаі, а таксама людзей, якія праславілі свой край. Да святаў жыхары адносяцца адказна: рамантуюць платы, фасады будынкаў, наводзяць парадак на прысядзібных тэрыторыях. Сёлета адрамантавана 720 метраў агароджы, пастаўлена новай – 980, абноўлена 12 фасадаў. Адзінокім грамадзянам аказвае дапамогу сельвыканкам. Ніколі не адмаўлялі ў дапамозе гаспадар піларамы ў вёсцы Вечатарова А. Г. Курыльчык, дырэктар ТАА «БорЛесПрам» І. В. Шулякоўскі.

Пастаянна кантралюецца выкарыстанне зямельных участкаў, выдзеленых пад будаўніцтва жылых дамоў. Забудоўшчыкам, якія не прыступілі да заняцця зямельнага ўчастка на працягу года пасля яго рэгістрацыі, выпісваецца прадпісанне. Калі яно не выконваецца, сельвыканкам мае права падаць іскавую заяву ў суд аб адабранні ўчастка. Як правіла, грамадзяне ў добраахвотным парадку здымаюць з рэгістрацыі зямельны ўчастак, і ён пераразмяркоўваецца іншаму забудоўшчыку, які стаіць на чарзе для атрымання ўчастка для будаўніцтва і абслугоўвання жылога дома. Аднак мела месца адабранне чатырох участкаў у сувязі з сышоўшым тэрмінам будаўніцтва. За продаж у 2016 годзе ў бюджэт сельвыканкама паступіла 13 914 рублёў. Для продажу з аўкцыёну падрыхтавана дакументацыя яшчэ на два ўчасткі ва ўрочышчы Сінява, рыхтуецца – на ўчастак у вёсцы Цвіркі. Рашэннем ад 20 кастрычніка 2015 года ў часовае карыстанне сельгаспрадпрыемствам перададзена 116,4 га ворыўных зямель.

Сельвыканкамам вядзецца планамерная работа па выкананні Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 23 лютага 2012 г. № 100 «Аб мерах па ўдасканаленні ўліку і скарачэнні колькасці пустуючых і старых дамоў у сельскай мясцовасці». Складзены банк даных такіх будынкаў, на сёння іх налічваецца 31. Устанаўліваюцца ўласнікі, ім накіроўваюцца прадпісанні аб прывядзенні дамоў у належны стан ці іх зносе. У выніку 7 уласнікаў прадалі пустыя будынкі, што ім належалі, і добраўпарадкоўваюць набытае жыллё новыя гаспадары. Калі грамадзяне не прымаюць ніякіх мер па навядзенні парадку і выкарыстанні дома для пражывання або пры адсутнасці ўласніка, камісія складае заключэнне аб уключэнні яго ў рэгістр. Дакументы накіроўваюцца ў суд, дзе дом прызнаюць безгаспадарным, і ён перадаецца ў камунальную ўласнасць сельвыканкама. Сельвыканкам выносіць рашэнне аб далейшым яго выкарыстанні: знос ці продаж з аўкцыёну. За перыяд з 2015 года ў суд пададзена 14 іскавых заяў. 10 заяўленых іскавых патрабаванняў судом задаволены. У выніку 7 дамоў знесены. Дом у вёсцы Скамарошкі прададзены з аўкцыёну, грошы ў суме 6558 рублёў паступілі ў бюджэт сельвыканкама. Рыхтуюцца дакументы для продажу з аўкцыёну дома, ацэненага ў 4448 рублёў.

У спісе дамоў, уключаных у рэгістр пустуючых у 2017 годзе, змешчаным у газеце «Прамень», 9 будынкаў, якія размешчаны ў населеных пунктах сельсавета.

Правядзенне работ па добраўпарадкаванні населеных пунктаў патрабуе ад сельвыканкама немалых намаганняў па адшуканні дадатковых крыніц папаўнення даходнай часткі бюджэту, а таксама эфектыўнай работы з насельніцтвам. Толькі ўсе разам, ва ўзаемадзеянні, з улікам думкі кожнага жыхара і кіруючыся законам, мы можам эфектыўна вырашыць пастаўленыя задачы.

Марына ТАЯНОЎСКАЯ,старшыня Старасвержанскага сельвыканкама, дэпутат сельскага Савета

 

СВЯТЛО АД ЛІХТАРОЎ

Адзін з прыярытэтных клопатаў Навасвержанскага сельвыканкама ў гэтую кастрычніцкую пару – забеспячэнне нармальнага функцыянавання вулічнага асвятлення.

Як вядома, з 13-га кастрычніка ўключана вулічнае асвятленне ў сельскіх населеных пунктах раёна. У Новым Свержані яно ўключае ў сябе прыкладна 90 ліхтароў, якімі асвятляюцца ў цёмны перыяд года шматлікія вуліцы і завулкі населенага пункта. Частка ліхтароў размешчана на рэспубліканскай дарозе Р54, што акурт пралягае па цэнтральнай вуліцы, і таму не выключаецца круглы год.

– Робім вячэрнія аб’езды, прымаем тэлефанаванні ад новасвяржан наконт таго, як працуе вулічнае асвятленне. Пасля перапынку ліхтары дзе-нідзе не ўключыліся – перагарэла лямпачка ці ветрам штосьці пашкоджана. У бліжэйшы час сфарміруем заяўку на выпраўленне няспраўнасцяў і перададзім яе ў РЭС, – тлумачыць старшыня сельвыканкама Анатоль Богдан.

За мінулы «асвятляльны» перыяд сельвыканкамам выдаткавана на вулічнае асвятленне 2 719 рублёў. У перспектыве ёсць надзея, што гэтыя выдаткі будуць змяншацца за кошт укаранення энергазберагальных тэхналогій. Так, ужо ў гэтым годзе энергетыкі плануюць пачаць маштабную рэканструкцыю электрасетак у Новым Свержані. Праект разлічаны на тры чаргі і ўключае ў сябе замену апораў і трансфарматарных падстанцый, мантаж кабельных ліній, а таксама прымяненне энергазберагальных святлодыёдных ліхтароў.  

 

У СЕМ’І ІДЗЕ КАМІСІЯ

Вішнявецкім сельвыканкамам надаецца першаступенная ўвага пытанням работы з нядобранадзейнымі сем’ямі і рэалізацыі Дэкрэта № 18.

– Агульнымі намаганнямі імкнёмся знізіць сямейную нядобранадзейнасць. Яе асноўная прычына – тое, што бацькі злоўжываюць спіртнымі напіткамі, – падкрэслівае старшыня Вішнявецкага сельвыканкама Ніна Гурыновіч. Да гэтай работы падключаны школа і дзіцячы сад, амбулаторыя, сельгаставарыствы, участковы інспектар міліцыі, свяшчэннік.

У сельсавеце праходзяць пасяджэнні грамадскага пункта аховы правапарадку, куды запрашаюцца праблемныя сем’і, у якіх ёсць непаўналетнія дзеці. Такіх на тэрыторыі сельсавета 14, у іх выхоўваюцца 39 дзяцей (дзеці з шасці сем’яў вучацца ў Вішнявецкай школе, з васьмі – у Горкаўскай). Раз на месяц міжведамасная камісія наведвае такія сем’і. Ім аказваецца неабходная дапамога.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *