І Ў СТАЛІЦУ, І ПА КОЛАСАВЫХ МЯСЦІНАХ
– Большасць прапанаваных экскурсій для школьнікаў не разыходзіцца з вучэбнымі планамі, яны носяць вучэбна-пазнавальны характар, – падкрэслівае дырэктар Стаўбцоўскага бюро падарожжаў і экскурсій Леаніда Высоцкая.
Своеасаблівыя музейныя ўрокі ў сувязі са 135-годдзем з дня нараджэння Якуба Коласа праходзяць і на радзіме Якуба Коласа. Школьнікі-пачаткоўцы, у прыватнасці з СШ № 3 г. Стоўбцы, актыўна наведваюць філіял мемарыяльнага музея ў Смольні, дзе ажываюць многія творы песняра, і турбазу «Высокі бераг» – узор маляўнічасці нашага краю і яго гасціннасці, таму што тут гасцей сустракаюць пачастункам – чаем з блінамі. Інтарэс назіраецца сёлета і да музея Ф. Э. Дзяржынскага.
Сёлета, у Год навукі, адной з самых запатрабаваных экскурсій для школьнікаў стаў музей навук «Квантум».
Гэты музей з’явіўся ў Мінску адносна нядаўна, і першымі з нашага раёна наведалі яго вучні СШ № 2 г. Стоўбцы. Да іх актыўна далучыліся іншыя гарадскія школы, Залужскі ВПК дзіцячы сад – сярэдняя школа. Новы музей здзіўляе тым, што знаёміць з рознымі навукамі адначасова. Адбываецца гэта праз лазерны лабірынт, нахілены пакой, мэблю Гулівера і іншыя навукова-забаўляльныя вопыты і практыкаванні. У музеі прадстаўлена больш за 150 экспанатаў, і да кожнага можна дакрануцца.
Ёсць жадаючыя наведаць музей Мінскага метрапалітэна, размешчаны на станцыі «Магілёўская». «Музей бясплатны, – звяртае ўвагу Леаніда Высоцкая. – У ім можна даведацца пра гісторыю стварэння метро і пабыць у ролі машыніста (балазе, у экспазіцыі прадстаўлены макет рэальнай кабіны машыніста), што адначасова знаёміць дзяцей з сучаснымі запатрабаванымі прафесіямі і служыць іх прафарыентацыі». Пра прафарыентацыйную ролю экскурсій можна сказаць і пры наведванні вядомых айчынных вытворцаў цукерак і кандытарскай прадукцыі «Камунарка» і «Слодыч».
Акрамя таго, у школьнікаў раёна нязменным попытам карыстаюцца таксама тэатры, цырк з яго новай праграмай «Цырк запальвае зоркі» і магчымасцю трапіць па выхадных на дзённае прадстаўленне. У дарослых упадабаны машрут-паломніцтва – у Жыровічы, Сынкавічы. Леаніда Высоцкая называе сярод прафсаюзных арганізацый прафкам Стаўбцоўскага занальнага вузла электрасувязі. Нядаўна сувязісты здзейснілі запамінальную паездку ў Брэст. Калектыў гэтай арганізацыі адносна невялікі, але дзякуючы ініцыятыўнасці старшыні прафкама Марыны Пашковіч ён не змяняе сваёй традыцыі – адпраўляцца некалькі разоў на год у новае падарожжа.
Таццяна ПЯТКЕВІЧ
ЖЫВЫЯ ГЕРОІ «НОВАЙ ЗЯМЛІ»
Якуб Колас часта настолькі заставаўся верным прынцыпу дакументальнасці, дакладнасці, што даследчыкам не складала асаблівай цяжкасці расшыфроўваць персанажы «Новай зямлі».
У паўнаце адносін, традыцый, звычак, паводзін, характараў, у шырокай падачы побыту, працы, адпачынку паўстае перад намі сям’я Міхала. І за самім гаспадаром зусім не цяжка пазнаць бацьку паэта Міхала Казіміравіча Міцкевіча.
Ганна – маці паэта, Ганна Юр’еўна Міцкевіч (дзявочае прозвішча Лёсік). У яе вобраз Якуб Колас уклаў і душэўную цеплыню, і мацярынскую дабрату, чуллівасць, пяшчоту. Але як сакавіта па-народнаму і ўмела па-вясковаму ўмее Ганна накрычаць і паўшчуваць Міхала, калі ён вяртаўся дадому выпіўшы.
Ганна – гэта захаванне і выкананне розных традыцый, часам рэлігійных, Ганна – гэта святасць павер’яў і паданняў, звязаных з земляробчай працай. Яна не толькі працуе і выхоўвае дзяцей, але і суперажывае марам і задумам галоўных герояў – Міхала і Антося.
Дзядзька Антось – малодшы брат Міхала – Антон Казіміравіч Міцкевіч. Яго вобраз сваёй «знешнасцю», дзейснасцю ў многім унутраны, псіхалагічны характар Міхала. Майстар на ўсе рукі, на кім ад зімы і да зімы ляжыць «ярэмца хлебароба», дзядзька Антось – сцвярджэнне жыцця і працы.
Якубу Коласу не прыйшлося дамалёўваць у чым-небудзь вобраз Антося. Узяты «жыўцом» непасрэдна з памяці, ён застаўся такім жа і ў паэме.
Успамінаючы дзядзьку Антося, Якуб Колас у аўтабіяграфіі пісаў: «У сям’і жылі два дзядзькі – Пятрусь і Антось, людзі пісьменныя. Дзядзька Пятрусь быў на вайсковай службе пісарам. Ён любіў чытаць кнігі, разбіраўся ў іх і наогул шанаваў кнігу. Дзядзька Антось, малодшы з маіх дзядзькоў, здаў экзамен за курс пачатковай школы. Ён ведаў многа розных апавяданняў, казак і ўмеў цікава іх расказваць, ведаў многа песень, галоўным чынам з розных спеўнікаў; любіў дзяцей, умеў з імі ладзіць і добра разумеў дзіцячую псіхалогію. Ён і прывіў мне любоў да навукі і вельмі зацікавіў байкамі Крылова, творы якога я пазней амаль усе ведаў на памяць».
З любоўю і праўдзівай дакладнасцю Якуб Колас малюе партрэт дзядзькі Антося:
Вось як жывога дзядзьку бачу,
Я тут партрэт яго зазначу.
Ён невысок, не надта ёмак,
Ды карчавіты і няўломак,
А волас мае цёмна-русы,
І зухаўскія яго вусы
У меру доўгі, густаваты,
Угору чуць канцы падняты;
А вочы шэры, невялічкі,
Глядзяць прыветна, як сунічкі,
Але раптоўна і адразу
Не расчытаеш іх выразу:
То смех, то хітрасць з іх бліскае,
То дабрата, але якая!
Па ўспамінах родных і знаёмых Я. Коласа дзядзька выглядаў іменна так. Жывучы ў братавай сям’і, працуючы на яе, дзядзька Антось усе свае сілы аддае для радасці і дабрабыту іншых. Ён так і не жаніўся да канца сваіх дзён. І тут Колас застаецца верным праўдзе жыцця:
Каб дапісаць партрэт Антося,
Скажу: на свеце не знайшлося
Ні ўдоўкі-любкі, ні дзяўчыны,
Каб палучыць дзве палавіны,
Каб разам шчасце здабываць
І поруч долю падзяляць.
Па-майстэрску Я. Коласам намалявана карціна выбару касы. Тут дзядзька Антось выступае як вялікі знаўца гэтай сялянскай справы, як дбайны гаспадар:
І паглядаць было цікава,
Як дзядзька шчыра і ласкава
Касу на рынку выбірае!
Якіх ён спроб там не ўжывае!
Спярша агледзіць яе пільна,
З усіх бакоў глядзіць прыхільна
І паступова, па парадку
Як на насок, так і на пятку
І на кляймо, на шыйку тую;
Глядзіць мінуту і другую.
Па ўспамінах быўшага настаўніка Леаніда Міхайлавіча Бірулі да дзядзькі Антося часта прыходзілі мікалаеўцы з просьбай дапамагчы выбраць касу.
Каларытная і багатая натура дзядзькі Антося ў жыцці амаль не патрабавала мастацкага домыслу, дамалёўкі ў паэме. Усё залежала ад глыбіні таленту паэта, ад майстэрства валодання словам, ад умення адбіраць патрэбны матэрыял, які арганічна мог увайсці ў агульную канву паэмы.
Вялікае месца ў паэме адведзена дзецям. Вобразы Уладзіка, Алеся, Міхаліны, Гэлі, Юзіка, Ганны і Костуся спісаны з братоў і сясцёр Я. Коласа, з сябе. Уладзік – Уладзімір Міхайлавіч Міцкевіч, Алесь – Алесь Міхайлавіч Міцкевіч, Міхаліна – Міхаліна Міхайлаўна Міцкевіч, Гэля – Алена Міхайлаўна Міцкевіч, Юзік – Іосіф Міхайлавіч Міцкевіч. А вось наконт Ганны, аднойчы ўпамянутай сярод дзяцей у паэме, у А. Лойкі ўзнікаюць сумненні. «Толькі Ганны… не было сярод сясцёр паэта».
Алесь КАМАРОЎСКІ