Грыбная пара ў любімым куточку

На сувязі - рэдакцыя Нумары

Мая хата знаходзіцца ў пачатку вёскі Ніўнае. Недалёка ад таго месца, дзе я жыву, расце малады асіннік і беразнячок.

Асабліва прыемна бываць тут восенню, калі кроны маладых дрэўцаў набываюць залацісты і бардовы колер, а ў траве можна адшукаць прываблівыя сваёй афарбоўкай чырвонагаловікі. Ды і шукаць іх асабліва не трэба: яны яшчэ здалёк заяўляюць пра сябе сваімі яркімі галоўкамі. Часам грыбы сустракаюцца цэлымі сем’ямі. Усе яны тут жа дружна трапляюць у мой кошык.

Нядаўна заглянуў у любімы куточак. Уважліва прыглядаючыся, раптам заўважыў ледзь прыкметныя чырвоныя пятачкі, якія толькі праклюнуліся з зямлі. Як маленькія птушаняткі, яны высоўвалі свае кругленькія галоўкі насустрач святлу і сонцу. Усяго налічыў шэсць грыбкоў. Я пашкадаваў зразаць іх, таму пакінуў, каб сустрэцца з імі на другі дзень, бо грыбы, кажуць, хутка растуць ноччу.

Якім жа было маё расчараванне, калі на наступны дзень я застаў сваіх гадаванцаў прыкладна такімі, якімі пакінуў учора. Мае візіты паўтараліся некалькі дзён. На чацвёрты дзень грыбкі выраслі прыкладна на паўтара-два сантыметры. Калі я нарэшце зрэзаў іх, то заўважыў, што карэньчыкі грыбкоў пажаўцелі і сталі нейкімі вялымі. Чаму ж яны не выраслі? Магчыма, гэтай з’яве ёсць нейкае навуковае абгрунтаванне. Спадзяюся, што вырашу гэтае пытанне пры дапамозе навуковай літаратуры.

Максім ПРЫГОЖЫ, вучань Дзераўнянскай сярэдняй школы



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *