Без шанцаў

Нумары Спорт

У лексіконе спартыўнай журналістыкі папулярнае слова «тэарэтычна». Бачна, што каманда далёка адстала ад канкурэнтаў у спаборніцтве за дасягненне мэты. Спраўная наўрад ці дагоніць сапернікаў, што імкнуцца да прызавых прыступак. Няўдачлівая далёка ззаду і не мае сіл для рашучага рыўка. Але ў тэорыі ўсё магчыма: лідары свае сустрэчы прайграюць, апошнія з імі зраўняюцца. Тур за турам – і нарэшце наступае момант, калі і арыфметычны падлік паказвае: тэарэтычнае не стала практычным. Надзей на лепшы лёс няма. Але ж футбол, як у вядомай песні, менш, чым жыццё, і ён не заканчваецца. Будуць новы сезон і новыя мэты.

Вось такая прадмова перад падвядзеннем высновы. Стаўбцоўская каманда «Нёман-Агра» пакідае першую лігу футбольнага чэмпіянату Беларусі, будзе выступаць у наступным годзе ў другой лізе. А месца сёлета ў нашых апошняе, шаснаццатае. Тэарэтычна яшчэ магчымае і пятнаццатае, але гэта ўжо нічога не дасць. Два аўтсайдары развітаюцца з другім па сіле дывізіёнам беларускага футбола. Гэта «Нёман-Агра» і, хутчэй за ўсё, ФК «Асіповічы».

Усё ж верныя балельшчыкі, якія сабраліся на стадыёне «Юнацтва», наўрад ці папракнуць нашых футбалістаў за бязвольную гульню. Нёманцы праявілі ўсё старанне, аднак уступілі клубу «Слонім-2017» з лікам 2:3. Галы ў нашай камандзе на рахунку Язвінскага і Булынёнка.

Наперадзе яшчэ чатыры туры чэмпіянату рэспублікі сярод камандаў першай лігі. Сёння «Нёман-Агра» згуляе ў Пінску з камандай «Хваля». 28 кастрычніка будзе прымаць на сваім полі «Смалявічы-СТІ». Смалявіцкія футбалісты цяпер на трэцім месцы і вядуць з лідарамі турніру – мінскімі «Праменем» і «Тарпеда», а таксама гомельскім «Лакаматывам» – барацьбу за права пераходу ў вышэйшую лігу. 4 лістапада ў стаўбчан – гульня ў Мінску з «Энергетыкам-БДУ» і 11 лістапада – у Стоўбцах, з бабруйскай «Белшынай». І якія б ні былі турнірныя мэты, спартсмены заўсёды змагаюцца за перамогу.

Ф. ФЯДОТАЎ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *