Паставіць «дыягназ» аўтамабілю

Нумары У калектывах Стаўбцоўшчыны

2810f

У кастрычніку 2003 года ў аўтапарку № 17 была адкрыта першая і адзіная на Стаўбцоўшчыне дыягнастычная станцыя, якая дазваляе прайсці дзяржаўны тэхнічны агляд транспартных сродкаў усіх катэгорый. З дня адкрыцця начальнікам станцыі працуе Мікалай Дзявойна, адзін з вопытнейшых работнікаў прадпрыемства і транспартнай галіны раёна ў цэлым.

Мікалай Міхайлавіч прызнаецца: «У маёй працоўнай кніжцы адзіны запіс – з 1-га ліпеня 1980 года прыняты на работу ў аўтапарк». Між іншым, ён пасля заканчэння Лідскага індустрыяльнага тэхнікума і службы ў арміі вярнуўся на родную Стаўбцоўшчыну і меў выбар, куды ўладкавацца на працу.

За амаль чатыры дзесяцігоддзі працоўнай біяграфіі ў аўтапарку паспрабаваў сябе на многіх участках і ў падраздзяленнях. Усе яны, зразумела, былі напрамую звязаны з эксплуатацыяй і абслугоўваннем тэхнікі розных відаў і марак. Багаты практычны вопыт, а яшчэ сучасныя веды, якімі дапаўняецца багаж падчас пастаянных курсаў павышэння кваліфікацыі, дазваляюць Мікалаю Дзявойну сёння сказаць: «У тэхніцы для мяне няма нечага незнаёмага» – і выставіць пасля праведзенай дыягностыкі, як гэта робіць лекар, дакладны «дыягназ» аўтамабілю.

Побач з Мікалаем Дзявойнам асвойваюць прафесію двое маладых калег, інжынеры Яўген Канічук і Мікалай Самахвал. Невялікі, але дружны калектыў станцыі дыягностыкі нельга ўявіць без прадстаўніка УП «Белтэхагляд» – інжынера па допуску транспартных сродкаў да ўдзелу ў дарожным руху Аляксандра Губарэвіча. Пра прынцыпы партнёрства і супрацоўніцтва Мікалай Міхайлавіч выказваецца так: «Кожны ведае сваю работу і выконвае абавязкі з поўнай адказнасцю. Дапамога нам – розныя стэнды, сучасныя прыборы, але не заўсёды можна прыняць рашэнне ў адзіночку. Раімся, шукаем узаемаразуменне, каб гэтае рашэнне было максімальна аб’ектыўным».

У работнікаў станцыі, прадстаўніка УП «Белтэхагляд», як і ў большасці жыхароў раёна, ёсць уласныя транспартныя сродкі (Аляксандр Губарэвіч пажартаваў на гэты конт: дома прадстаўлены ўвесь машынна-трактарны парк, так бы мовіць, тэхніка «ад пасадкі да ўборкі», якую самому прыходзіцца і рамантаваць), і для кожнага справа гонару – прайсці іх своечасовы тэхагляд. І, такім чынам, таксама ўнесці свой уклад у тое, каб станцыя дыягностыкі і далей заставалася на добрым рахунку ў маштабах Мінскай вобласці, мела магчымасць развівацца і павышаць якасць паслуг.

Да слова, у 2015 годзе дыягнастычная станцыя ў г. Стоўбцы чарговы раз пацвердзіла ў Міністэрстве транспарту і камунікацый Рэспублікі Беларусь на бліжэйшую пяцігодку сваё права на выдачу дазволаў на правядзенне дзяржтэхагляду транспартных сродкаў усіх катэгорый. Нельга не сказаць і пра сёлетняе рашэнне раённага выканаўчага камітэта – партрэт начальніка дыягнастычнай станцыі Мікалая Дзявойны занесці на раённую Дошку гонару.

З пачатку бягучага года дыягнастычнай станцыяй ажыццёўлена 4700 праверак транспартных сродкаў прадпрыемстваў і прыватных уладальнікаў. Прычым, на тэхагляд прыязджаюць не толькі жыхары нашага, а і суседніх раёнаў.

– Усё больш машын праходзяць тэхагляд з першага разу, таму што прадпрыемствы ды іх уладальнікі сталі належным чынам рыхтавацца, – робіць выснову Мікалай Дзявойна. – Разам з тым, неадпаведнасці былі выяўлены ў 1290 выпадках, у сувязі з чым спатрэбіліся паўторныя праверкі. Часцей за ўсё сустракаюцца недахопы ў рэгуліроўцы фараў, тармазной сістэме, перавышэнні экалагічных паказчыкаў, прынамсі ў бензінавых аўтамабілях. Стараемся растлумачыць, падказаць, як іх выправіць. Самае складанае, як заўважае мой суразмоўца, – гэта работа з людзьмі.

Да кожнага кліента неабходна знайсці падыход, своеасаблівую граматную «рэгуліроўку». Калісьці на станцыі стаялі чэргі аўтамабіляў, а сёння дзейнічае папярэдні запіс (па тэл. 7-33-67), устаноўлены тэрмінал для безнаяўных разлікаў і т. п.      

Калі ў калектыве станцыі ў Мікалая Дзявойны цалкам мужчынскае асяроддзе, то дома – наадварот, выключна жаночае. Яго асаблівая гордасць – тры дачкі. Старэйшыя Маргарыта і Вераніка ўжо выйшлі замуж і, адпаведна, мужчын у сям’і стала больш. З’явіўся ўнук. Малодшая Люба ў гэтым годзе парадавала бацькоў тым, што паступіла ў Беларускі дзяржаўны медыцынскі каледж. Мікалай Міхайлавіч прыгадвае, як у свае студэнцкія гады захапляўся баскетболам, нават гуляў у камандзе тэхнікума, а цяпер аддае перавагу рыбалцы. Па ляшчоў, самоў, язёў ездзіць з такімі ж аматарамі, як сам, аж на Прыпяць. А на Нёман, багаты маляўнічымі мясцінамі, выязджаюць з сям’ёй адпачываць.

Праводзяць шмат часу разам на бацькоўскай сядзібе ў Вязаўцы. Хоць бацькоў ужо няма, участак не пустуе і хата дагледжаная. «Вырошчваем усе культуры, – заўважае Мікалай Міхайлавіч адносна дачы. – Бацькі прывучылі мяне да працы, і я прывучаю сваіх дзяцей». Удзел у дачных работах прымае і сястра Мікалая Міхайлавіча – Рыта Міхайлаўна, якая пражывае ў Санкт-Пецярбургу.

А марай застаецца звычайнае, бацькоўскае: каб унукаў больш ды было ў дзяцей сваё жыллё.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *