Падзеі і здарэнні

Нумары Падзеі і здарэнні

ЗАГСам зарэгістраваны па раёне сем шлюбаў, зроблены тры адзнакі аб скасаванні сямейнага саюза. Пасведчанні аб нараджэнні атрымалі трое маленькіх жыхароў Стаўбцоўшчыны: Савелій Рыбак, Яўгенія Клімко і Андрэй Курыла.

Зямны шлях закончыўся для 11-ці жыхароў раёна.

У пажарнай часці згадалі два пажары. Агнём знішчаны жылы дом у Сверынаве. У Курачках загарэлася лазня.

Міліцыяй зарэгістравана 115 паведамленняў аб правапарушэннях, у выніку чаго ўзбуджана 18 крымінальных спраў, у 17 з іх устаноўлены падазроныя. На 277-м км аўтамагістралі М1, непадалёку ад Ператокаў, вадзіцель аўтамабіля «Лада-гранта» ўчыніў наезд на пешахода, які нечакана выйшаў з-за велікагрузнага аўтамабіля і перасякаў з веласіпедам у руках праезджую частку. Пешаход загінуў. З 26 па 28 кастрычніка на тэрыторыі раёна праходзіць спецыяльны комплекс мерапрыемстваў «Быт» у мэтах папярэджання насілля ў сям’і (тэлефоны гарачых ліній – 5-01-67 і 5-19-15 (кругласутачна), 8-801-100-8-801 (з 08.00 да 20.00).

Стаўбцоўскай міжраённай інспекцыяй аховы жывёльнага і расліннага свету затрыманы дачнік, які на затоцы Нёмана, паблізу Русаковічаў, спрабаваў парыбачыць з дапамогай сетак. Браканьеру пагражае штраф да 50 базавых велічынь.

Пракуратурай раёна ў выніку маніторынгу выканання заканадаўства ў вобласці ветэрынарнай дзейнасці для малочнатаварных фермаў выяўлены парушэнні з боку службовых асоб ААТ «Агранёманскі», «Шашкі» і «Рубяжэвічы», у сувязі з чым накіраваны даручэнні галоўнаму ветурачу раёна аб падрыхтоўцы справы аб адміністрацыйным правапарушэнні.

ДАІ выявіла 205 парушэнняў правілаў дарожнага руху. Сярод парушальнікаў – двое п’яных вадзіцеляў і дзевяць вадзіцеляў-бяспраўнікаў, 43 недысцыплінаваныя веласіпедысты і пешаходы. На вуліцы ў Жыгалках нецвярозы веласіпедыст учыніў ДТЗ – «сутыкнуўся» з прыпаркаваным аўтамабілем.

Санітарнай службай забаронены продаж 7,4 кг прадукцыі з сышоўшым тэрмінам прыдатнасці ў гандлёвым аб’екце ПГУП «РадугаТорг» (г. Стоўбцы, вуліца Цэнтральная, 3-в, дырэктар – А. І. Уласік). Распачаты адміністрацыйны працэс.

«Хуткая» атрымала 175 выклікаў, у тым ліку восем – да асоб з алкагольным ап’яненнем.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *