Рабочы рытм ДРБУ

Нумары У калектывах Стаўбцоўшчыны

2810d

Напярэдадні прафесійнага свята дарожнікаў мы даведаліся, дзе цяпер працуюць работнікі філіяла КУП «Мінскаблдарбуд» – «ДРБУ № 135». Сярод іх аб’ектаў – цалкам новае будаўніцтва і работы па ўтрыманні, добраўпарадкаванні мясцовых дарог. Вытворчая геаграфія ахоплівае практычна ўвесь раён.

– Частка нашых работнікаў занята і ў Мінскім раёне. На двух аб’ектах усё зроблена пад ключ – ад земляных работ да асфальтавання, устаноўкі дарожных знакаў. Выпуск іх – гэта наша ўласная вытворчасць, – расказвае па дарозе дырэктар ДРБУ № 135 Вадзім Савіцкі. – У сярэднім выпускаем 2300 дарожных знакаў у месяц. Пераважная большасць іх рэалізуецца філіялам «Мінскаблдарбуд» для ўстаноўкі на аўтадарогах у Мінскай вобласці.  

На ўтрыманні ДРБУ знаходзіцца 760 км дарог, 175 км вуліц сельскіх населеных пунктаў раёна. Вясной быў праведзены іх ямачны рамонт. Вядуцца бягучыя рамонты, уборка. «Фінансаванне ў параўнанні з узроўнем мінулага года зменшана на 350 тысяч рублёў, таму ўпор зроблены на пошук заказчыкаў і атрыманне даходаў праз прамыя дагаворы, аказанне паслуг», – падкрэслівае дырэктар.

Як пацвярджэнне гэтага бачым, што змяніўся адзін з участкаў вуліцы Набярэжнай у Стоўбцах. Дзякуючы заказчыку Сяргею Пяткевічу, у якога тут знаходзіцца свой магазін, на месцы разбітай гравійнай дарогі цяпер ляжыць асфальтавае пакрыццё. Літаральна за два дні дарожнікі правялі падрыхтоўчыя работы і выканалі асфальтаванне. «Спатрэбілася каля 200 тон асфальту, – зазначае Вадзім Савіцкі. – Усяго за сёлетні сезон выпусцілі яго на сваім заводзе 16 тысяч тон. Магутнасці ж дазваляюць значна больш – 30 тысяч тон».

Сёлета, як і ў мінулыя гады, вялікія аб’ёмы асфальтабетону спатрэбіліся для правядзення работ на філіяле ААТ «ККХ «Мінскі маторны завод» у г. Стоўбцы, дзе ўзводзіцца новы завод чыгуннага ліцця. Паэтапна яны вядуцца ў цёплы перыяд з 2013 года і ўжо блізяцца да завяршэння.

– Трэба ўстанавіць каля 800 м2 тратуарнай пліткі і больш за тысячу метраў пагонных дарожнага і тратуарнага бартоў, правесці асфальтаванне. За кастрычнік неабходна асвоіць 350 тысяч рублёў, – заўважае прараб Аляксандр Свірскі. Напружанымі былі ў Аляксандра Іосіфавіча і папярэднія месяцы, калі споўнілася акурат 30 гадоў яго працоўнай біяграфіі ў ДРБУ. Роўна столькі ж гадоў шчыруе тут вадзіцелем Мікалай Майстрэнка. Гэта ён даставіў на аб’ект рабочых Дзмітрыя Хлябовіча, Анатоля Грышана, Вячаслава Рагозу, Аляксандра Беця. Тэхніка яго далёка няновая, але, дзякуючы старанням вадзіцеля, заўсёды на хаду.

Акрамя філіяла маторнага завода, ДРБУ праводзіла сёлета асфальтаванне ў ААТ «Рубяжэвічы» і ААТ «Радзіма Дзяржынскага», правяло комплекс работ па заказе кампаніі «Сула Плюс». Асабліва плённае супрацоўніцтва наладжана з ААТ «Вялікі Двор». У гэтай гаспадарцы на працягу года дарожнікі ўжо трэці раз. Так, яны рамантавалі асфальтабетоннае пакрыццё на комплексе, заасфальтавалі тэрыторыю машынна-трактарнага парка. Цяпер робяць пляцоўку і пад’язныя шляхі да новых жывёлагадоўчых памяшканняў.

Аб’ект уражвае маштабам і, адпаведна, грунтоўным падыходам з боку заказчыка, тэмпамі работ. У чарзе на выгрузку выстраіліся самазвалы з гарачым асфальтам. «Учора быў пакладзены ніжні слой, сёння займаемся верхнім», – расказваюць майстар Станіслаў Цяўлоўскі і прараб Дзмітрый Жылянок. На ўкладцы задзейнічаны Ванда Жыбуль (ветэран арганізацыі), Дзмітрый Жыдкевіч, Яўген Жыбуль і іншыя. Добрыя водгукі – пра вадзіцеля Івана Рубіна. У адказ кіраўніцтва «Вялікага Двара» своечасова разлічваецца з дарожнікамі і корміць іх падчас правядзення работ смачнымі абедамі.

Увіхаюцца работнікі ДРБУ № 135 і ў новым мікрараёне індывідуальнай жылой забудовы Паўночны-2. У гравійным выкананні ўжо сем вуліц. Кіраваў работамі Адам Петух, таксама адзін са старажылаў арганізацыі. Яго надзейная памочніца-брыгадзір – Іна Хілімон.

Спецыяльна выязджаем на гравійную аўтадарогу Ячонка – Тулёнка, каб сустрэцца з адным з лепшых машыністаў аўтагрэйдара Анатолем Ліпніцкім. «Менавіта яго накіроўваем на самыя адказныя аб’екты», – дае характарыстыку дырэктар. Анатоля Ліпніцкага не раз узнагароджваў Мінскаблдарбуд. Яго партрэт быў занесены на раённую Дошку гонару. Два гады таму яму даверылі новы аўтагрэйдар… Машына рухаецца па дарозе роўна, пакідаючы пасля сябе гладкае палатно. «Не ўяўляю свайго жыцця без тэхнікі. Грэйдзірую за дзень і восем, і дзесяць кіламетраў», – дзеліцца механізатар з 22-гадовым стажам. Дырэктар дадае: «У нас выходзяць на дарогі ўжо пяць грэйдараў. Два з іх былі адноўлены».  

Абнаўленне машынна-трактарнага парку – адзін з надзённых клопатаў кіраўніцтва ДРБУ. А з надыходам халадоў, калі заканчваецца на дарогах будаўнічы сезон, важна на зімовыя месяцы знайсці работу калектыву, у якім больш за сотню працаўнікоў.

На здымках: на аб’екце дырэктар ДРБУ Вадзім Савіцкі (справа) гутарыць з майстрам Станіславам Цяўлоўскім; заслужыў аўтарытэт у калектыве машыніст аўтагрэйдара Анатоль Ліпніцкі; дастаўляе работнікаў на аб’екты вопытны вадзіцель Мікалай Майстрэнка; дарожнікі вядуць укладку асфальтабетонуў ААТ «Вялікі Двор».

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *