Грамадства

Нумары Соцыум

2810a

З ПАКЛОНАМ – ДА ЎДЗЕЛЬНІЦЫ ПРАЦОЎНАГА ФРОНТУ

Гэтымі днямі залатой восені адзначыла свой 90-гадовы юбілей шаноўная стаўбчанка – Аляксандра Зуб. Аляксандра Мікітаўна нарадзілася ў Расіі, у Вяземскім раёне, а ў Беларусь трапіла ў 1944-м годзе, будучы 17-гадовай дзяўчынай, у складзе работнікаў эвакуацыйнага шпіталя, які рухаўся на захад услед за наступаючым фронтам. Пасля вайны затрымалася ў Клецку. Там сустрэла свой лёс. Васіль, таксама ўдзельнік вайны, працаваў у райкаме камсамола, яна ўладкавалася ў банк. У Клецку ў іх нарадзілася дачка-першынец.

З Клецка ў 1953 годзе Васіля Міхайлавіча Зуба перавялі на работу ў Стоўбцы. Ён пакінуў тут значны след. Працаваў старшынёй выканкама Стаўбцоўскага гарсавета, а ў 1964 годзе ўзначаліў адну са старэйшых школ горада, цяперашнюю гімназію № 1. Будучы яе нязменным дырэктарам на працягу 24-х гадоў, атрымаў званне заслужанага настаўніка.

Яго верная спадарожніца, Аляксандра Мікітаўна, і ў Стоўбцах працягнула работу ў банку, застаючыся вернай гэтай прафесіі на ўсё жыццё. Невыпадкова, што павіншаваць яе з прыгожым жыццёвым юбілеем прыйшоў старшыня раённага савета ветэранаў Іосіф Язвінскі разам з начальнікам цэнтра банкаўскіх паслуг № 518 у г. Стоўбцы рэгіянальнай дырэкцыі па Мінскай вобласці ААТ «Белаграпрамбанк» Таццянай Базарэўскай.

Такім гасцям у доме рады. Сустракаюць абедзве дачкі Аляксандры Мікітаўны, хоць самі пражываюць у іншых гарадах. Для імянінніцы – віншавальны адрас, сардэчныя словы, букет кветак… Да юбілею – і абавязковы матэрыяльны дадатак. Акрамя таго, Таццяна Базарэўская ўдакладняе: «А набыццё лекаў вам ужо аплацілі?» Галоўнае пажаданне Аляксандры Мікітаўне – дажыць як мінімум да свайго 100-годдзя. Па жыцці гэтая сям’я вылучаецца прыстойнасцю, сціпласцю. Іосіф Язвінскі прыгадвае, што дочкі Аляксандры Мікітаўны доўгі час адмаўляліся ад бясплатнай бульбы, якой у нашым горадзе забяспечваюць ветэранаў вайны. «Мы самі садзілі бульбу і дзяліліся ёю з матуляй», – тлумачаць дочкі. Яны падарылі ёй двое ўнукаў, праўнучку. У размове высвятляецца, што і дагледжаная кватэра матулі – таксама іх заслуга.  

Аляксандра Мікітаўна жыве ў доме, дзе па суседстве размешчаны яшчэ дзве кватэры, у тым ліку камунальная, і ўжо больш як дваццаць гадоў яна ўдава, таму, калі б не дзейсная падтрымка блізкіх, ці была б яна ў сваім узросце такой мяккай, аптымістычнай жанчынай? Асаблівая ўдзячнасць – банкаўскай установе, якая не забывае сваіх былых работнікаў.

– Аляксандра Мікітаўна кіравала ў нашым банку касай. Гэта вельмі адказная работа. Яе банкаўскі стаж складае 38 гадоў 11 месяцаў, – заўважае Таццяна Базарэўская і перадае юбіляру прывітанне і падзяку ад тадышняга дырэктара аддзялення аграпрамбанка Міхаіла Пятровіча Зяневіча. Ад сябе робіць надзвычай своечасовую і важную рэмарку: – Мы вас цэнім і помнім, рады бачыць у добрым здароўі.

– Мне мая работа падабалася, асабліва з кліентамі, – дадае ў тон размовы Аляксандра Мікітаўна.

– А як вы трапілі ў банк?

– У вайну на працягу двух гадоў працавала ў шпіталі, а ў 1945-м, калі шпіталь быў расфарміраваны, мы з сяброўкай пайшлі па Клецку шукаць работу. Абавязкова хацелі быць разам. Прайшлі шмат арганізацый і толькі ў банку знайшлі работу адразу для абедзвюх. Нас узялі ў бухгалтэрыю. А потым нечакана з’ехала старшы касір, і мне прыйшлося займацца касай. Не хацелася, але выйсця не было. У 1947 годзе прайшла грашовая рэформа. Паступілі новыя грошы, а сейф быў дрэнна абсталяваны… Банк тады дрэнна ацяпляўся… Аклады былі невялікія, і некаторыя мне казалі: «Што ты сядзіш?». Я нічога не захацела мяняць. Цяпер я так задаволена, што засталася ў банку. Што за людзі там працуюць! А колькі яны дапамагаюць нам!?.

– Вы не толькі работніца банка, а і ўдзельніца працоўнага фронту. Раскажыце пра ваенны перыяд вашага жыцця.

– Да вайны майго бацьку мабілізавалі на граніцу каля Ленінграда для будаўніцтва ваеннага горада, і мы прыбылі разам з ім. І раптам – вайна. Калі прайшлі чуткі, што немец падыходзіць да Ленінграда, нас сталі эвакуіраваць праз Фінскі заліў у тыл. Нічога лішняга з сабой браць не дазволілі. Арганізавалі дзіцячы эшалон, ён быў вялікі. Ехалі марудна, па начах, таму што днём прапускалі ваенныя і санітарныя эшалоны. Бачылі, як бамбілі эшалоны… Аселі на станцыі Мурашы ў Кастрамской вобласці. Памятаю, што жыхары неахвотна бралі нас па кватэрах. Там быў франтавы шпіталь, і я пайшла даглядаць раненых. Мая сястра была аперацыйнай сястрой. Каб раненыя хутчэй выздараўлівалі, чытала ім вершы, пісала іх родным пісьмы… Мы з сястрой засталіся жывыя, а брат загінуў на вайне…

Мірнага вам неба, доўгіх і шчаслівых гадоў жыцця, шаноўная Аляксандра Мікітаўна!

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 

БЕЛЫ КІЙ ЯК СІМВАЛ

Традыцыйна ў Беларусі і раёне з 15 кастрычніка па 15 лістапада праходзіць месячнік белага кія.

З гэтай нагоды мы гутарым са старшынёй раённай арганізацыі Таварыства інвалідаў па зроку Аляксандрам Клімашам.

– Месячнік пачынаецца акурат з Міжнароднага дня белага кія і абяцае быць насычаным, – адзначае Аляксандр Іванавіч. – Запланаваны чарговы сход членаў раённай арганізацыі. Прадугледжаны ўдзел у мерапрыемствах да Дня маці, Дня невідушчага чалавека, які прыпадае на 13-га лістапада. Кожная з гэтых дат нагадвае грамадству аб існаванні побач людзей з абмежаванымі магчымасцямі, дапамозе ім і салідарнасці з імі.

– Пры неабходнасці белы кій можна атрымаць праз органы сацыяльнага забеспячэння. Што значыць кій для невідушчага?

– Кій для таго, хто не бачыць, – не проста інструмент, апазнавальны знак, а яшчэ і «вочы». У спецыяльна распрацаванай методыцы па арыентаванні і мабільнасці, прызначанай для невідушчых і тых, хто слаба бачыць, сярод асноўных функцый далёка не на апошнім месцы стаіць сігнальная. Акрамя таго, варта адзначыць і такія функцыі кія, як ахоўная, апорная, «генератар гуку». Гук ад удару кія аб тратуар дазваляе невідушчаму пачуць навакольную прастору, «убачыць» высокія перашкоды (дамы, дрэвы, слупы, прыпаркаваныя аўтамабілі) і нізкія (бардзюры, каналізацыйныя люкі, выбоіны, прыступкі), звярнуць увагу на змяненні дарожнага пакрыцця.

– Ведаю, што вы займаліся вывучэннем гісторыі Таварыства сляпых. Раскажыце, з чаго пачалася гісторыя сімвала – белага кія?

– Як сродак вызначэння дарогі кій вядомы даўно. Гісторыя белага кія як сімвала слепаты бярэ пачатак у 1921 годзе. У Вялікабрытаніі малады прафесійны фатограф Джэймс Бігс страціў у выніку няшчаснага выпадку зрок. Ён быў у адчаі. Але аднойчы сустрэў аслеплага салдата, які вярнуў яму веру ў сябе і дапамог настроіцца на новае жыццё. Былы воін даў параду развіваць самастойнасць, для чаго часцей выходзіць з дому аднаму, без суправаджэння. Бігс пачаў самастойна гуляць са сваім звычайным кіем і заўважыў, што ён не гарантуе яму поўнай бяспекі. Кій не звяртае на сябе ўвагі, непрыкметны, асабліва ў пахмурнае англійскае надвор’е. Тады Бігсу прыйшла ідэя пафарбаваць яго ў белы колер. Ідэя аказалася ўдалай. Ратарыянскі клуб (дабрачынная арганізацыя ў заходніх краінах) з мясцовасці Уэстхем падарыў ім белыя кійкі, і, дзякуючы прэсе, аб гэтым даведалася ўся краіна. У 1932 годзе Каралеўскі нацыянальны інстытут для сляпых пачаў афіцыйна распаўсюджваць белы кій сярод інвалідаў па зроку.

Дзень белага кія ў сусветным маштабе адзначаецца з 1970 года, у Расіі ён праводзіцца з 1987 года з мэтай садзейнічання вырашэнню праблемы роўнага ўдзелу людзей з інваліднасцю па зроку ў розных сферах жыцця грамадства. У 1992 годзе Сусветны саюз сляпых выступіў з ініцыятывай адзначаць 15 кастрычніка як Дзень белага кія паўсюдна.    

– Ведаю, што людзям, якія дрэнна бачаць, абласная арганізацыя інвалідаў прапаноўвае курсы па навучанні шрыфту Брайля, авалодванні камп’ютарам, рознымі мабільнымі дадаткамі.

– У рэспубліцы з дапамогай дабрачынных і іншых арганізацый рэалізуецца шэраг сучасных адукацыйна-інфармацыйных праектаў, накіраваных на ўзмацненне інтэграцыі невідушчых людзей у грамадства. Звяртаецца ўвага органаў мясцовай улады на праблемы, з якімі часцей за ўсё сутыкаюцца невідушчыя.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *