Жывёлагадоўля

Нумары Сельская гаспадарка

2810b

АДНА СПРАВА НА ДВАІХ

Малочнатаварная ферма «Гнецькі» ААТ «Рубяжэвічы» па дасягнутых паказчыках лепшая сярод аднатыпных падраздзяленняў гаспадаркі. На ферме ўтрымліваецца звыш 700 галоў буйной рагатай жывёлы, дойны статак налічвае каля 300 кароў. З пачатку года тут надоена ў сярэднім ад кожнай рагулі 3470 кілаграмаў малака, і пры стабільнай рабоце калектыву жывёлаводаў сёлета ўдасца дасягнуць 4,5-тысячнага рубяжу. Брыгадзірам фермы працуе Алег Дзеркачоў. Алег Аляксандравіч пачынаў памочнікам брыгадзіра, цяпер гэтую пасаду займае яго жонка. Вольга Юр’еўна прыйшла на ферму аператарам машыннага даення, затым даглядала маленькіх цялят і мела даволі добрыя вынікі. Спачатку нялёгка было, але паступова асвоіліся. Кіраўніцтва таварыства задаволена работай сямейнай пары. Справы ў вытворчым падраздзяленні ладзяцца. Брыгадзір падкрэслівае, што калектыў на ферме дружны, паслухмяны. Людзі стараюцца мець вышэйшыя вынікі, і дзеля гэтага ім створаны і надалей ствараюцца ўмовы для плённай працы. Дастаткова нарыхтавана травяных кармоў, застаецца толькі правільна імі распарадзіцца.

Дзеркачовы прыехалі ў Рубяжэвічы два з паловай гады назад з Данецка. Працавітыя, дастойныя людзі. Алег Аляксандравіч служыў у сілавых ахоўных структурах, а Вольга Юр’еўна працавала выхавацелем у дзіцячым садку. Гарадскім жыхарам прыйшлося кардынальна змяніць свае прафесіі, але муж з жонкай хутка прывыклі да вясковай работы. Жыццё іх паступова наладзілася.

 

ДЗЯСЯТКА ЛІДАРАЎ НЕ ЗМЯНІЛАСЯ

Вынікі работы малочнатаварных фермаў за дзевяць месяцаў бягучага года сведчаць, што дзясятка лідараў не змянілася. З пачатку года па надоях малака ад каровы па-ранейшаму на першым месцы працаўнікі малочнага цэха МТФ «Вялікі Двор» аднайменнага таварыства. Ад кожнай рагулі тут у сярэднім надоена 6758 кілаграмаў малака, прыбаўка да леташняга паказчыка адпаведнага перыяду склала 710 кілаграмаў. Дбайныя работнікі ўпэўнена і мэтанакіравана набліжаюцца да дзевяцітысячнага рубяжу, не саступаючы лідарства сваім сапернікам. На другую прыступку падняліся жывёлаводы МТФ «Цэнтр» ТАА «СЖК «Налібакі», якія на два кілаграмы абышлі сваіх калег з МТФ «Церабейнае» і маюць паказчык 6693 кілаграмы. На чацвёртым і пятым месцах МТФ «Целяхі» і «Пруды» з вынікамі 6482 і 6108 кілаграмаў. Стабільна працуюць работнікі МТФ «Пагарэлае» ААТ «Радзіма Якуба Коласа», яны маюць паказчык 6155 кілаграмаў і трывала замацаваліся на шостым месцы. На восьмым МТФ «Залужжа» ААТ «Агранёманскі», дзе надоена ад каровы 5430 кілаграмаў. На сёмай, дзявятай і дзясятай прыступках МТФ «Засулле», «Ячонка» і «Зарэчча» ААТ «Каганец» з вынікамі 6042, 5370 і 5262 кілаграмы.

 

ЗБАЛАНСУЕ «ВІТАМІД»

З верасня бягучага года ў ААТ «Агранёманскі» пачалі вырабляць уласныя камбікармы для жывёлы. І вынік ужо відавочны. Узрасла малочная прадукцыйнасць, вышэйшымі сталі прывагі. Балансаваць рацыён па пажыўных рэчывах дапамагае і мінеральны комплекс «Вітамід», які закупляецца для дойнага статка і адкорму буйной рагатай жывёлы ў ТДА «Тоса-БИО». У яго складзе фосфар і частка кальцыю знаходзяцца ў арганічнай форме. Выкарыстанне мінеральнага комплексу паляпшае пераварванне і засваяльнасць кармоў. Таксама зніжаецца захваральнасць і падзеж жывёлы, павышаецца захаванасць маладняку. Увядзенне ў рацыён жывёлы рэкамендаванай нормы «Вітаміду» дазваляе поўнасцю адмовіцца ад прэміксаў, мелу, солі, фасфатаў, якія дадаткова выкарыстоўваюцца. І ўвогуле прыгатаванне ўласных камбікармоў дазваляе больш як на трэць зрабіць таннейшым іх кошт. Дарэчы, скарыстоўвае мінеральны комплекс «Вітамід» і ПДСУП «Профі-Аграцэнтр».

 

ПРЫБЫТКОВАЯ ЯЛАВІЧЫНА

ААТ «Вялікі Двор» – самы буйны ў раёне пастаўшчык мяса ялавічыны. На вытворчых плошчах жывёлагадоўчага комплексу ў Вялікім Двары кожны год вырошчваецца звыш тысячы тон мяса пры стабільна высокіх 750 грамовых сярэднясутачных прывагах бычкоў на адкорме. Згодна з дасягнутымі паказчыкамі ў рэспубліканскім рэйтынгу сярод аднатыпных падраздзяленняў комплекс з году ў год утрымліваецца на высокім месцы – уваходзіць ў першую 25-ку. Гэта адзіная гаспадарка ў раёне, дзе ялавічына прыбытковая. З пачатку года рэнтабельнасць яе вытворчасці дасягнула 6 працэнтаў. Для параўнання ў агракамбінаце «Сноў» – 6,9 працэнта.

 

ЗАСТАЕЦЦА НА ЎЗРОЎНІ

За дзевяць месяцаў бягучага года на малочныя заводы з гаспадарак раёна адгружана 58765,6 тоны малака ў заліковай вазе. Самы буйны пастаўшчык – ААТ «Агранёманскі». З гэтага таварыства пастаўлена перапрацоўшчыкам 6716,7 тоны.

Якасць малака застаецца практычна на ўзроўні. Гатункам «экстра» залічана 62,4 працэнта прадукцыі фермаў. Пры гэтым практычна ўсё малако найвышэйшым гатункам пастаўляюць малаказаводам ААТ «Вішнявецкі-агра», «Каганец», «Вялікі Двор», «Агранёманскі» і ПДСУП «Профі-Аграцэнтр». Апошнія чатыры таварыствы за верасень рэалізавалі «экстрай» ўсё адгружанае малако. Вышэйшым гатункам гаспадаркамі з пачатку года прададзена 34,2 працэнта малака ад пастаўленай колькасці, першым – 3,4 працэнта. Тлустасць малака склала 3,74 працэнта. Самая высокая яна ў ААТ «Шашкі» – 3,87 працэнта.

 

ЯК СПРАЦАВАЛІ Ў ВЕРАСНІ

За верасень на малочнатаварных фермах раёна надоена 7473,9 тоны малака – гэта 105,1 працэнта да выніку адпаведнага перыяду летась. Ад кожнай каровы ў сярэднім атрымана 448 кілаграмаў, плюс склаў 13 кілаграмаў да мінулагодняга паказчыка. Больш за іншых прыбавілі ў надоях на карову жывёлаводы ААТ «Шашкі», «Вішнявецкі-агра» і «Вялікі Двор», адпаведна 87, 77 і 51 кілаграм. Па-ранейшаму не саступаюць лідарства і нарошчваюць вытворчасць малака работнікі фермаў ТАА «СЖК «Налібакі», у верасні ад каровы там надоена 674 кілаграмы. Высокі паказчык у велікадворскіх працаўнікоў – 637 кілаграмаў, у «Каганцы» – 579 кілаграмаў.

У мясных справах відавочны плён працы жывёлаводаў ААТ «Вялікі Двор» і «Агранёманскі», дзе самыя высокія валавыя і сярэднясутачныя прывагі. Прыбаўляюць у вытворчасці ялавічыны работнікі ААТ «Вішнявецкі-агра».

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *