Акцэнты

Нумары Соцыум

0111e

ПАБОЛЬШАЛА Ў СТОЎБЦАХ МАЙСТРОЎ

Ва ўнісон патрабаванням Указа Прэзідэнта аб павышэнні дзелавой актыўнасці насельніцтва, упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама аказвае падтрымку беспрацоўным на адкрыццё ўласнай справы. З пачатку года для арганізацыі прадпрымальніцкай дзейнасці пяці жыхарам раёна выдадзены субсідыі.

Як удалося ім ажыццявіць свае задумы, рэалізаваць свае планы?

Мы спыталі аб гэтым у стаўбчаніна Максіма Рабава. Ён працуе ў абутковай майстэрні ў будынку былой вайсковай часці. Гэтая майстэрня добра зарэкамендавала сябе ў нашым райцэнтры, заказчыкі ацанілі высокую якасць рамонту абутку і канкурэтныя цэны. Спачатку свой бізнес адкрыў Кероп Аўдалян, а цяпер вось да яго далучыўся Максім Рабаў.

–             За выдзеленыя мне грошы на адкрыццё прадпрымальніцкай дзейнасці, – расказвае Максім Алегавіч, – былі закуплены якасныя матэрыялы для рамонту абутку, адкрыты новы від дзейнасці – закуплены станок для ўстаноўкі люверсаў з усімі неабходнымі насадкамі. Гэта фурнітура ў абутковай і швейнай прамысловасці – металічныя кнопкі для змацавання краёў. Можам устанавіць люверсы не толькі на абутку, але і на сумках, куртках і т. п. У нас ёсць швейны станок, такі неабходны ў паўсядзённай рабоце па рамонце абутку.

–             Як узнікла ідэя заняцца такім даволі рэдкім відам дзейнасці?

–             Да гэтага я займаўся продажам абутку. На практыцы ўпэўніўся, што многія фабрычныя чаравікі недаўгавечныя, патрабуюць хуткага рамонту. Ды і маё сяброўства з Керопам, які ўжо тры гады паспяхова аказвае жыхарам раёна паслугі па рамонце абутку, таксама паўплывала на мой выбар. Я шмат чаму ў яго навучыўся, у тым ліку і ўпраўляцца са швейнай машынкай. Рамонт абутку – творчая работа, асабліва калі падыходзіш да яе з душою. Наш дух падымае тое, што часам прыносяць абутак, адрамантаваны ў сталіцы, каб мы паправілі. Ці наогул, прыносяць чаравікі, якія ў іншых майстэрнях у рамонт не ўзялі. Мы закупілі вельмі якасны матэрыял для абутку, гэта пацвярджае і пастаўшчык, які прывозіць фурнітуру ў абутковыя майстэрні нашага раёна. Працуем з добрым настроем, стараемся даставіць радасць сваім кліентам. Нам не сорамна перад імі за сваю работу.

Адметна, што гэтая абутковая майстэрня значна пашырыла віды аказання паслуг. Акрамя рамонту абутку, устаноўкі люверсаў, тут прапануюцца шнуркі, замкі ў абутак, вусцілкі. Майстры выношваюць планы арганізаваць у шырокім асартыменце продаж касметыкі па доглядзе абутку, каб наведвальнік мог на месцы купіць усё, што патрэбна.

Дарэчы будзе сказаць, што абодва майстры – стаўбчане, Максім – выпускнік СШ № 2, Кероп – СШ № 3. Яны дастойныя прадстаўнікі маладога пакалення, якія знайшлі сябе ў любімай справе ў сваім родным горадзе.

Святлана ЖЫБУЛЬ, фота аўтара

 

АДРАСНАЯ СУБСІДЫЯ НА ЖЫЛЛЁ

У Стоўбцах адна са шматдзетных сям’яў, якая будуе ўласны дом у мікрараёне Паўночны-2, атрымала адрасную субсідыю на жыллё. Такое рашэнне было прынята на падставе Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 04.06.2017 № 240 «Аб дзяржаўнай падтрымцы грамадзян пры будаўніцтве (рэканструкцыі) жылых памяшканняў». Указ уступіў у сілу 7 жніўня 2017 года.

Аб тым, як рэалізуецца Указ № 240, мы гутарым з начальнікам аддзела архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама Яўгенам КАНДРАТОВІЧАМ.

– Выдача адрасных субсідый на жыллё ажыццяўляецца ў двух фарматах: першы – на аплату часткі працэнтаў па крэдыце, атрыманым на будаўніцтва жылля, і другі – на аплату часткі працэнтаў сумесна з пагашэннем асноўнага доўгу па крэдыце, – тлумачыць Яўген Кандратовіч. – Новая форма адрозніваецца ад ільготных крэдытаў тым, што кампенсацыя з бюджэту выплачваецца непасрэдна грамадзяніну, а не банку.

– Жадаючых, напэўна, нямала. Хто можа прэтэндаваць на субсідыю?

– Усе субсідыі, незалежна ад фармату, будуць выдавацца грамадзянам, якія знаходзяцца на ўліку тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Субсідыі на пагашэнне працэнтаў прадугледжаны для льготнай катэгорыі грамадзян, што пералічана ва Указе Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 13. Атрымаць субсідыі на пагашэнне асноўнага доўгу сумесна з аплатай часткі працэнтаў могуць прэтэндаваць шматдзетныя сем’і, якія маюць трое і больш непаўналетніх дзяцей, маладыя сем’і з ліку малазабяспечаных у выпадку нараджэння (усынаўлення, удачарэння) першага і (або) другога дзіцяці, дзеці-сіроты і дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў, а таксама грамадзяне, якія з’яўляюцца наймальнікамі жылых памяшканняў сацыяльнага карыстання дзяржаўнага жыллёвага фонду, што прадастаўлены ім як дзецям-сіротам ці дзецям, якія засталіся без апекі бацькоў.

Заўважу, што субсідыі выдаюцца на будаўніцтва жылля ў эканамічных шматпавярховых і блакіраваных жылых дамах, будаўніцтва ці рэканструкцыю аднакватэрных жылых дамоў, рэканструкцыю жылых памяшканняў.

– Вы сказалі, жыллё павінна быць эканамічным. Што яшчэ агаворана ва Указе? Цікава даведацца пра памер адраснай субсідыі.

– Памер субсідый залежыць у першую чаргу ад яе фармату і катэгорыі атрымальніка. Да прыкладу, субсідыя на аплату часткі працэнтаў складае 13,5 працэнта для шматдзетных сем’яў з трыма непаўналетнімі дзецьмі і для дзяцей-сірот і 14,5 працэнта – для сем’яў з чатырма і больш непаўналетнімі дзецьмі. Пры гэтым для сем’яў, дзе выхоўваюцца чацвёра і больш непаўналетніх дзяцей, памер субсідый на пагашэнне асноўнага доўгу дасягне 100 працэнтаў ад сумы асноўнага доўгу, для сем’яў з траіма непаўналетнімі дзецьмі – 95 працэнтаў. Маладым сем’ям пры нараджэнні (усынаўленні, удачарэнні) першага дзіцяці з дапамогай субсідыі пагашаецца сума асноўнага доўгу па крэдыце ў памеры 10 працэнтаў, другога дзіцяці – 20 працэнтаў. Субсідыя для асоб з ліку дзяцей-сірот вызначана ў памеры 35 працэнтаў ад сумы асноўнага доўгу па крэдыце.

Трэба мець на ўвазе, што памер субсідыі мяняецца пры змяненні складу сям’і. Рашэнне аб выдачы субсідый прымае раённы выканаўчы камітэт.

– У якім парадку будуць выдавацца субсідыі?

– Абавязковая ўмова – строга пры падыходзе чаргі тым, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў і адносіцца да катэгорыі малазабяспечаных. У такім выпадку грамадзянін звяртаецца з заявай у райвыканкам. Апошні запрошвае неабходныя звесткі і дакументы. Сярод іх – звесткі аб знаходжанні на ўліку тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, наяўных ва ўласнасці жылых памяшканнях, даходах і маёмасці, інфармацыю аб атрыманні льготных крэдытаў і субсідый пасля 01.01.2004 і інш. На падставе гэтых даных райвыканкам прымае рашэнне аб прадастаўленні субсідыі з вызначэннем памеру максімальна нарміруемага кошту, пасля чаго грамадзянін звяртаецца ў банк для заключэння дагавору на крэдытаванне (больш падрабязную інфармацыю адносна рэалізацыі Указа № 240 можна атрымаць па тэл. 7-75-04).

Фінансаванне выдаткаў, звязаных з прадастаўленнем адрасных субсідый на жыллё, ажыццяўляецца за кошт субвенцый, якія перадаюцца з рэспубліканскага бюджэту ў кансалідаваны бюджэт Мінскай вобласці.

 

«ПАЛЯГЧЭЛІ» 19 ЖЫРОВАК

За трэці квартал 2017 года колькасць жыхароў раёна, якім прадастаўлена безнаяўная жыллёвая субсідыя, павялічылася да 19-ці чалавек.

– У другім квартале бягучага года сярод абанентаў выяўлена сем прэтэндэнтаў на безнаяўную жыллёвую субсідыю. Спісы іх абнаўляюцца штоквартальна, – падкрэсліваюць спецыялісты службы субсідзіравання Стаўбцоўскага аб’яднання камунальных службаў Марына Ганчарова і Юлія Дзеружэнка (кантактны тэлефон – 7-91-25).

Як вядома, безнаяўная жыллёвая субсідыя прадастаўляецца для частковай аплаты асноўных жыллёва-камунальных паслуг згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 29.08.2016 № 322. Крытэрый для атрымання такой субсідыі – калі ў наймальніка, які пражывае ў горадзе, плата за асноўныя жыллёва-камунальныя паслугі перасягае 20 працэнтаў сукупнага даходу сям’і, а ў сельскай мясцовасці – гэты паказчык перасягае 15 працэнтаў агульнасямейнага бюджэту.

У атрыманні субсідыі дзейнічаюць два прынцыпы – заяўны, калі грамадзянін звяртаецца ў АКС з заявай, і выяўляльны, калі «прэтэндэнта» выяўляе аўтаматызаваная сістэма «АІС Разлікі – Жыллёва-камунальныя паслугі». Другі прынцып – найбольш распаўсюджаны, таму што аўтаматызаваная сістэма забяспечана ўсімі неабходнымі зыходнымі данымі, каб вылічыць сярод абанентаў тых, хто мае патрэбу ў дзяржаўнай падтрымцы. Як правіла, у іх лік трапляюць адзінока пражываючыя пенсіянеры, інваліды І і ІІ груп. Не могуць прэтэндаваць на атрыманне безнаяўнай жыллёвай субсідыі тыя, у каго ва ўласнасці некалькі кватэр ці дамоў, або нават некалькі іх частак.

Штомесяц вядзецца пераразлік субсідый. На гэта ўплывае як змена камунальных тарыфаў (апошняя змена прыходзіцца на 1 верасня), так і нарматывы спажывання паслуг па тэхнічным абслугоўванні, капрамонце, санітарным утрыманні дапаможных памяшканняў жылога дома, тэхнічным абслугоўванні ліфта, гарачым і халодным водазабеспячэнні, цеплазабеспячэнні, абыходжанні з цвёрдымі камунальнымі адходамі, якія зацверджаны пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 30.09.2016 № 789. Данай пастановай прадугледжана, што ў паслузе тэхнічнага абслугоўвання дома на кожнага зарэгістраванага па месцы жыхарства прыходзіцца 20 м кв. агульнай плошчы жылога памяшкання і 10 м кв. – на сям’ю.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *