Для нашага здароўя

Медыцына Нумары

image_pdfimage_print

0111b

ІДЗЕ ВАКЦЫНАЦЫЯ СУПРАЦЬ ГРЫПУ

У Мінскай вобласці і ў Стаўбцоўскім раёне працягваецца кампанія вакцынацыі супраць грыпу.

У бягучым годзе супраць грыпу плануецца прышчапіць 40 працэнтаў насельніцтва, што складае 15 930 чалавек. На сучасны момант прышчэпкі ад грыпу атрымалі 7200 жыхароў раёна.

Як і ў папярэднія гады, прышчэпкі праводзяцца бясплатна і платна – за сродкі прадпрыемстваў і ўласныя сродкі грамадзян.

Для зручнасці вакцынацыі на прадпрыемствах працуюць выязныя прышчэпачныя брыгады, у склад якіх уваходзіць урач.

Пасля вакцынацыі імунітэт пачынае развівацца праз 2-3 тыдні і абараняе ад захворвання да аднаго года.

У бягучым годзе для вакцынацыі супраць грыпу ў нашым раёне выкарыстоўваюцца наступныя вакцыны: «Грыпол плюс» (Расійская Федэрацыя), «Ваксігрып» (Францыя). Вакцыны адпавядаюць усім патрабаванням фармакалагічных міжнародных арганізацый; праходзяць абавязковы ўваходны лабараторны кантроль у Рэспубліцы Беларусь і не адрозніваюцца адна ад другой па ўваходзячых у іх састаў варыянтах вірусаў грыпу.

Памятайце, што грып лягчэй папярэдзіць, чым лячыць. Ён небяспечны сваімі ўскладненнямі.

Усе жадаючыя могуць атрымаць прышчэпку ў паліклініцы і амбулаторыях па месцы жыхарства. Паклапаціцеся аб сваім здароўі.

Ірына ПЯТРОВІЧ,загадчыца аддзела эпідэміялогіі

На здымку: медыкі паказваюць прыклад (вакцынацыя праводзіцца галоўнаму санітарнаму ўрачу Ігару Кунцэвічу).

 

ПРЫСВЯЧАЕЦЦААМАТАРАМ ПІВА

Ужыванне піва ў прыкуску з чыпсамі, кірыешкамі, рыбкай лічыцца нармальнай з’явай. У што ж ператварае гэты дуэт наша сэрца?

Сярод алкагольных напіткаў няма бясшкодных. Піва – не выключэнне. Вынікі пагубнай цягі да піва – парушэнні ў рабоце важных органаў і сістэм, перш за ўсё – сардэчна-сасудзістай. «Піўное сэрца» – сардэчная немач, якая выклікае збой у рабоце сэрца з-за ВІ-авітамінозу.

У састаў піва ўваходзяць прадукты распаду хмелю, падобныя па сваім дзеянні на яд кадаверын. Менавіта ён выклікае зніжэнне памяці. Да таго ж, у піве ўтрымліваюцца наркотыкі канабіяіды і марфін, якія выклікаюць залежнасць ад яго. Аб гэтым трэба памятаць тым, хто лічыць безалкагольнае піва кампотам.

Піўны алкагалізм больш цяжкі, чым гарэлачны. Прычына – больш складанае паражэнне клетак галаўнога мозгу, што цягне за сабою імклівае разбурэнне інтэлекту і парушэнне псіхікі.

Піва ўтрымлівае спірт, які, дзякуючы газу, хутка ўсмоктваецца ў кроў і імгненна п’яніць. Адначасова вадкасць перапаўняе сасудзістае русла, павышаючы нагрузку на сэрца, сасуды. Непазбежна з’яўляюцца атлусценне з лішнім адкладаннем тлушчаў у вобласці жывата, павышаецца ціск, прагрэсіруе атэрасклероз, нарастае задышка, з’яўляецца рызыка інфаркту, інсульту.

Кожны выпіты кубак бурштынавага піва ўносіць свой уклад у прагрэсіруючае паражэнне сэрца. Паступова поласці яго камер пашыраюцца, сценкі патаўшчаюцца, гінуць сардэчныя клеткі, а ў астатніх змяншаецца колькасць мітахондрый (клетачных структур, якія забяспечваюць выпрацоўку энергіі і кіслароду). У выніку клеткі губляюць сваю сілу, адчуваюць дэфіцыт кіслароду і перастаюць адэкватна рэагаваць на знешнія раздражняльнікі (стрэс, павышаны ціск, лішкі цукру).

Любоў да піва паражае нервовую сістэму. Калі пачынаюць «адмаўляць ногі», лічыце, што пенны напітак дабраўся да нерваў, марудна забіваючы нервовыя клеткі.

Першыя званочкі ў сэрцы звязаны з парушэннем абменных працэсаў. Парушаецца сардэчны рытм. Сэрца баліць, паветра пачынае не хапаць, пульс пачашчаецца, сіл становіцца менш.

Алкагольная кардыяміяпатыя – вынік змянення сардэчнай мышцы пры працяглым ужывыванні піва. Развіваецца ад празмернай колькасці ў крыві кобальту (яго дабаўляюць у піва для павышэння пенаўтварэння). Жывот павялічваецца ў памерах за кошт вялікіх печані і селязёнкі. Вадкасць пачынае збірацца ў жываце, сардэчнай сумцы, лёгкіх. Камеры сэрца расцягваюцца і пашыраюцца.

Залежнасць ад піва выклікае вялізнае сэрца. Не мяняйце сардэчную псіхалогію. Вялікія і добрыя сэрцы патрэбны заўсёды. Аднак слабымі мы іх робім самі.

Ірына ЛУЦІК,урач-кардыёлаг паліклінікі

 

ДАВЕДАЦЦА ПРА СВОЙ ЦІСК

20-га кастрычніка ў раённай паліклініцы супрацоўнікамі УАЗ «Стаўбцоўская ЦРБ» і ДУ «Стаўбцоўскі РЦГіЭ» праведзена абласная акцыя «Даведайся пра свой ціск». Жадаючых змераць свой ціск было нямала.

Удзельнікам раздавалі інфармацыйныя матэрыялы па прафілактыцы сардэчна-сасудзістых захворванняў і курэння, прапаноўвалі запоўніць анкету адносна ранняга выяўлення хвароб сэрца, а таксама навучыцца правільнай тэхніцы вымярэння артэрыяльнага ціску і пульса, з імі праводзілі гутаркі па папярэджанні хвароб і ўскладненняў пры ўжо наяўных захворваннях сэрца.

У выніку павышаны ціск быў выяўлены ў 46 працэнтаў удзельнікаў акцыі, у пераважнай большасці – упершыню. Шасці чалавекам была аказана экстранная дапамога, 12 атрымалі кансультацыі кардыёлага і тэрапеўта.

Ад удзельнікаў акцыі мы пачулі толькі станоўчыя водгукі. Падобныя мерапрыемствы ў нашым раёне праходзяць штомесяц на базе розных арганізацый. Наступная акцыя пад назвай «Кантралюем ціск – прадаўжаем жыццё» запланавана на 8-га лістапада ў РУП «Мінскэнерга» філіяла Стаўбцоўскія электрасеткі.

Агульнавядома, што захаваць здароўе дапамагае выкананне простых правілаў: адмова ад курэння, не злоўжыванне алкаголем, у тым ліку півам, падтрыманне ў норме ціску, халестэрыну і цукру, рухальная актыўнасць (як мінімум 30 мінут хуткай хадзьбы ў дзень), правільнае харчаванне з уключэннем у штодзённы рацыён гародніны і фруктаў, збожжавых прадуктаў, рыбы і абмежаваннем солі, цукру і жывёльных тлушчаў, кантроль за вагой і падтрыманне яе ў норме, пазбяганне ператамленняў і працяглых стрэсаў, неназапашванне ў сабе крыўдаў. Будзьце міласэрнымі, уважлівымі да іншых, любіце адзін аднаго. Беражыце сэрца, яно – аснова моцнага здароўя і даўгалецця.

Ала ШЫДЛОЎСКАЯ,валеолаг

 

СА СТРАХОЎКАЙ

Набірае папулярнасць паслуга добраахвотнага медыцынскага страхавання. Фізічныя асобы ці прадпрыемствы, якія заключылі спецыяльны дагавор са страхавой кампаніяй, становяцца ўладальнікамі поліса. Страхавая кампанія з’яўляецца прадстаўніком інтарэсаў грамадзяніна, яна аплачвае кожную медыцынскую маніпуляцыю згодна з прапісанымі ўмовамі і аб’ёмамі медыцынскіх паслуг.

Дагаворы добраахвотнага медыцынскага страхавання можна заключыць са страхавымі кампаніямі «Белдзяржстрах», «Белэксімгарант», «Белнафтастрах», «Кентаўр», «Таск».

Пр

 

ПАДАБРАЦЬ ФІЛЬТР

Надзвычай важна, каб вада для піцця і прыгатавання ежы была максімальна чыстай. Вада ў залежнасці ад крыніцы водазабеспячэння (водаправодная, з артэзіянскай свідравіны, калодзежная, крынічная) мае сваю спецыфіку, таму і фільтрацыйнае абсталяванне павінна быць арыентаваным на асаблівасці вады.

На цяперашні момант для нашага раёна, як і ў цэлым для Мінскай вобласці, найбольш прыярытэтнымі пытаннямі ў паляпшэнні якасці і бяспечнасці пітной вады з’яўляецца павышанае ўтрыманне жалеза ў вадзе з глыбакаводных крыніц (пераважна сістэмы цэнтралізаванага водазабеспячэння) і павышаная канцэнтрацыя нітратаў у вадзе шахтавых калодзежаў, размешчаных у сельскай мясцовасці.

Існуе мноства фільтраў, якія здольны пазбавіць ваду ад лішняга жалеза – ад лакальных, індывідуальных да станцый абезжалезвання, якія будуюцца на водазаборах і забяспечваюць вадой нарматыўнай якасці цэлыя населеныя пункты.

І, калі з жалезам усё зразумела – неабходна падабраць фільтр, – то з нітратамі змагацца складаней. Шахтавыя калодзежы напаўняюцца, як правіла, з неглыбокіх, недастаткова абароненых ваданосных гарызонтаў, ды і сельскагаспадарчая дзейнасць, парушэнні патрабаванняў пры размяшчэнні і эксплуатацыі калодзежаў (адсутнасць неабходнага добраўпарадкавання прылеглай тэрыторыі, блізкае суседства з памыйнымі ямамі і хлявамі, адсутнасць гліняных замкоў, нясвоечасовая ачыстка і дэзынфекцыя) садзейнічаюць забруджванню водаў. Адзіны надзейны спосаб абароны ад нітратаў – выкарыстанне ў пітных мэтах вады гарантаванай якасці – у бутэльках або з глыбакаводных крыніц.

Безумоўна, мы хочам набыць фільтр-універсал, які б ачышчаў ваду ад усіх шкодных кампанентаў адначасова. Вызначальнымі паказчыкамі пры выбары фільтра з’яўляюцца: жорсткасць вады, жалеза, перманганатная акісляльнасць, рН, марганец, якія прысутнічаюць у розных канцэнтрацыях і ў водаправоднай вадзе, і ў калодзежнай, і ў артэзіянскай, і ў крынічнай, аднак якія шкодныя прымесі ёсць у вадзе, «на вока» не вызначыш, тут патрабуецца лабараторнае даследаванне вады. Атрыманыя ў выніку яго звесткі дапамогуць вызначыць мэту прымянення фільтра. Каб дасягнуць неабходнай у кожным канкрэтным выпадку якасці вады «на выхадзе», пасля фільтравання, трэба ведаць, якой была вада «на ўваходзе», перад апрацоўкай.

Арганізаваць правядзенне даследавання пробы вады з водакрыніцы па санітарна-хімічных і мікрабіялагічных паказчыках могуць усе жадаючыя ў раённым цэнтры гігіены і эпідэміялогіі (г. Стоўбцы, вуліца Сацыялістычная, 19; тэл. 7-33-39 – лабараторны аддзел).

Алена ЛОЙКА, загадчыца аддзела гігіеныі эпідэміялогіі РЦГіЭ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *