Актуальнасць жыллёва-камунальнай тэмы

Нумары Улада. Слова. Справа

0411a

1-га лістапада ў Стоўбцах правёў прыём грамадзян старшыня Мінскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка . Запісаліся на прыём шэсць чалавек. Кожнага старшыня ўважліва выслухаў, звярнуўшы ўвагу на прадастаўленыя дакументы і відэаматэрыялы, і даў даручэнні адпаведным службам, каб вырашыць узнятыя праблемы і знайсці адказы на пастаўленыя пытанні. Найбольшую актуальнасць мелі пытанні жыллёва-камунальнага характару.

Стаўбчанін У. С. Язвінскі прыйшоў з клопатам аб добраўпарадкаванні вуліцы Зялёнай і ў цэлым нашага горада. Узнімаліся пытанні вулічнага асвятлення, будаўніцтва тратуараў, навядзення парадку ў падвалах жылых дамоў і т. п. Ім быў дадзены сігнал аб заворванні поля з няўбранымі цукровымі буракамі ў ААТ «Каганец». Пры выездзе на месца разам з заяўнікам сігнал часткова пацвердзіўся – адзін рад ад краю поля, так званая папярочка, быў «прытаптаны» коламі тэхнікі. Старшыня аблвыканкама даў даручэнне неадкладна ліквідаваць упушчэнне, а заадно правесці маніторынг стану іншых палёў у раёне, каб выключыць факты безгаспадарчасці: «У полі не павінна заставацца ні мяха, ні паўмяха ўраджаю».

Працягам тэмы гаспадарлівага падыходу стаў зварот на прыём жыхаркі аграгарадка Заямнае Л. М. Джыган. Ад імя жыхароў дома № 3 па вуліцы Сонечнай яна дабіваецца капітальнага рамонту дома і вырашэння бягучых камунальных пытанняў, звязаных у першую чаргу з яго абслугоўваннем, налічэннямі за ацяпленне і гарачае водазабеспячэнне. Раней ужо былі звароты да камунальнікаў, на прамыя лініі ў райвыканкам. У выніку бягучых рамонтаў штосьці мянялася, але, паводле слоў заяўніцы, яны былі выкананы няякасна і ізноў тое самае прыходзіла ў непрыдатны стан.

У адказ на выстаўленыя прэтэнзіі дырэктар аб’яднання камунальных службаў Дзмітрый Мурын адзначыў, што дом быў перададзены на баланс АКС прыватным прадпрыемствам «Заямнаўскае» ў 2010 годзе. «Пабудаваны ён адносна нядаўна – у 1991 годзе. Бягучыя рамонты праводзяцца згодна з заяўкамі жыльцоў. Незашклёных вокнаў на лесвічных пляцоўках дома няма, стан дзвярэй здавальняючы. Кантэйнеры няновыя, знаходзяцца ў эксплуатацыі», – удакладніў дырэктар. «Сёлета ў раёне закуплена 360 кантэйнераў для збору цвёрдых бытавых адходаў», – дапоўніў старшыня райвыканкама Юрый Горлаў.

Зварот стаўбчаніна П. І. Хадарцэвіча таксама закранаў работу АКС, у прыватнасці якасць водаправоднай вады ў сезон паліву агародаў. «Чаму мы павінны з году ў год яшчэ і плаціць грошы за такую ваду?» – абураўся жыхар вуліцы Магістральнай. У гэтым годзе на водаправодных сетках горада фіксавалася некалькі парываў вады, пасля якіх камунальнікі ажыццяўлялі мерапрыемствы па прамыўцы сістэмы. Яны маглі паўплываць на якасць вады, аднак гэта нязручнасці часовыя, а не ўсяго сезона.

Старшыня аблвыканкама ўзяў гэтае пытанне на кантроль і даручыў пачаць яго вырашэнне са свідравін водазабору – аналізу іх глыбіні, расходу вады і т. п. А ўвогуле, адчуўшы актуальнасць камунальнай тэмы, прыняў рашэнне стварыць рабочую групу, каб больш дэталёва вывучыць работу Стаўбцоўскага АКС.

Аналагічнае рашэнне – прыцягнуць спецыялістаў з абласных структур і даць ацэнку з пункту гледжання закона – прынята ў адносінах да звароту Ю. У. Макарэвіча, жыхара Задвор’я і члена Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў, які падзяліўся ўласным вопытам навядзення парадку ў лясных угоддзях і сваёй нераўнадушнай пазіцыяй аматара прыроды.        

Стаўбчанін В. М. Цвірка развіў камунальную тэму лазневым пытаннем, а менавіта – упарадкаваннем тарыфаў на аказанне паслуг лазні, што хвалюе многіх, і асабліва пенсіянераў. У 2016 годзе паслугі лазняў і душавых былі выключаны з ліку сацыяльна значных, у выніку чаго кошт на іх вырас адразу ў 3-4 разы. Сёння кошт адной памыўкі ў стаўбцоўскай лазні складае 6,5 рубля (у нашых бліжэйшых суседзяў, як сцвярджае заяўнік, – 5-6 рублёў), для пенсіянераў не прадугледжаны скідкі. «Ёсць праблема. Мы яе ведаем і будзем вырашаць», – даў адказ старшыня аблвыканкама.

На прыём да старшыні аблвыканкама звярнуўся старшыня Беларускага рэспубліканскага грамадскага аб’яднання інвалідаў «Рэабілітацыя» І. В. Петушкоў, які хацеў бы атрымаць, у тым ліку і на аўкцыённай аснове, зямельны ўчастак для будаўніцтва індывідуальных жылых дамоў і развіцця агратурызму. У поле яго цікаўнасці трапіла і Стаўбцоўшчына. І. В. Петушкову было прапанавана некалькі варыянтаў: выбіраць з наяўных свабодных зямельных участкаў або з аб’ектаў былых піянерскіх лагераў, баз адпачынку на тэрыторыі Міншчыны, якія не выкарыстоўваюцца. Дасягнута дамоўленасць аб прадастаўленні гэтай інфармацыі, а апошняе слова – за патэнцыйным інвестарам.      

Ёсць чалавек –трэба працаваць

Пасля прыёму журналісты папрасілі Анатоля Ісачанку падвесці агульны вынік сустрэчы з жыхарамі Стаўбцоўшчыны.

– Сёння ў Стаўбцоўскім раёне найбольшы ўпор, на жаль, зроблены на жыллёва-камунальную гаспадарку. У большасці выпадкаў людзі справядліва выказваюць заўвагі, таму мясцовыя ўлады будуць займацца гэтымі праблемамі. Думаю, усе пастаўленыя задачы вырашым. Ёсць пытанні асабістага характару, тыя, якія датычаць рэгіёну, вобласці і нават выходзяць на ўзровень рэспублікі.

Мяркую па вопыце прыёмаў у іншых раёнах вобласці і бачу, што некаторыя пытанні пераходзяць з раёна ў раён. І гэта сведчыць пра паўсюдную прысутнасць чалавечага фактара. Калі б кожны выконваў належным чынам свае службовыя абавязкі, шэраг пытанняў быў бы зняты. Ёсць закон аб зваротах грамадзян, выканаўчая ўлада, і людзі маюць права звярнуцца. Мы павінны іх выслухаць і прыняць рашэнне. Калі ёсць недахопы ў рабоце – ухіляць іх.

Але ў той жа час ёсць сістэмныя пытанні, якія мы ведаем, разумеем, але не заўсёды фінансава можам іх вырашыць. Дапусцім, сёння ішла размова пра капітальны рамонт дома. На гэта патрэбны пэўныя бюджэтныя сродкі, ды і за адзін год усё не адрамантуеш. Таму ёсць графік, у адпаведнасці з якім ажыццяўляецца рамонт дамоў. Людзі гэта бачаць і разумеюць. Адзінае, што я патрабую, каб гэта было абмеркавана, прынята на сесіі Савета дэпутатаў сумесна з выканаўчай уладай і апублікавана ў газеце.

Далей – дом адрамантавалі, але нехта не выканаў свае службовыя абавязкі. І мы атрымліваем скаргу. Гэта наша жыццё. На тое ёсць мясцовая ўлада, самакіраванне, і мы павінны разам вырашаць пытанні. Прыёмы грамадзян патрэбны, каб адсачыць пералік пытанняў з рэгіёна ў рэгіён і дзесьці, магчыма, прымаць кіраўніцкія рашэнні.

– Сярод журналістаў бытуе такое паняцце, як прафесійны «жалобщик». Як вы асабіста адносіцеся да такіх людзей?

– Кожны чалавек – грамадзянін Рэспублікі Беларусь, мае свае правы і абавязкі. Адно з яго правоў – звярнуцца ў органы выканаўчай улады. Калі пытанні паўтараюцца, мы маем права спыніць па іх перапіску. Калі нешта ўзнікае новае, абавязаны разгледзець. Я стаўлюся да гэтага нармальна. Ёсць чалавек – трэба працаваць.

Ва ўсіх раёнах Міншчыны людзі ідуць на прыёмы. Гэта звязана са зменай кіраўніцтва вобласці. Нехта хоча пазнаёміцца, пагаварыць. Нехта – з застарэлай праблемай. Бывае па-рознаму. У цэлым усе раёны больш-менш роўныя ў плане зваротаў грамадзян. Калі ўзяць на 1000 жыхароў, то колькасць зваротаў прыкладна аднолькавая.

– У Стоўбцах вы знайшлі для сябе штосьці новае, што хацелася б абдумаць?

– Адну актуальную тэму для сябе адзначыў. Пакуль ішоў прыём – абдумаў яе. Напэўна, мы яе вырашым. Спачатку зробім са спецыялістамі разлікі. Пакуль не буду гаварыць канкрэтна, бо трэба ведаць, колькі гэта запатрабуе сродкаў. Агучу, калі вырашым.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *