Падзеі і здарэнні

Нумары Падзеі і здарэнні

ЗАГСам зарэгістраваны па раёне чатыры шлюбы, зроблены тры адзнакі аб скасаванні сямейнага саюза. Пасведчанні аб нараджэнні атрымалі пяць маленькіх жыхароў Стаўбцоўшчыны: Ягор Уласевіч, Іван Церахаў, Кірыл Бандаровіч, Макар Казлоў і Аляксей Савініч.

Зямны шлях закончыўся для дзесяці жыхароў раёна.

У пажарнай часці 25-га кастрычніка вечарам атрымалі паведамленне аб загаранні лазні ў Налібаках. Агонь удалося патушыць яшчэ да прыбыцця пажарных. Высветлілася, што пажар быў выкліканы парушэннем правілаў пажарнай бяспекі пры эксплуатацыі пячнога ацяплення.

Міліцыяй зарэгістраваны 124 паведамленні аб правапарушэннях, у выніку чаго ўзбуджаны пяць крымінальных спраў, у трох з іх устаноўлены падазроныя. З вагончыка каля гандлёвага цэнтра, што будуецца ў Стоўбцах, украдзены перфаратар і іншы электраінструмент. Крадзеж інструменту зафіксаваны і з дачы ў садовым таварыстве «Верасок-1» паблізу Засулля.

Пракуратурай раёна ў ходзе праверкі ДП «УКБ Стаўбцоўскага раёна» ўстаноўлены факты парушэння арганізацыі і парадку правядзення працэдур закупак у сферы будаўніцтва. Дырэктару прадпрыемства ўнесена прадстаўленне аб ухіленні парушэнняў, а таксама прычын і ўмоў, якія гэтаму садзейнічаюць.

Суд асудзіў за крадзеж і замах на грабеж 23-гадовага жыхара Апечак і 43-гадовага стаўбчаніна, раней неаднойчы судзімага. Малады чалавек абмежаваны ў волі на 1,8 года з прымяненнем да яго мер бяспекі і лячэння ад алкагольнай залежнасці, а яго таварыш пазбаўлены волі на тры гады ў выпраўленчай калоніі ва ўмовах строгага рэжыму.  

ДАІ выявіла 198 парушэнняў правілаў дарожнага руху. Сярод парушальнікаў – 14 вадзіцеляў-бяспраўнікаў і чацвёра п’яных вадзіцеляў (у тым ліку на вуліцы ў Літве затрыманы вадзіцель аўтамабіля «Урал-4320»; тэхніка належыць прыватнаму прадпрыемству, а ў крыві вадзіцеля на момант агляду было больш за 1,5 праміле алкаголю), 31 недысцыплінаваны пешаход і веласіпедыст. Зафіксавана восем ДТЗ. Усе – без пацярпелых. Да 7-га лістапада на дарогах раёна працягваецца прафілактычная акцыя «Бяспечныя канікулы».

«Хуткая» выязджала да хворых 158 разоў, у тым ліку сем выклікаў было да асоб з алкагольным ап’яненнем. Шэсць зваротаў у экстранную службу медыкі прылічваюць да неабгрунтаваных.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *