У пакаленнях – полымя Кастрычніка

Нумары Соцыум

0411c

Гэта наша гісторыя, наш лёс. Заўсёды будзе памятацца, як чакалі кастрычніцкага свята. 7 лістапада, па новым стылі, – чырвоны дзень календара. Святочныя калоны ў вялікіх і малых гарадах. Хвалююча было ісці са сцягамі, транспарантамі і на заклікі, на прывітанні калектывам адказваць дружным «ура!».

Ідуць гады з бурнымі вятрамі падзей. Але і ў нашай незалежнай Беларусі афіцыйна засталося любімае ў народзе свята – Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі. Сёлета ж нагода асаблівая – стагадовы юбілей. І няхай не так маштабна, як у савецкі час, але гэтая знамянальная дата ўрачыста адзначаецца.

І ўбеленыя сівізной ветэраны, і маладыя людзі спяшаліся ў раённы Цэнтр культуры на ўрачысты сход, прысвечаны 100-годдзю Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі. Усе ў зале дружна апладзіруюць юным піянерам, якія са сцягам, з пошчакам барабанаў вітаюць прысутных. І тут настальгія па былым і пацвярджэнне, што ў выхаванні маладога пакалення варта вяртацца да слаўных традыцый.

Слова бярэ сакратар раённай арганізацыі Кампартыі Беларусі, член ЦК КПБ Н. У. Дубовік. «Сусветная гісторыя не ведае больш значнай падзеі, чым Вялікая Кастрычніцкая сацыялістычная рэвалюцыя. Кастрычнік 2017 года аказаў рашучы ўплыў на ўвесь ход далейшага развіцця чалавечай цывілізацыі, адкрыў новую эпоху ўсеагульнага сацыяльнага і нацыянальнага вызвалення…» Ніна Уладзіміраўна не можа трымацца строгага тэкста з канстатацыяй фактаў. Палымяна, эмацыянальна, як гэта ўласціва ёй, педагогу, прапагандысту, чытае радкі вершаў. І вяртаецца да тэкстаў вядомых пісьменнікаў, як Герберт Уэльс, фанатаст, якога надзвычай уразіла рэчаіснасць у маладой краіне Саветаў, адлюстраваная ў кнізе «Дзесяць дзён, што ўскалыхнулі свет». Сакратар называе імёны самых актыўных камуністаў, таварышаў, якія шчыра дапамагаюць у станаўленні, росце аўтарытэту партыйнай арганізацыі.

Шмат сіл аддала партыйнай рабоце М. М. Худая, якая ўзначальвае цяпер абласны каардынацыйны савет грамадскіх арганізацый і палітычных партый. Марыя Мікалаеўна, як і іншыя выступоўцы, зрабіла экскурс у гісторыю, гаварыла аб тым, як ажыццяўляюцца ідэалы, абвешчаныя Кастрычнікам, у нашай незалежнай Рэспубліцы Беларусь.

Адметным момантам стала ўзнагароджванне актывістаў медалямі «100 гадоў Кастрычніцкай рэвалюцыі». Іх атрымала даволі вялікая група таварышаў, сярод якіх і пенсіянеры, і прадстаўнікі розных арганізацый Кампартыі Беларусі. Памятнай падзеяй стала ўручэнне новым членам Кампартыі партыйных білетаў. Прыгожай канцэртнай праграмай парадавалі ўдзельнікі калектываў раённага Цэнтра культуры і школы мастацтваў. А ў заключэнне ўсе дружна падтрымалі сваімі галасамі матывы песні: «И Ленин всегда молодой, и юный Октябрь впереди».

Фёдар БАНДАРОВІЧ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *