І стагадовы дзень нараджэння

Нумары Соцыум

0411d

У Анастасіі Канстанцінаўны Махавіковай прабягае перад вачыма цэлы век: савецкая ўлада, калгас, вайна, пасляваенная нястача… «Усё перажыла, а думала, не адолею… Жыццё было такое цяжкае, а, здаецца, праляцела як адзін дзень», – прызнаецца жанчына, якая ў гэтыя лістападаўскія дні адзначае свой стагадовы юбілей.

Дакладнай даты нараджэння ў яе няма, але мама калісьці казала: «Ты нарадзілася ў Дзмітрыеўскую суботу». Так і павялося ў сям’і. Анастасія была ў бацькоў першай, старэйшай, а пасля яе былі яшчэ чацвёра дзяцей. Калі раскулачылі яе цётку, матуліну сястру, маці ўзяла гадаваць яшчэ двух маленькіх пляменнікаў. «Раскулачылі б і бацьку, – упэўнена Анастасія Канстанцінаўна, – але ён рос сіратою. Бацька не хацеў ісці ў калгас. Баяўся. Дык нашу сям’ю – у пакаранне – перасялілі з вёскі ў пасёлак. У тым аддаленым пасёлку было 20 двароў, у вёсцы – 60. Было гэта ў Хоцімскім раёне Магілёўскай вобласці, на мяжы з Расіяй, у 1929 годзе».

Памяць у Анастасіі Махавіковай, як бачна, учэпістая, таму пабольш хочацца даведацца пра лёс яе асабісты і, адначасова, многіх пакаленняў савецкіх людзей. Закончыла равесніца рэвалюцыі толькі тры класы. У свае 12 яна ўжо працавала на калгасным полі разам з бацькамі. Дзеці тады аралі, скарадзілі і рабілі іншую цяжкую работу. «Перахварэла на малярыю, – прыгадвае мая суразмоўца. – Думала, не выжыву, бо засталіся толькі скура ды косці. Але адна жанчына ўзялася вылечыць мяне. Дала мне піць траву з белымі кветачкамі і коранем, падобным на арэх. Неўзабаве акрыяла і ўжо праз месяц пайшла на работу ў калгас. Не паверыце, за работу тады біліся, была сварка, калі каго не прызначаць. Такія мы былі энтузіясты!» – удакладняе Анастасія Канстанцінаўна.  

Замуж яна пайшла ў 17 гадоў – за суседа Мікіту Махавікова. Нарадзіліся двое дзяцей. Мікіта Уладзіміравіч быў чалавекам майстравітым. Закончыў курсы шафёраў, а перад вайной паехаў на заробкі ў Маскву. Рамантаваў там аўтамабілі. Са сталіцы прывёз жонцы падарунак – швейную машынку. А потым была вайна…

– Усё навокал гарэла… Начавалі з дзецьмі ў зямлянках… Чакала з фронту мужа. А ён прайшоў вайну ад першага і да апошняга дня. Вярнуўся паранены, з пяццю ўзнагародамі – ордэнам Чырвонай Зоркі, медалём «За ўзяцце Кёнігсберга» і інш. Уладкаваўся шафёрам у Хоцімск, і ў 1949 годзе мы перавезлі сваю хату ў раённы цэнтр, – дадае Анастасія Махавікова.

Яна адукацыі не мела, таму працягнула працу ў калгасе. «За дзень зжынала 24 соткі і зарабляла адразу тры працадні. На сабе насілі мяхі», – успамінае жанчына. Не зважаючы на цяжкасці, яна спявала на рабоце і на гулянках, верыла ў лепшае. У зімовыя вечары прала, ткала, шыла абновы сабе і знаёмым. Усё ў яе руках гарэла. Застаюцца рытарычнымі, без адказу, пытанні: «Калі ж ёй прыходзілася спаць? Як усё паспявала?»

Мужчын пасля вайны было мала, і яе, такую баявую і ўвішную, прызначылі брыгадзірам. Брыгадзір паказвала прыклад – першай станавілася ў баразну. А дома – гаспадарка, агарод, і ўсё гэта таксама на яе жаночых руках, бо муж-шафёр прападаў у раз’ездах. «У нас усё было сваё, і мы не ведалі, што такое грошы і дзе іх браць», – працягвае жанчына. У 1946 годзе ў сям’і Махавіковых нарадзілася трэцяе дзіця, і карміць немаўля грудзьмі прыходзілася проста ў полі. Прыносіла яго з дому дачка, старэйшая з дзяцей. Матуля прыказвала ёй: «Хаця не спатыкніся, дачушка, не кінь…»  

Калі выраслі свае дзеці, Анастасія Канстанцінаўна дапамагала гадаваць унукаў. Калі памёр муж – засталася адна, і гэта стала для яе яшчэ адным выпрабаваннем. Але забрала бліжэй да сябе дачка Марыя Цвірка са Стоўбцаў. Купілі бабулі невялікую хату ў Новым Свержані. Пакуль былі сілы, яна па сялянскай звычцы трымала парася, курэй. Дапамагаў зяць. Але і яго ўжо няма ў жывых. Апошнія дзесяць гадоў дзве жанчыны, матуля і дачка, жывуць разам у добраўпарадкаванай кватэры.

У Анастасіі Канстанцінаўны сёлета 100-гадовы юбілей, у Марыі Мікітаўны – 80-гадовы. Яны як могуць падтрымліваюць адна адну, весяляць. Дачка па прафесіі правізар, доўгі час узначальвала ў цэнтральнай раённай бальніцы аптэку, таму для матулі яна – першы доктар (дарэчы, і дзве дачкі, унучка Марыі Мікітаўны выбралі прафесію ўрача). Чакаюць у госці ўнукаў. У Анастасіі Канстанцінаўны іх шасцёра, а яшчэ дзевяць праўнукаў і два прапраўнукі. Сям’я вялікая!

– На 100-гадовы юбілей павінны прыехаць чалавек сорак, – гаворыць Марыя Мікітаўна. – Самыя дальнія госці – мой брат Валодзя з жонкай, яны прыедуць са Свярдлоўскай вобласці.    

Бог даў Анастасіі Махавіковай вялікае жыццё. І яно працягваецца. Калі мы зайшлі ў пакой да Анастасіі Канстанцінаўны, яна ля акна чытала часопіс. Прычым, без акуляраў. Усміхнулася, паправіла хусцінку на галаве і запрасіла сесці бліжэй. Ужо падводзіць слых. «І чаго гэта я стала такая слабая – сябе не магу насіць?» – потым казала яна пра свае ногі. Думкі ў яе – вельмі светлыя, мудрыя. Да прыкладу, «даў Бог мне шчасце – дачку».

Дачка Марыя Мікітаўна заўважае ў матулі наступнае: «Бабуля любіць глядзець навіны, чытае ўсе газеты, якія ёсць у доме. Можа і мне параіць: «А ты вось гэты артыкул пачытай».

І жыццё Анастасіі Канстанцінаўны можна чытаць, як кнігу, рабіць з яго высновы. Напэўна, самая галоўная з іх – заўсёды трэба быць чалавекам, сем’янінам, жыць не толькі для сябе, а і для іншых.

На здымку: Анастасія Махавікова разам з дачкою ў свае 100.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *