Падзеі і здарэнні

Нумары Падзеі і здарэнні

ЗАГСам зарэгістраваны па раёне чатыры шлюбы, зроблены пяць адзнак аб скасаванні сямейнага саюза. Пасведчанні аб нараджэнні атрымалі чатыры маленькія жыхары Стаўбцоўшчыны: Дар’я Процька, Аляксей Дрозд, Аляксандра Ліпніцкая і Канстанцін Якубовіч.

Зямны шлях закончыўся для 11-ці жыхароў раёна.

У пажарнай часці тыдзень прайшоў спакойна.

Міліцыяй зарэгістраваны 153 паведамленні аб правапарушэннях, у выніку чаго ўзбуджана 17 крымінальных спраў, у дзесяці з іх устаноўлены падазроныя. Раней судзімы разбіў аконнае шкло ў доме састарэлай стаўбчанкі і, трапіўшы ў дом, пагражаў гаспадыні нажом, біў яе, забраў з сабою 20 рублёў, кашалёк і мабільны тэлефон. У Вялікай Гуменаўшчыне невядомы выкраў з гаража бензапілу і восем літраў бензіну, якія належаць Старынскаму лясніцтву. Паблізу гарадскога возера грамадзянін з выключным цынізмам дэманстраваў свае мужчынскія вартасці. Хуліган пашкодзіў жалезабетонную агароджу і электрычны лічыльнік у жыхара Кнотаўшчыны.  

Пракуратурай раёна ў ходзе праверкі выканання заканадаўства аб арганізацыі дзейнасці студэнцкіх атрадаў устаноўлены факты парушэнняў. Намесніку старшыні райвыканкама ўнесена прадстаўленне аб іх ухіленні.

Суд прызнаў вінаватым ва ўхіленні ад выплаты сродкаў на ўтрыманне непаўналетніх дзяцей 31-гадовага стаўбчаніна і прыгаварыў яго да 160 гадзін грамадскіх работ. 36-гадовы жыхар Апечак аштрафаваны на 46 рублёў – за самавольны знос старога дома і будаўніцтва на яго месцы новага. 52-гадовая жыхарка Старога Свержаня, будучы нецвярозай, перадала ў міліцыю заведама фальшывае паведамленне (маўляў, сын душыў яе) і пакарана штрафам на суму 92 рублі.

ДАІ выявіла 182 парушэнні правілаў дарожнага руху. Сярод парушальнікаў – двое п’яных вадзіцеляў і 10 вадзіцеляў-бяспраўнікаў, 40 недысцыплінаваных пешаходаў і веласіпедыстаў. Зарэгістравана восем ДТЗ, у іх адзін чалавек загінуў і чацвёра атрымалі траўмы. На дарогах раёна з 4 па 8 лістапада прайшла прафілактычная акцыя «Цвярозы вадзіцель».

«Хуткая» выязджала 175 разоў, у прыватнасці шэсць сігналаў паступіла да асоб з алкагольным ап’яненнем. Тры звароты ў экстранную службу медыкі прылічваюць да неабгрунтаваных.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *