Сельскі час

Нумары Сельская гаспадарка

1111e

РАСЦЕ ГАРОДНІНА, ПЛАДАНОСІЦЬ І САД

ААТ «Агранёманскі» – адна з дзвюх гаспадарак раёна, дзе дагэтуль пастаянна займаюцца вырошчваннем гародніны, і даволі паспяхова. Больш за дзесяць гадоў кіруе вытворчым працэсам на адведзеным пад гэтыя мэты чатырохгектарным участку аграном Аксана Жаўнерчык (на здымку справа). Аксана Тамашаўна – адукаваны і ведаючы спецыяліст, закончыла спачатку Навагрудскі аграрны каледж, а затым – Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт. Дзякуючы яе вопыту і старанню з году ў год ураджайнасць гародніны тут атрымліваюць даволі добрую. Вось і сёлета сабрана каля 140 тон вітаміннай прадукцыі. Асабліва ўдаліся сталовыя буракі, добра аддзячыла морква, пузатымі параслі качаны капусты.

– Ураджаем задаволены, – гаворыць Аксана Тамашаўна. – Але для таго каб атрымаць належную аддачу, прыйшлося нямала парупіцца. Набываем перспектыўнае насенне беларускай і гібрыды замежнай селекцыі. Пад сарты і гібрыды адводзім аднолькавыя плошчы. Дарэчы, апошнія паказалі сябе больш ураджайнымі. А ўвогуле вырошчваць гародніну – справа не вельмі лёгкая, улічваючы непрадказальнасць надвор’я. Да таго ж, не хапае людзей, запрашаем да сябе памагатых. Усе гароднінныя культуры своечасова намі былі ўбраны. Цяпер займаемся іх пераборкай, сарціруем і закладваем у сховішча, дзе затым затарваем у спецыяльныя сеткі.

На гэтай рабоце заняты беспрацоўныя гараджане. Па папярэдняй дамоўленасці з упраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне іх штодзень дастаўляюць на працу аўтобусам. Падчас сяўбы, пасадкі і вырошчвання гародніны шчыравалі на ўчастку столінцы, работнікі школы і канторы.

Прадукцыю з агарода гаспадарка прадае ўсім жадаючым, а таксама рэалізуе на рынку. Поўнасцю забяспечваецца ёю і сталовая сельгаставарыства, прычым у большым асартыменце.

– Для сталовай вырошчваем дадаткова таматы, агуркі, рознае зяленіва, – падкрэслівае аграном. – У цяпліцах сеем баклажаны, салодкія і горкія перцы, якія карыстаюцца попытам у насельніцтва. Дарэчы, адну з цяпліц сёлета зрабілі шырэйшай і даўжэйшай.

Расце ў агародзе і бульба. Стараюцца вырошчваць тыя сарты, якія запатрабаваны ў насельніцтва, у прыватнасці «скарб», «венета». На тэрыторыі агарода ёсць сад, з якога сабралі нямала яблыкаў. Дарэчы, стары паступова выкарчоўваюць і садзяць новы. Пасадзілі сёлета каля 250 саджанцаў, сярод якіх такія вядомыя сарты, як «белы наліў», «каштэля», «антонаўка». Пладаносяць кусты чорнай парэчкі.

 

СВОЕЧАСОВА ЗАРЭГІСТРАВАЦЬ ЖЫВЁЛУ

Згодна з Законам Рэспублікі Беларусь ад 15.07.2015 № 287 «Аб ідэнтыфікацыі, рэгістрацыі, адсочванні сельскагаспадарчай жывёлы, ідэнтыфікацыі і адсочванні прадуктаў жывёльнага паходжання» каровы, авечкі, козы, свінні і коні, якія ўтрымліваюцца на падворках грамадзян з мэтай атрымання прыбытку, павінны быць забіркаваны, таўрыраваны або чыпіраваны і занесены пад адпаведным нумарам у адзіную дзяржаўную інфармацыйную сістэму. Зрабіць гэта трэба абавязкова і своечасова, каб не сутыкнуцца ў бліжэйшы час з праблемамі. Пачынаючы з новага года, сельвыканкамы не будуць выдаваць грамадзянам, якія не зарэгістравалі сваю дамашнюю жывёлу, даведкі на права продажу жывёлы і прадуктаў жывёльнага паходжання.

– Робіцца гэта з мэтай кантролю за якасцю рэалізаванай прадукцыі, у прыватнасці мяса і малака. Той жа, хто гадуе жывёлу для ўласных патрэб, можа яе не рэгістраваць, – гаворыць прадстаўнік Цэнтра інфармацыйных сістэм у нашым раёне Лілія Лукашэвіч. – Просьба да жыхароў вёсак, якія трымаюць жывёлу, тэрмінова звярнуцца ў сельвыканкамы для ўдакладнення яе колькасці, каб заказаць неабходную колькасць бірак. Справа ў тым, што вырабляюцца яны на працягу месяца. Каштуюць біркі нядорага – два рублі. Грамадзянам, якія застрахавалі жывёлу, біркі, на падставе дагавору страхавання, будуць выдавацца страхавымі ўстановамі бясплатна.

Дарэчы, з наяўных 569 кароў грамадзянамі застрахавана пакуль што толькі 41. Большая колькасць у Мікалаеўшчынскім і Налібацкім сельсаветах.

 

СОРГАВА-КУКУРУЗНЫ СІЛАС

У ААТ «Вішнявецкі-агра» сёлета вырошчвалі на сілас такую кармавую культуру, як сорга. Знешне яно нагадвае кукурузу, але не мае пачаткаў.

Галоўны аграном Леанід Новік расказвае, што занялі пад ім 20 гектараў. Высявалі нямецкія гібрыды ўперамешку з кукурузай – па восем радоў кожнай культуры. Варта згадаць, што па ўраджаі зялёнай масы, а таксама па аб’ёме збору кармавых адзінак і засваяльнага пратэіну перавага аддаецца менавіта сумеснаму вырошчванню абедзвюх культур. Сорга вырасла вышэйшым – перасягнула трохметровую вышыню. Сабралі з кожнага гектара больш за 400 цэнтнераў зялёнай масы. На ўборцы гэтага кармавога поля плошчаю 40 гектараў быў задзейнічаны вопытны камбайнер Аляксандр Маеўскі. У наступным годзе ў гаспадарцы мяркуюць пашырыць плошчу пад гэтай засухаўстойлівай кармавой культурай, якая і ў складаныя гады аддзячвае неблагой ураджайнасцю. Дарэчы, сорга ўтрымлівае многа вугляводаў у выглядзе цукру. Плануюць пасеяць яго і на насенне.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *