На светлым фоне крыху цёмных плям

Нумары Соцыум

Нашы родныя Стоўбцы растуць, абнаўляюцца. Можа, будзе занадта гучна сказаць, што выгляд горада істотна змяніўся. Але ж відавочна: апошнім часам адбыліся адметныя пераўтварэнні, якія аказалі станоўчы ўплыў на ўклад жыцця гараджан. Акурат на кастрычніцкія святы споўнілася два гады, як адкрыўся фізкультурна-аздараўленчы комплекс. І колькі пазітыву! «Я ў басейн», – збірае амуніцыю жонка. «На трэнажоры пайду», – дакладвае сын. І гэтак у многіх сем’ях. Ёсць умовы не толькі разважаць аб неабходнасці ўмацавання здароўя, а самім рэальна гэта ажыццяўляць.

Зняты ў многіх маладых сем’ях з сёлетняй восені і клопат па ўладкаванні дзяцей у садок. Калі ласка, восьмы гарадскі ўжо здалёк радуе шматколернай вясёлкай фарбаў на фасадзе. А малым раздолле – не толькі цацкі, а і камп’ютарны пакой, музычная, харэаграфічная, спартыўная залы. Зніжана з увядзеннем новай дашкольнай установы нагрузка і на іншыя дзіцячыя сады, палепшылася іх аснашчэнне. Расці, развівайся, наша маладое пакаленне!

Аднак не ўсё яшчэ дабудавана, абжыта. Літаральна ў цэнтры горада – муры касцёла. Не скажаш, што высяцца, бо вежы не завершаны і даху няма. Культавы будынак – клопат вернікаў? Няхай так, і грошы на пабудову збіраюцца, унесці б лепту на святую справу ўсім католікам. А можа і праваслаўным, валанцёры ж не саромеліся завітваць у многія кватэры гараджан без удакладнення іх канфесійнай прыналежнасці. Згодна з маральным прынцыпам, таксама адлюстраваным у Святым Пісанні, – стукайце і вам адчыняць. І цяпер вось яшчэ адна, да даўняга сабора, прыгожая царква збірае на службы прыхаджан. Вельмі ўдзячная была б у дабудове касцёла і спонсарская дапамога. І тут зварот не толькі да вернікаў, а і да перакананых атэістаў, каля яны яшчэ ёсць. Няўжо ж нам, стаўбчанам, не сорам, што на адной з цэнтральных вуліц горада стаіць аб’ёмны, недабудаваны гмах. Завершыцца будаўніцтва – арганічна стане яшчэ адной са славутасцяў Стоўбцаў.

Амаль побач з касцёлам, тут жа, па вуліцы Ленінскай і наш гарадскі парк. З нагоды пэўнай юбілейнай падзеі далі яму назву «Дружба народаў». Дружна пасадзілі дрэўцы, і сёння яны высока выраслі, дзесьці, магчыма, варта і прарэджваць. Старэйшыя гараджане памятаюць, як вадзілі сюды дзяцей. З якой радасцю каталіся малыя на вагончыках «малой чыгункі». І дарослым дух займала пры імклівым руху па «крутых горках» на аўтамабільчыку атракцыёна. Добра было, зручна: купіў білецік – і катайцеся, дзеткі, вядома, пад наглядам дарослых.

Час усё руйнуе, калі, удакладнім, яно без догляду. Паржавелі рэйкі чыгункі, разабралі сапсаваныя атракцыёны. І вольна адчувалі сябе над і пад зялёнай засенню парку хіба толькі вароны. Добра, што танцпляцоўку «Вербачка» пакінулі, стаяла яна сіратліва.

І дзякуючы кіраўніцтву раёна ўсё цяпер аднаўляецца. Малых дзетак бацькі, бабулі прыводзяць, большанькія самі прыбягаюць у парк. А тут устаноўлены і арэлі-гушкалкі, і лесвічкі-сценачкі, і домікі-пакойчыкі, і шмат чаго іншага дзецям на забаву і захапленне. Нядаўна паставілі і трэнажоры, турнічок, прыстасаваныя для малых і падлеткаў. Адным словам, адпачывайце, набірайцеся сіл.

А яшчэ вось сёлетняя, нядаўняя навіна. У парку абсталяваны фантан. Праведзена яго выпрабаванне. З павевам вясны, яркім летам будзе ён асвяжаць, зайграе россыпам усіх колераў вясёлкі.

Тут бы, на аптымістычнай ноце і закончыць сказ. Ды не, на жаль, не выходзіць. Вось факты з хронікі здарэнняў. У сістэме фантана адвінчаны фарсункі, з дзіцячых прылад зняты сядзенні.

На крадзеным крэсле не ўседзіш, мулка будзе, з крадзенага кубка смагу не спатоліш. Няхай рукі ў таго, хто чужое, тым больш дзіцячае, бярэ… Ды нельга клясці, няхай разбяруцца праваахоўныя органы. Вось відэаназіранне ў такім месцы, дзе дарагія рэчы часта без нагляду, і неабходна. Аднымі заклікамі да сумлення, на жаль, не заўсёды абыдзешся.

Добрым зрухам стала і тое, што сёлета бадай што ўпершыню праведзены Дзень горада. А ў чэрвені наступнага года будзем адзначаць устаноўленую і афіцыйна зацверджаную юбілейную, 425-ю гадавіну заснавання Стоўбцаў. Да свята, як у народзе вядзецца, усё чыста прыбіраецца і хораша аздабляецца. Каб было добра гасцям і прыемна гаспадарам. Не дапускаць бы з’яўлення на светлым вобліку цёмных плям – зламысных дзеянняў, праяў безгаспадарчасці, неахайнасці.

Фёдар БАНДАРОВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *