Робім усё, каб ісці наперад

Нумары Улада. Слова. Справа

1811a

Сёння на Стаўбцоўшчыне ладзіцца вялікае свята, прысвечанае Дню сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці, – раённыя «Дажынкі-2017». Гэта свята, калі ўбраны ўраджай, калі можна падвесці вынікі работы за год. Гэта свята, якога не толькі чакаюць, да якога не толькі рыхтуюцца. Гэта свята плёну і здабыткаў.

Сёння аграгарадок Рубяжэвічы гасцінна сустракае ўдзельнікаў раённых «Дажынак-2017», лепшых аграрыяў Стаўбцоўшчыны, тых, хто шчыра працаваў на карысць нашага рэгіёна і прымнажаў здабыткі Міншчыны. З гэтай нагоды – слова старшыні раённага выканаўчага камітэта Юрыю Горлаву.

Паважаныя жыхары Стаўбцоўшчыны, працаўнікі аграрнага сектара!

Хоць каляндарны год яшчэ не закончыўся, але па добрай традыцыі склалася так, што вынікі ў сельскай гаспадарцы падводзяць да Дня сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці. А вынікі працы нядрэнныя…

Наш Стаўбцоўскі раён з’яўляецца адным з найбуйнейшых вытворцаў сельскагаспадарчай прадукцыі ў Мінскай вобласці. Ён займае 4% з агульнай плошчы сельгасугоддзяў Міншчыны. На працягу многіх гадоў доля раёна ў абласной вытворчасці валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі складае ў сярэднім 4,5 працэнта.

Плошча сельгасугоддзяў складае 66 тысяч гектараў (у тым ліку 49,3 тысячы гектараў раллі).

Раён спецыялізуецца на вырошчванні збожжа, цукровых буракоў, бульбы, ільну, агародніны адкрытага грунту. Характарызуецца высокім узроўнем развіцця жывёлагадоўлі. Удзельная вага прадукцыі раслінаводства ў таварнай прадукцыі сельскай гаспадаркі раёна складае 40,6%, жывёлагадоўлі – 59,4%.

Вытворчасць сельскагаспадарчай прадукцыі сканцэнтравана ў 17 арганізацыях і 27 фермерскіх гаспадарках, у якіх занята больш за 3000 чалавек.

Аб’ём валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі за 9 месяцаў 2017 года склаў 89,8 млн руб., што на 1,7% больш, чым у адпаведным перыядзе 2016 года. Па выніках 2017 года чакаецца тэмп росту валавой прадукцыі сельскагаспадарчай галіны ў 102,5%.

Комплекснае вырашэнне праблем у асноўных галінах аграпрамысловага комплексу дазволіла атрымаць ураджай збожжавых 80 тысяч тон пры ўраджайнасці 36,8 ц/га. Зладжаная праца ўсіх службаў раённых арганізацый забяспечыла правядзенне ўборачных работ на высокім тэхналагічным узроўні.

Вялікую дапамогу тэхнікай і работнікамі працаўнікам вёскі аказалі прамысловыя прадпрыемствы раёна.

Арганізаванасць і высокая адказнасць характэрны для сёлетняй уборачнай кампаніі. Перадавыя пазіцыі захавалі за сабой прызнаныя лідары – ААТ «Вішнявецкі-агра» і «Вялікі Двор». Гэтыя калектывы і іх кіраўнікі заслугоўваюць самых цёплых слоў падзякі. Ураджайнасць у ААТ «Вялікі Двор» дасягнула рэкорднай планкі – 64,1 ц/га. Кіраўнік Вольга Луцык стала легендай сельскай гаспадаркі не толькі Міншчыны, але і ўсёй краіны. 46 гадоў жанчына ў старшынёўскім корпусе – гэта адзіны прыклад у беларускім АПК. ААТ «Вялікі Двор» – базавае сельскагаспадарчае прадпрыемства, дзе стажыруюцца і пераймаюць вопыт маладыя кіраўнікі цэнтральнага рэгіёна.

Сёлета ў раёне працавалі 95 збожжаўборачных камбайнаў, былі задзейнічаны 26 збожжасушыльных комплексаў. Працавалі 13 сямейных і 14 маладзёжных экіпажаў. 36 экіпажаў намалацілі і 34 вадзіцелі перавезлі больш як па тысячы тон збожжа кожны. А вадзіцель ААТ «Агранёманскі» Анатоль Турко ў пераліку на ўмоўную колькасць перавёз больш за 4000 тон збожжа.

Безумоўна, сабраць дастойны ўраджай па сіле толькі прафесійна падрыхтаваным, нацэленым на вынік і ўлюбёным у сваю нялёгкую справу і родную зямлю людзям. Выдзеліліся на ўборцы экіпажы камбайнераў ААТ «Агранёманскі» Аляксея Пальчыка і Аляксандра Фалюка, сярод маладзёжных экіпажаў – Васілія Крыкалы і Аляксандра Дробыша з ААТ «Вішнявецкі-агра», Віктара Семянько з ААТ «Агранёманскі».

Ураджайнасць бульбы ў раёне ў гэтым годзе складае ў сярэднім 400 ц/га. Самая высокая ўраджайнасць у СГФ «Сула» (кір. Уладзімір Радзевіч) – 500 ц/га. Заслугоўвае павагі і работа па вырошчванні бульбы ў ААТ «Аграцэнтр «Сула» (кір. Эдуард Янкоўскі). Прадукцыя гэтых гаспадарак карыстаецца попытам не толькі ў нашай рэспубліцы, але і ў Расіі, Казахстане, Сербіі, Малдове. Зараз ідзе будаўніцтва высокатэхналагічнага завода па перапрацоўцы бульбы.

Цукровыя буракі вырошчваюць 9 сельскагаспадарчых арганізацый на трох тысячах гектараў. Самыя вялікія плошчы ў ААТ «Вішнявецкі-агра» і «Агранёманскі». Ураджайнасць «салодкага ўраджаю» складае больш за 450 ц/га. Самая высокая ўраджайнасць у ААТ «Вялікі Двор» – больш за 580 ц/га.

Эканамічны патэнцыял аграрнай галіны раёна значны. Рэалізаваць яго ў поўнай меры – гэта асноўная задача кіраўніцтва, спецыялістаў. Вопыт работ, традыцыі, дзелавая атмасфера ў калектывах дазваляюць вырашаць пастаўленыя задачы. Пацвярджэнне таму – вынікі работы і жывёлагадоўчай галіны.

Валавы надой малака па грамадскім сектары за 9 месяцаў 2017 года склаў 68,8 тысячы тон, што на 2,5 тысячы тон, ці 3,7%, больш мінулагодняга паказчыка за аналагічны перыяд. Апошнім часам малако рэалізуецца сортам «экстра» на ўзроўні 70-80%.

Самыя буйныя пастаўшчыкі прадукцыі – ААТ «Агранёманскі», «Радзіма Якуба Коласа», ТАА «СЖК «Налібакі», ААТ «Каганец». Работнікі і спецыялісты гэтых гаспадарак уносяць вялікі ўклад у павелічэнне і павышэнне прадукцыйнасці кароў.

Найбольш высокая прыбаўка малака дасягнута ў ААТ «Вішнявецкі-агра» – 1125,9 тоны (122,6%). Самыя высокія надоі ў сярэднім ад кожнай каровы атрымліваюць жывёлаводы ТАА «СЖК «Налібакі» – каля 8,5 тысячы тон у год. За 9 месяцаў 2017 года тут надоена 6493 кг малака на карову (+75 кг да ўзроўню мінулага года).

За 9 месяцаў 2017 года павялічылася колькасць буйной рагатай жывёлы на 1864 галавы, нарыхтавана больш за 5400 (5409) тон мяса ялавічыны жывой вагой, што на 152 тоны больш, чым у мінулым годзе, рэалізавана перапрацоўшчыкам 4481,6 тоны. Самая высокая прыбаўка па сярэднясутачных прывагах буйной рагатай жывёлы – 127 грамаў – дасягнута ў ААТ «Вішнявецкі-агра».

Сельскагаспадарчыя арганізацыі актыўна выкарыстоўвалі інвестыцыі. З пачатку года асвоена 6 млн руб., што на 20% больш, чым у 2016 годзе. З 2015 года пачала дзейнічаць праграма будаўніцтва сельгасаб’ектаў. З улікам 2017 года ўзведзена 76 сіласна-сянажных траншэй, 22 будынкі для ўтрымання буйной рагатай жывёлы. У бягучым годзе будуецца 21 сіласна-сянажная траншэя, а таксама 8 будынкаў для ўтрымання буйной рагатай жывёлы. Вядзецца будаўніцтва новых і рэканструкцыя дзеючых прафілакторыяў для цялят. За 2015-2016 гады ўзведзена 17 будынкаў, 27 – рэканструявана. У 2017 годзе плануецца будаўніцтва 11 прафілакторыяў, 22 будуць рэканструяваны.

За апошнія тры гады былі праведзены работы па асфальтаванні фермаў і малочнатаварных комплексаў раёна.

У агульную скарбонку добрых спраў сельскагаспадарчай галіны раёна ўносяць важкі ўклад працаўнікі Стаўбцоўскай ПМК, аграпрамэнерга, райаграсэрвіса, хлебапрыёмнага прадпрыемства і прадпрыемства меліярацыйных сістэм, мясакансервавага камбіната, ветэрынарнай і племянной станцый.

Галоўнае багацце Стаўбцоўскага краю – працавітыя людзі. Прыкладам для жыхароў Стаўбцоўшчыны з’яўляецца Галіна Сергіевіч, якая працуе аператарам машыннага даення на МТФ «Мархачоўшчына ААТ «Вішнявецкі-агра» на працягу 52 гадоў. У гэтым годзе за шматгадовую працу, высокія паказчыкі Пастановай Прэзідыума Савета Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі ёй прысуджана прэмія ў галіне працы з прысваеннем звання лаўрэата і ўручэннем ганаровага знака. У кастрычніку 2017 года падпісаны ўказ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аб узнагароджанні медалём «За працоўныя заслугі» кіраўнікоў – дырэктара ААТ «Стаўбцоўскі мясакансервавы камбінат» Рамуальды Бурдукевіч і дырэктара ТАА «СЖК «Налібакі» Віталія Кушнера. Сёння вялікая колькасць працаўнікоў аграрнага сектара таксама атрымае ўзнагароды, падарункі за сваю працу.

Паважаныя аграрыі Стаўбцоўшчыны!

Прыміце шчырыя віншаванні з Днём сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу! Дзякуй вам за вашу працу, за ваш прафесіяналізм. Жадаю добрага здароўя, дабрабыту, поспехаў, міру і ладу ў вашых сем’ях. Са святам!

Падрыхтавала Нэлі АСТРЭЙКА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *