Рупнасць хлебаробская

Нумары Сельская гаспадарка

1811b

ААТ «РУБЯЖЭВІЧЫ». ЗА СТАРАННЕ І ЎМЕННЕ

Працаўнікі ААТ «Рубяжэвічы» сёлета плённа папрацавалі і заслужылі права на правядзенне на сваёй тэрыторыі прафесійнага свята працаўнікоў вёскі і раённых «Дажынак».

Як і летась, калектыў выйшаў пераможцам раённага спаборніцтва па нарыхтоўцы кармоў. Тут значна перавыкананы планы па закладцы ўсіх відаў травяных кармоў – сена, сенажу і сіласу. І поспех гэты заканамерны, бо дырэктар Андрэй Атрушкевіч удзяляе неаслабную ўвагу кармавой базе. Прыкладаюцца намаганні, каб забяспечыць грамадскі статак на зімоўку якаснымі і пажыўнымі зялёнымі кармамі. Сенажу заклалі звыш 14 тысяч тон, насушылі 915 тон сена. Не падвяла кукуруза, бо яе тут умеюць вырошчваць. З кожнага гектара атрымалі каля 430 цэнтнераў зялёнай масы і затрамбавалі звыш 18 385 тон кукурузнага сіласу, што больш чым у паўтара раза перавышае запланаваны аб’ём. На ўмоўную галаву жывёлы прыпадае каля 32 цэнтнераў кармавых адзінак травяных кармоў.

Пастараліся працаўнікі і на ўборцы збожжавых. Хлебаробы правялі жніво ў сціслыя тэрміны, якасна. Намалацілі 6122 тоны збожжа, што больш, чым летась. Удалася бульба, якой накапалі 364 цэнтнеры на круг, а ўсяго 1820 тон. Цукровыя палеткі аддзячылі больш як 430 цэнтнерамі салодкіх каранёў з гектара.

Шчыра папрацавалі механізатары і вадзіцелі, якія былі заняты на розных відах работ і заслужылі за адказныя адносіны да працы і старанне самыя шчырыя словы ўдзячнасці. Гэта Сяргей Кажамяка, Пётр Гурын, Сяргей Анціпін, Сяргей Лабун, Анатолій Рамэйка, Анатолій Мішук, Алег Шышка, Іосіф Пока, Юрый Янкоўскі, Раман Сабалеўскі, Уладзімір Маргаўнічы, Святаслаў Круглік, Анатолій Марцінкевіч, Вячаслаў Гайдукевіч, Антон Какошын, Мікалай Сінякевіч, Браніслаў Сабалеўскі, Васіль Паплаўскі.

На здымку. Сяргей Кажамяка – у ліку лепшых працаўнікоў ААТ «Рубяжэвічы». Рупіцца ў гаспадарцы механізатарам больш за чвэрць стагоддзя. Кожны год яму давяраюць сеяць кукурузу, якая аддзячвае высокімі ўраджаямі. Сяргей Міхайлавіч сёлета стаў прызёрам спаборніцтва на сяўбе гэтай культуры. Падчас жніва працаваў на камбайне, намалаціў разам з сынам Дзмітрыем 921 тону збожжа.

ААТ «АГРАНЁМАНСКІ». У ЗГУРТАВАНЫМ КАЛЕКТЫВЕ

У ААТ «Агранёманскі», дзе кіраўніком працуе малады дырэктар Уладзімір Жукаў, атрыманы сёлета самы высокі ў раёне валавы збор збожжа – 10 738 тон. Па ўраджайнасці збожжавых і зернебабовых агранёманцы традыцыйна, ужо каторы год запар, утрымліваюць другі паказчык. У згуртаваным калектыве і справы ладзяцца. Парупіліся на жніве сямейныя экіпажы камбайнераў у складзе Аляксандра і Мікіты Фалюкоў, Валерыя і Андрэя Жукоў, Міхаіла Таяноўскага і Андрэя Васіна, Аляксея Пальчыка і Анатолія Казлоўскага, Міхаіла Мазюкевіча і Ягора Сыча, маладзёжныя экіпажы ў складзе Віктара Семянько і Віталія Кобеца, Уладзіслава Дзядовіча і Аляксандра Боня, Сяргея Байко і Валерыя Яўсейчыка, Аляксандра Конана і Івана Канановіча, вопытнага Генадзія Цвіркі і Валянціна Гайдукевіча.

Намеснік дырэктара па раслінаводстве Іван Скварчэўскі ўдзячны ўсім, хто не толькі ўбіраў ураджай, а і прымаў самы непасрэдны ўдзел у яго вырошчванні, і асабіста механізатарам Казіміру Дамброўскаму – галоўнаму аратаму, Дзмітрыю Сагайдакевічу – умеламу сейбіту, Аляксандру Булашу – аграному-аграхіміку.

На адвозцы збожжа парупіліся вадзіцелі Анатолій Турко – неаднаразовы пераможца раённага, абласнога і рэспубліканскага спаборніцтваў, Анатолій Бабровіч, Сяргей Кандрацін, Іван Каробка. Кожны з іх перавёз звыш тысячы тон збожжа.

Варта падкрэсліць, што ў таварыстве намалочана з кожнага гектара 50,7 цэнтнера масланасення азімага рапсу – рэкордная не толькі для гаспадаркі, а і для раёна ўраджайнасць. Высявалі 150 гектараў гэтай прыбытковай тэхнічнай культуры. Іван Скварчэўскі падкрэслівае, што высокай ураджайнасці папярэднічала не толькі добрая перазімоўка раслін.

– З групай аграномаў выязджалі у Германію, на семінар-вучобу нас запрасіла да сябе нямецкая фірма «Байран», – расказвае галоўны спецыяліст. – Прымянілі нямецкую тэхналогію вырошчвання азімага рапсу на нашых палетках. Ад продажу насення атрымалі 48 тысяч рублёў чыстага прыбытку.

Высявалі ў таварыстве ў асноўным два замежныя гібрыды F-1 «брэнтана» і «геркулес», а таксама айчынны «імперыял». На спецыяльнай устаноўцы масланасенне рапсу ў гаспадарцы перапрацоўваюць на рапсавы алей. Жамерыны ідуць на корм жывёле.

У жывёлагадоўчай галіне добрыя дасягненні ў працаўнікоў фермаў. Гаспадарка з’яўляецца адным з самых буйных пастаўшчыкоў малака і мяса – валавы надой з пачатку года склаў 8353 тоны, а валавыя прывагі – 816 тон. Па надоях малака ад каровы таварыства ўваходзіць у пяцёрку наймацнейшых гаспадарак раёна з паказчыкам 5063 кілаграмы. Сярод вытворчых падраздзяленняў малочнага цэха лідзіруе МТФ «Залужжа» (брыгадзір Вячаслаў Дзярнейка) з надоем 6105 кілаграмаў. На другім месцы МТФ «Казейкі» (брыгадзір Тамара Рабянок), дзе дасягнута самая высокая прыбаўка – 639 кілаграмаў. У мясных справах лідзіруе калектыў МТФ «Ператокі» (брыгадзір Людміла Жарко), дзе сярэднясутачныя прывагі бычкоў на адкорме склалі 804 грамы. Сярод жывёлаводаў вылучаюцца стараннасцю Людміла Зянько, Іна Дзядовіч, Тамара Патапава, Нона Філіна, Людміла Буката, Валянціна Нарановіч, Святлана Сахута, Тадэвуш Цвірка, Юрый Сачук, Святлана Чытра, Зінаіда Шашко, Аліна Пяцінкова.

У АГРАХОЛДЫНГУ. СПРАВЫ Ў БУЛЬБАВОДАЎ ЛАДЗЯЦЦА

Сёлета ў СФГ «Сула» (кіраўнік Уладзімір Радзевіч) атрымана з кожнага гектара звыш 500 цэнтнераў бульбы. Як і ў папярэднія гады – гэта лепшы паказчык у раёне сярод гаспадарак, якія вырошчваюць другі хлеб. Парупіліся на вырошчванні і ўборцы важкіх клубняў механізатары Алег Жытко, Віктар Тарасевіч і Сяргей Пяткевіч. Забяспечыў бесперабойную работу тэхнікі галоўны інжынер Аляксандр Валадзько. Парадавалі даволі высокім ураджаем і бульбяныя палеткі ТАА «Аграцэнтр-Сула» (дырэктар Эдуард Янкоўскі). Вызначыліся стараннасцю механізатары Віктар Лысы, Пётр Босы, Эдуард Бізгень і Віктар Лёсік, аграном Сяргей Астапук і інжынер-механік Аляксандр Клімко. Абодва вышэйназваныя вытворчыя падраздзяленні разам з ТАА «Сула Плюс» уваходзяць у адзін аграхолдынг, які спецыялізуецца на вырошчванні насеннай і таварнай бульбы, яе расфасоўцы і рэалізацыі.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *