Зямны паклон аграрыям Стаўбцоўшчыны

Нумары Сельская гаспадарка

2211

Раённае свята «Дажынкі-2017» і святочнае мерапрыемства, прысвечанае Дню работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці, праходзіла сёлета на тэрыторыі ААТ «Рубяжэвічы». Па прапанове старшыні райвыканкама Юрыя Горлава пачалося яно з асвячэння рубяжэвіцкай крынічкі. З гэтай нагоды выступіла старшыня Рубяжэвіцкага сельвыканкама Ала Стралкоўская. Асвяцілі крынічку ксёндз Уладзімір і айцец Мікалай.  

Затым перадавікі ўсіх галін сельскагаспадарчай вытворчасці, перапрацоўчай прамысловасці, арганізацый, якія абслугоўваюць сельскую гаспадарку, і госці свята накіраваліся да мясцовага Дома культуры. Сярод прысутных ветэраны працы, былыя кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў.

Пад святочныя фанфары на сцэну паднімаецца старшыня райвыканкама Юрый Горлаў. Па традыцыі, кіраўніку раёна ўручаецца каравай. Юрый Мікалаевіч агучвае вынікі работы сельскагаспадарчай галіны, называе прозвішчы лепшых працаўнікоў. Віншуе ўсіх са святам і шчыра дзякуе за плённую працу.

Затым слова прадастаўляецца гасцям свята. Старшыня СВК «Агракамбінат «Сноў», член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Мікалай Радаман падкрэсліў, што з кожным годам аграрны сектар краіны становіцца мацней, павялічваюцца паказчыкі, паляпшаюцца ўмовы працы і жыцця людзей. Свой немалы ўклад у агульную справу ўносіць і Стаўбцоўшчына. Ён перадаў прысутным прывітанне і падзяку за плённую працу ад старшыні Савета Рэспублікі Міхаіла Мясніковіча. Павіншавала сельскіх працаўнікоў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Алена Анісім і ўручыла падарунак шматдзетнай маці, жывёлаводу ААТ «Рубяжэвічы» Алене Мішук. Ад камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама выступіў начальнік абласной інспекцыі дзяржтэхнагляду Валерый Злотнік. Перадавікі вытворчасці атрымалі граматы і падзякі аблвыканкама, абкама прафсаюза работнікаў АПК. Ганаровай граматай Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь адзначана аграном-аграхімік ААТ «Рубяжэвічы» Ірына Атрушкевіч. Ганаровы дыплом за прызавое месца ў абласным спаборніцтве атрымаў вадзіцель ААТ «Агранёманскі» Анатолій Турко. Ад суседзяў – дзяржынскіх аграрыяў – віншаванні і падарунак старшыні райвыканкама Юрыю Горлаву ўручыў першы намеснік старшыні Дзяржынскага райвыканкама Сяргей Савіцкі. Ад кіраўніцтва Клецкага філіяла ААТ «Слуцкі сыраробчы камбінат» за высокія аб’ёмы паставак прадукцыі і якасную сыравіну дырэктары ААТ «Дзераўное», «Жацерава» і «Шашкі» атрымалі сертыфікаты на каштоўныя падарункі.

Дырэктарам сельгаспрадпрыемстваў за плённую работу падначаленых ім калектываў уручылі караваі. Ад імя ўсіх кіраўнікоў выступіў дырэктар ААТ «Рубяжэвічы» Андрэй Атрушкевіч. Ён адзначыў, што работа ў сельскай гаспадарцы нялёгкая, але вельмі важная, і пажадаў аграрыям у будучым высокіх ураджаяў.

У гонар прафесійнага свята граматамі, дыпломамі і падзякамі райвыканкама адзначаны дзясяткі руплівых працаўнікоў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці, якія ўручылі ім старшыня райвыканкама Юрый Горлаў і яго першы намеснік, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Дзяніс Колясень. Атрымалі падарункі і лепшыя ў сваёй прафесіі спецыялісты.

Пераходны прыз за самы высокі намалот, заснаваны райкамам прафсаюза работнікаў АПК і ўпраўленнем сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама ў гонар праслаўленага камбайнера Генадзія Цвіркі з ААТ «Агранёманскі», другі год запар застаецца ў яго калегі Аляксея Пальчыка.

Асаблівая ўвага ўдзелена маладым спецыялістам. Віншуючы маладую змену, старшыня райвыканкама Юрый Горлаў выказаў спадзяванні, што ў будучым з іх атрымаюцца дастойныя кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў, здольныя вырашаць пастаўленыя задачы, і пажадаў удачы. Ад імя маладых спецыялістаў са зваротам выступіла загадчыца лабараторыі ветсанэкспертызы ўстановы «Стаўбцоўская райветстанцыя» Ганна Рыдкіна.

Ля Дома культуры раскінуўся цэлы «гарадок» з імправізаваных «падворкаў». Усе сельгаставарыствы арыгінальна іх аформілі.

Раённае свята «Дажынкі-2018» ў наступным годзе будзе ладзіцца ў ААТ «Радзіма Якуба Коласа».

Надзея БАТАЛКА

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *