Павышаюць майстэрства

Культура Нумары

На базе Старасвержанскага цэнтра культуры прайшоў абласны семінар-практыкум для кіраўнікоў харавых і вакальных калектываў Мінскай вобласці па тэме «Работа над вакальна-харавым творам: этапы развучвання, сцэнічнае ўвасабленне». У рабоце семінара прыняла ўдзел галоўны хармайстар Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці Вольга Нупрэйчык.

Гасцей Стаўбцоўшчыны віталі дырэктар Старасвержанскага цэнтра культуры Валерый Пугач і дырэктар Старасвержанскай дзіцячай школы мастацтваў Таццяна Курмышава. Кіраўнікі правялі азнаямляльную экскурсію па сваіх установах. А юныя артысты – узорны ансамбль народнай песні «Вясёлы падворак» пад кіраўніцтвам Надзеі Зубовіч і выхаванцы тэатральнага аддзялення пад кіраўніцтвам Галіны Грэкавай – праспявалі песні і пачыталі творы Якуба Коласа.

Затым удзельнікаў семінара запрасілі ў залу, дзе іх увазе была прапанавана выстава фотаматэрыялаў, друкаванай прадукцыі, метадычных дапаможнікаў калектываў-удзельнікаў – народнага хору «Нёман» Старасвержанскага цэнтра культуры пад кіраўніцтвам Вольгі Шыбко, народнага фальклорнага гурта «Коласавы землякі» Любкаўшчынскага дома культуры пад кіраўніцтвам Лідзіі Варывоцкай і народнага вакальнага ансамбля «Гарэзы» Горкаўскага дома культуры пад кіраўніцтвам Рэгіны Васілеўскайй . Гэтыя калектывы падрыхтавалі таксама змястоўныя відэапрэзентацыі.

Былі дадзены і майстар-класы. Вольга Шыбко падзялілася з калегамі з вобласці сваім вопытам паэтапнага развучвання новага музычнага твору з харавым калектывам. Лідзія Варывоцкая паказала пераемнасць пакаленняў у дзейнасці фальклорнага калектыву «Коласавы землякі». Перад прысутнымі выступіў як асноўны састаў песеннага гурта, так і ўдзельнікі дзіцячага ансамбля народнай песні «Кропелька» – вучні філіяла Старасвержанскай дзіцячай школы мастацтваў у Новым Свержані.

У кіраўніка народнага вакальнага гурта «Дольніца» Рэгіны Васілеўскай была задача паказаць прыёмы і метады работы над інтанацыйным строем у калектыве.

Удзельнікам семінара была прапанавана канцэртная праграма, дзе яны маглі ўбачыць вышыню выканальніцкага майстэрства калектываў Стаўбцоўшчыны. Акрамя адзначаных мастацкіх гуртоў у канцэрце прынялі ўдзел і такія адметныя калектывы, як народны ансамбль народных інструментаў «Кругліца» Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў пад кіраўніцтвам Генадзя Несялоўскага і дуэт «Пяшчота» Вішнявецкага дома культуры пад кіраўніцтвам Тамары Хватавай. Быў падрыхтаваны зводны нумар як новая форма выканальніцкай інтэрпрэтацыі ў канцэртнай дзейнасці.

Семінар даў магчымасць ва ўсёй красе паказаць прадстаўнікам раёнаў Мінскай вобласці і спецыялістам Мінскага народнага цэнтра народнай творчасці лепшыя харавыя і вакальныя калектывы Стаўбцоўшчыны, работу па захаванні іх самабытнасці і развіцці мастацкіх гуртоў.

Святлана ЖЫБУЛЬ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *