Размова па сутнасці

Калонка дэпутата Нумары

2211b

Да дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Алены Анісім падчас прыёму грамадзян звярнуліся два чалавекі, паступілі і тры тэлефанаванні.

Пытанні тычыліся праблем, звязаных з правамі інвалідаў, іх жыццёвым забеспячэннем і працаўладкаваннем.

Падымалася пытанне руху электравеласіпедаў. Алена Анісім растлумачыла: «Сёння заканадаўча не прапісана, дзе можна ездзіць на такіх транспартных сродках, якія правы і абавязкі ў іх уласнікаў і дзе яны могуць рухацца: па праезджай частцы, па тратуары ці па спецыяльнай веласіпеднай дарожцы».

Паступіла пытанне ад стаўбчаніна, які не хоча мець пашпарт новага ўзору з ідэнтыфікацыйным нумарам. Але як яму забяспечыць правы грамадзяніна?

Жыхар г. Стоўбцы звярнуўся да Алены Мікалаеўны з просьбай дапамагчы разабрацца ў сітуацыі, у якую трапілі жыхары вуліцы М. Горкага. Грамадзян штрафуюць супрацоўнікі РАУС за пераход чыгункі, якая пралягае праз вуліцу. Ужо атрыманы адказ з Баранавіцкага аддзялення Беларускай чыгункі, але пытанне-праблема патрабуе дэталёвага вывучэння. Напэўна, жыхарам вуліцы М. Горкага патрэбна памятаць, што чыгунка – гэта павышаная зона небяспекі. На жаль, у неўстаноўленым месцы яе пераходзяць і дзеці…

Алена Анісім адзначыла, што на заканадаўчым узроўні не ўрэгулявана пытанне наконт гарадскіх вуліц, якія перасякаюцца чыгуначнымі шляхамі.

Алена Мікалаеўна расказала, што яна звярталася на прыём да кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Наталлі Качанавай па пытанні транспартнага забеспячэння аграгарадка Горкі, а іменна – будаўніцтва чыгуначнага прыпынка каля вёскі Савоні. Ужо двойчы прымалася рашэнне, каб такі прыпынак быў, але яно не выканана. Гэтае пытанне для мясцовага насельніцтва набалелае. Наталля Іванаўна паабяцала, што возьме яго на кантроль, і спецкамісія вывучыць, наколькі яно актуальнае.

На пытанне журналістаў, над чым працуе ў парламенце наш дэпутат, Алена Мікалаеўна падзялілася: «Цяпер хачу ажыццявіць сваю прапанову, каб заканадаўчыя дакументы прымаліся на дзвюх мовах: беларускай і рускай, таксама ў інфармацыйнай прасторы – каб адзін з каналаў тэлебачання гучаў на беларускай мове кругласутачна, ну а ў акрузе – каб гімназія запрацавала на беларускай мове, як цэнтр беларускай культуры».

«Мне як дэпутату вельмі хочацца – і гэта мая задача – зрабіць так, каб грамадзянская супольнасць была актыўная, крэатыўная, творчая і працаздольная. Тады наша краіна будзе моцная. Але цэнім мы, перш за ўсё, тое, у што мы самі ўкладваем і душу, і сілы, і сродкі. Таму калі ў гэтым плане мы будзем развівацца, то станем на правільны шлях», – рэзюмавала Алена Анісім.

Нэлі АСТРЭЙКА, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *