Мастацтва

Захапленні Культура Нумары

2211e

У «РАНІЦУ» – ПА НОВЫМ АДРАСЕ

Народная студыя жывапісу «Раніца » змяніла адрас. Нас гасцінна прыняла Стаўбцоўская дзіцячая школа мастацтваў. А абсталяваліся мы ў памяшканні фізкультурна-аздараўленчага комплексу. Наша планета сонца паступова засяляецца. Усе дзеткі розныя, але іх аб’ядноўвае творчае натхненне, пошук і шчасце ад таго, што кожны юны мастак імкнецца стварыць непаўторную кампазіцыю.

Напярэдадні народная студыя пацвердзіла ганаровае званне, якое атрымала ў 2006 годзе. Праца працягваецца. Мы адпраўляем на конкурсы малюнкі ў розныя краіны свету. У ліку іх і XІХ Міжнародны конкурс дзіцячай творчасці «Экалогія душы-2017» у Калінінградзе. У дзетак атрымаліся філасофскія і шчырыя работы: адчувалася, что студыйцы пранікліся існуючымі праблемамі як у экалогіі, так і ў духоўнасці. Конкурс праводзіўся ў два этапы. На першы тур работы прадстаўляліся ў электронным варыянце. З васьмі прадстаўленых у другі тур малюнкаў прайшлі тры, якія патрэбна было ўжо даслаць на суд кампетэнтнага міжнароднага журы. І вось народная студыя «Раніца» атрымала бандэроль з высокімі ўзнагародамі. Свой першы трыумф святкуюць сястрычкі Маргарыта і Марына Клімовіч (на здымку). За арыгінальны погляд на рэчаіснасць, тонкую і трапяткую перадачу вобразаў абсалютным пераможцам, лаўрэатам першай ступені стала Маргарыта Клімовіч. Яе работа «Маленькі прынц» была вызначана з тысяч малюнкаў, дасланых з розных куткоў свету. Марына Клімовіч атрымала дыплом конкурсу за работу «Птушкі». Прыгажосць роднай прыроды адлюстраваў і яшчэ адзін дыпламант – Максім Калкоўскі. Ад душы віншуем пераможцаў!

Студыя гасцінна адкрывае свае дзверы для ўсіх , хто любіць маляваць. На нашай планеце яшчэ столькі цудоўных з’яў, якія абавязкова натхняць выхаванцаў «Раніцы» на стварэнне яркіх і незвычайных малюнкаў.  

Святлана КАЛКОЎСКАЯ, кіраўнік народнай студыі жывапісу «Раніца»

 

З МІЖНАРОДНЫМІСЕРТЫФІКАТАМІ

Выкладчыкі аддзялення духавых інструментаў Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў прынялі ўдзел у IX Міжнародным балтыйскім форуме дырыжораў духавых аркестраў і выкладчыкаў духавой музыкі, які прайшоў у Латвіі.

Беларусь на гэтым музычным форуме прадстаўлялі прафесар музыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Аляксандр Карацееў і Стаўбцоўская дзіцячая школа мастацтваў: загадчык аддзялення духавых інструментаў, мастацкі кіраўнік і дырыжор заслужанага духавога аркестра «Віціны» Аляксандр Нічыпаровіч і выкладчыкі аддзялення Уладзімір Татарыцкі, Сяргей Лубчонак. Паездка была ажыццёўлена мікрааўтобусам – падарункам стаўбцоўскаму аркестру за перамогу ў музычным конкурсе. За рулём аўтобуса быў Юрый Шыран, якія прадстаўляе сямейную дынастыю музыкантаў, якія многія гады іграюць у стаўбцоўскім духавым аркестры. Яму таксама было вельмі цікава пабыць на гэтым форуме як музыканту. Наогул, удзел у форуме быў прадстаўлены такімі краінамі, як Латвія, Эстонія, Літва, ЗША, Расія, Вялікабрытанія, Ізраіль і іншыя.

Форум даў магчымасць у поўнай меры пазнаёміцца з новымі накірункамі духавой музыкі. На базе Латвійскай акадэміі музыкі быў праведзены цікавы майстар-клас па дырыжыраванні амерыканскім дырыжорам са студэнтамі Рыжскай кансерваторыі. Усе дырыжоры і музыканты, якія прыбылі на форум, мелі магчымасць даць майстар-клас па дырыжыраванні ці выкананні на музычных інструментах.

Перад удзельнікамі форуму выступілі два латвійскія духавыя аркестры, адзін з іх – Нацыянальны ваенны аркестр Латвіі. Як расказвае Аляксандр Нічыпаровіч, яркай асаблівасцю рэпертуару гэтых аркестраў з’яўляецца выкананне нацыянальнай музыкі. Вялікі інтарэс выклікаў таксама канцэрт аркестра з англійскага горада Бірмінгема. У складзе аркестра – навучэнцы музычнага каледжа. Усіх уразіла якасць інструментаў – яны нараўне з тымі, якімі забяспечаны самыя прэстыжныя аркестры накшталт прэзідэнцкіх і нацыянальных.

Падарункам для ўдзельнікаў форуму стала выступленне амерыканскай барабаншчыцы – выканальніцы-віртуоза на ксілафонах і духавых інструментах.

Міжнародны музычны форум даў магчымасць не толькі пазнаёміцца з сучаснымі накірункамі духавой музыкі, шмат што ўзяць на заметку для развіцця стаўбцоўскага аркестра, займець задавальненне і творчы настрой ад пешаходнай і аўтобуснай экскурсіі па камернай і стыльнай Рызе, але і атрымаць сертыфікаты міжнароднага ўзору аб павышэнні кваліфікацыі.

Святлана ЖЫБУЛЬ

 

ТВОРЧЫЯ ВЯЧОРКІ

Лістападаўскім суботнім вечарам доўга свяціліся вокны Шашкоўскага дома культуры. Тут сабраліся на вечар адпачынку «Асеннія мелодыі» жанчыны сталага ўзросту з вёскі Шашкі і пасёлка Нёман.

Гасцінна сустракалі нас работнікі Дома культуры ва ўпрыгожанай зале. Вядучая Лідзія Кірыленка запрасіла ўсіх за сталы, чытала вершы пра восень, жыццё і каханне. Я таксама прачытала верш «Пенсіянерка». Праводзіліся цікавыя конкурсы. Многія жанчыны дзяліліся рацэптамі выпечкі, якую мы падрыхтавалі для гэтага мерапрыемства, успаміналі маладосць. Нямала салодкай, смачнай здобы прыгатавалі ўдзельнікі клуба «Гаспадынька», які працуе ў Доме культуры. Разам з гуртам «Родныя напевы» спявалі песні, частушкі. Асабліва ўсім спадабалася выступленне маладой спявачкі Кацярыны Масойць.

А калі акампаніятар Вера Калкоўская зайграла польку, то ніхто не ўседзеў за сталом, усе кінуліся ў скокі. Пасля танцавалі вальс, кракавяк, падыспан і іншыя танцы.

Алена ШЫМАНЕЦ, в. Шашкі



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *