Дзяржкантроль канстатуе пільнасць грамадзян

Нумары Прамая лінія У Камітэце дзяржкантролю

2511

На гэтым тыдні ў раённым выканаўчым камітэце правёў прыём грамадзян і прамую тэлефонную лінію старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Мінскай вобласці Валерый Стадольнік. У цэлым да яго звярнуліся пяць жыхароў раёна, у некаторых было адразу па некалькі пытанняў. І хоць дзейнасць Дзяржкантролю спецыфічная, напрамую звязана з бюджэтна-фінансавай сферай, выкрыццём розных парушэнняў, людзі дзяліліся ў першую чаргу тым, што іх турбуе, чаго ім не хапае і дзе патрэбна ўмяшальніцтва дзяржаўных органаў.

Да прыкладу, з Рочавічаў патэлефанавала Г. Л. Халапук і ўзняла пытанні медыцынскага абслугоўвання сябе і свайго бацькі, а таксама вулічнага асвятлення і адсутнасці штодзённых аўтобусных зносін паміж аграгарадком і райцэнтрам. Жыхарка Мінска М. А. Гацура мае ў Шашках спадчынны дом, аднак яе ўчастак, як і ўчасткі іншых вяскоўцаў, церпяць падтапленне ў выніку работ, якія праводзяць меліяратары на меліярацыйнай сістэме «Сула». Пісьмовы зварот ад яе некалькімі днямі раней паступіў для разгляду і ў раённы выканаўчы камітэт. Жыхар Задвор’я Ю. У. Макарэвіч падаў сігнал аб тым, што на ўскраіне Стоўбцаў утворана звалка з… бульбы.  

Жыхарку Новага Свержаня Л. Д. Паўлоўскую прывялі на прыём працяглая зямельная спрэчка з суседам (у гэтых міжасобасных адносінах не паставілі кропку ні рашэнне суда, ні высновы раённай камісіі), а таксама дрэнны стан тратуараў па вуліцы Нясвіжскай. Гэтая вуліца – цэнтральная ў Новым Свержані і па сутнасці з’яўляецца часткай рэспубліканскай дарогі, якая пралягае праз населены пункт. Стаўбчанка В. В. Саломчанка скардзілася на тое, што ў іх доме па вуліцы 17 Верасня цячэ дах. Паводле слоў заяўніцы, раней яна звярталася ў АКС, аднак рамонт належным чынам не выкананы.    

Пасля прыёму мы папрасілі старшыню Камітэта дзяржаўнага кантролю Мінскай вобласці Валерыя Стадольніка падвесці вынікі сустрэчы з жыхарамі Стаўбцоўшчыны.

– Камітэт дзяржаўнага кантролю ў рамках сваіх паўнамоцтваў ажыццяўляе кантроль за выкананнем заканадаўства аб зваротах грамадзян, – адзначае Валерый Францавіч. – Павінен сказаць, што ў Стаўбцоўскім раёне, як і ў Мінскай вобласці, Рэспубліцы Беларусь, у цэлым гэтая работа наладжана і носіць мэтанакіраваны характар. Нас цікавяць своечасовасць разгляду зваротаў, паўната рэалізацыі пры гэтым паўнамоцтваў мясцовай выканаўчай улады. Асобныя пытанні, з якімі звярнуліся сёння грамадзяне, узяты на кантроль. Перш за ўсё яны датычаць навядзення парадку ў населеных пунктах, правядзення рамонту жылога дома і панесеных пры гэтым выдатках і т. п. Сітуацыі некрытычныя, аднак будзем разбірацца ў іх і шукаць вырашэння. Кожны з заяўнікаў атрымае адказ. Па асобных пытаннях плануем правядзенне кантрольных мерапрыемстваў у рамках нашых паўнамоцтваў.

– Валерый Францавіч, на старонках раённай газеты мы публікуем нямала інфармацыі, якую прадастаўляе Камітэт дзяржкантролю Мінскай вобласці. Гэта вынікі маніторынгаў, праверак суб’ектаў гаспадарання. Набліжаецца да завяршэння 2017 год, і, карыстаючыся выпадкам, не магу не пацікавіцца выкананнем тых актуальных задач, якія пастаўлены перад вашым падраздзяленнем дзяржавай, кіраўніком краіны?

– Работа Камітэта дзяржкантролю будуецца на папярэджанні правапарушэнняў у бюджэтна-фінансавай дзейнасці. Мы змянілі падыходы, і большую частку часу і сіл скіравалі на папераджальныя мерапрыемствы, у першую чаргу, на маніторынгі. Пры неабходнасці праводзім праверкі расходавання бюджэтных сродкаў і выкарыстання дзяржаўнай уласнасці. Папярэдне можна сказаць, што Камітэт выканаў тыя задачы, якія ставіліся перад ім у бягучым годзе.  

Асноўныя вынікі, на мой погляд, звязаны з тым, што палепшылася дысцыпліна ў расходаванні бюджэтных сродкаў. Мы сур’ёзна працуем над прадухіленнем неабгрунтаваных выдаткаў у сферах ЖКГ і сацыяльнай, сельскай гаспадарцы, для падтрымкі якіх дзяржавай выдзяляюцца значныя субсідыі. Дадзена прынцыповая ацэнка і мяняецца сітуацыя ў забеспячэнні паўнацэннага рацыянальнага харчавання дзяцей у школах, выдаткі на якое таксама часткова субсідзіруюцца дзяржавай.

Ажыццяўляем пастаянны кантроль за рэалізацыяй буйных інвестпраектаў на тэрыторыі Мінскай вобласці. Сярод іх – і нядаўна адкрыты з удзелам Прэзідэнта краіны завод па вытворчасці легкавых аўтамабіляў. Шэраг інвестпраектаў, на жаль, не рэалізаваны ва ўстаноўленыя тэрміны, і тыя прэферэнцыі, якія былі прадастаўлены інвестарам, трэба вярнуць у бюджэт. Размова ідзе пра буйныя сумы, якія вылічваюцца мільёнамі рублёў. Скажу, што ўсе важнейшыя даручэнні Прэзідэнта краіны знаходзяцца на кантролі ў Камітэце дзяржкантролю.

– Адным прыёмам грамадзян або прамой тэлефоннай лініяй ваша зваротная сувязь з людзьмі не абмяжоўваецца?

– У Камітэце дзяржкантролю дзейнічае пастаянная прамая лінія – тэлефон (8-017) 331-64-59. На даны момант найбольш званкоў паступае адносна навядзення парадку і незавершанай уборкі сельскагаспадарчых культур. Заўсёды аператыўна рэагуем на іх. Сігналы, як правіла, пацвярджаюцца, што сведчыць пра пільнасць і добрасумленнасць нашых грамадзян.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *