Ушанавалі лепшых жывёлаводаў

Нумары Сельская гаспадарка

2511a

Аператары машыннага даення Алеся Дубіцкая з ТАА «СЖК «Налібакі» і Лідзія Рымашэўская з ААТ «Радзіма Якуба Коласа» прынялі ўдзел ва ўрачыстым мерапрыемстве, якое праходзіла ў сталічным Палацы культуры прафсаюзаў і было прысвечана ўшанаванню і ўзнагароджанню лепшых жывёлаводаў малочнай галіны краіны. Алеся і Лідзія заслужылі гэтае права сваёй сумленнай працай і высокімі паказчыкамі, кожная з пачатку года надаіла ў сярэднім ад каровы звыш шасці тысяч кілаграмаў малака. Гэтая ўрачыстасць стала фінальным акордам рэспубліканскай акцыі прафсаюзаў «Наш жывёлавод», якая праводзілася на працягу года. Дарэчы, і ў нашым раёне за згаданы перыяд былі ўручаны падзячныя пісьмы райвыканкама, райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу і падарункі 121 жывёлаводу.

Падчас узнагароджання лідараў малочнай справы старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Мікалай Лабушаў адзначыў, што прафесія аператара машыннага даення самая значная на вёсцы. Першы намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід Марыніч падкрэсліў, што людзі, якія працуюць на фермах, дасягаючы высокіх вынікаў, заслугоўваюць самых шчырых слоў удзячнасці і пашаны за рупнасць і старанне. Усе, каго запрасілі ў Палац культуры прафсаюзаў, былі заахвочаны падарункамі. Многія атрымалі ганаровыя граматы. Сярод узнагароджаных – і наша Лідзія Рымашэўская. Лідзія Аляксандраўна звыш васямнаццаці гадоў шчыруе ў жывёлагадоўчай галіне і завіхаецца на МТФ «Пагарэлае». Дарэчы, Алеся Дубіцкая мае такі ж стаж работы і працуе на МТФ «Целяхі».

Удзельнікі ўрачыстасці атрымалі зарад бадзёрасці і змястоўна адпачылі. Яны наведалі музей прафсаюзнага руху і габеленавую залу. А таксама прадэгуставалі прадукцыю перапрацоўчых прадпрыемстваў, на якія з сельгаспрадпрыемстваў пастаўляецца сыравіна. Для лепшых жывёлаводаў краіны была падрыхтавана выдатная канцэртная праграма.

Надзея БАТАЛКА

На здымку: Алеся Дубіцкая і Лідзія Рымашэўская ў музеі прафсаюзнага руху.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *