У раёне

Нумары Раённыя навіны

2511g

З «ВАЛАКНОМ» – І ВЫТВОРЦЫ, І ТУРАБ’ЕКТЫ

На Стаўбцоўшчыне павялічваецца колькасць арганізацый і прадпрыемстваў, да якіх падведзены сучасныя валаконна-аптычныя лініі сувязі.

У гэтым годзе да іх ліку ўжо далучыліся Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва і індывідуальны прадпрымальнік Кобрык. Вядуцца будаўнічыя работы на аб’ектах агракамбіната «Колас» і ў цэнтральнай раённай бальніцы. На стадыі праектавання знаходзіцца пракладка «валакна» ў лясгас і на мясакансервавы камбінат.

– Маштабны праект па будаўніцтве валаконна-аптычных ліній сувязі да спажыўцоў рэалізуецца з 2013 года. Першым, хто далучыўся да яго на Стаўбцоўшчыне, быў філіял маторнага завода. Сёння прадпрыемстваў і арганізацый, падобных філіялу, набярэцца больш за два дзясяткі. Яны, як правіла, вызначаюцца дзелавой актыўнасцю, інавацыйнымі падыходамі ў рабоце, а сучасныя лініі сувязі дапамагаюць ім ісці ў нагу з часам, быць канкурэнтаздольнымі. Актыўна ўключыліся ў гэты праект турыстычныя аб’екты «Панскі маёнтак «Сула», «Рудзьмянская гаспадарка», – адзначае начальнік Стаўбцоўскага занальнага вузла электрасувязі Міхаіл Касабуцкі.

Асаблівасць гэтага праекта РУП «Белтэлекам» у тым, што з першых дзён ён фінансуецца не заказчыкам-спажыўцом, а непасрэдна прадпрыемствам «Белтэлекам». Акупнасць праекта дасягаецца на працягу трох гадоў пасля ўвядзення лініі ў эксплуатацыю за кошт набору паслуг, якія выбера для сябе спажывец.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 

АРХІЕРЭЙСКАЯ СЛУЖБАЎ НАВАКОЛАСАВЕ

У мінулую нядзелю Бажэственную літургію ў прыходзе храма велікамучаніка Георгія Пабеданосца ў пасёлку Наваколасава ўзначаліў епіскап Маладзечанскі і Стаўбцоўскі Павел. Гэта першае архіерэйскае богаслужэнне за час існавання прыхода. Настаяцелем храма з’яўляецца свяшчэннік Сергій Бегіян, які шмат сіл і старанняў прыкладвае для згуртавання прыхода, клопату аб храме Божым.

Для кліру і прыхаджан прыезд епіскапа быў значнай падзеяй, архіерэйская служба сабрала шмат вернікаў. Уладыка звярнуўся да прыхаджан са словамі настаўленняў з архіпастырскім благаславеннем.

Пр

 

ЧАКАЮЦЬ САНАТОРЫІ

На працягу навучальнага года дзеці могуць аздаравіцца ў чатырох санаторных школах-інтэрнатах Мінскай вобласці.

Вучняў 2-9 класаў прымаюць Старабарысаўская і Маладзечанская санаторныя школы-інтэрнаты. Ва Уздзенскай дзяржаўнай школе-інтэрнаце арганізавана аздараўленне і навучанне вучняў 4-9 класаў. Краснаслабадская дзяржаўная санаторная школа-інтэрнат для дзяцей з саматычнай паталогіяй ажыццяўляе аздараўленне і навучанне дзяцей 3-9 класаў.

Больш падрабязную інфармацыю бацькі могуць знайсці на сайтах школ-інтэрнатаў.

Для накіравання дзяцей на аздараўленне ў адзначаныя навучальныя ўстановы неабходна звяртацца да педыятра цэнтральнай раённай бальніцы Анастасіі Клімовіч ці ў вучэбна-метадычны кабінет аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.

Таццяна ГРАМЫКА,метадыст аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама

 

АБ ЗНЕШНІМ ГАНДЛІ

За студзень–верасень 2017 года аб’ём знешняга гандлю таварамі ў цэлым па Стаўбцоўскім раёне склаў 44,8 мільёна долараў ЗША і вырас на 33,4 працэнта да ўзроўню адпаведнага перыяду мінулага года. У тым ліку экспарт – 24,3 мільёна долараў (узрос на 1,8%), імпарт – 20,5 мільёна долараў (павялічыўся ў 2,3 раза).

За 9 месяцаў 2017 года склалася станоўчае сальда знешняга гандлю таварамі ў памеры 3,8 мільёна долараў. У экспарце тавараў на краіны СНД прыйшлося 89,6%, у тым ліку на Расійскую Федэрацыю – 83,5%. Імпарт тавараў з Расіі склаў 23% ад агульнага аб’ёму імпарту раёна.

Паводле інфармацыі Галоўнага статыстычнага ўпраўлення Мінскай вобласці

 

ПАСТУПАЮЦЬ НАВАГОДНІЯ ЗАКАЗЫ

Стаўбцоўская друкарня пачала выпуск навагодняй прадукцыі. У першую чаргу, гэта календары на наступны, 2018 год. Іх адметнасць у тым, што кліенты могуць зрабіць заказ на эксклюзіўны каляндар: імянны – з партрэтам таго, каму хочуць яго падарыць, з лагатыпам сваёй арганізацыі ці з любым фота. Выпускаюцца насценныя і настольныя календары. Друкарня гатова выканаць любы іншы заказ на сучасных машынах поўнакаляровага друку.

Паслугі Стаўбцоўскай друкарні скарыстаў абласны камітэт прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі – заказаў для пленума календары і папкі з лагатыпам.

Акрамя таго, на працягу каляндарнага года друкарня выконвае тэндарны заказ – бланачную прадукцыю для сямі ўстаноў аховы здароўя сталіцы, Клецкай, Уздзенскай і Стаўбцоўскай цэнтральных раённых бальніц.

 

СПЕЦАДЗЕННЕ ДЛЯ БЕЛАЎТАДАРА

ДЭУ № 62 працягвае шыць спецадзенне для работнікаў прадпрыемства «Белаўтадар», на якім занята не менш за 1600 чалавек.

Швейны цэх працуе з 2013 года пад кіраўніцтвам майстра швейнай вытворчасці Валянціны Губар. Начальнік ДЭУ № 62 Дзмітрый Ёдчык падкрэслівае, што перспектыва ў яго – добрая. Сёлета закуплена яшчэ адна швейная машынка, набыты «гостаўскія» лекалы. Каб выканаць усе заяўкі, узяты яшчэ адзін спецыяліст. Цэх загружаны на 100 працэнтаў.

У ім шыюць летняе і зімняе спецадзенне, камізэлькі, двухпальцавыя рукавіцы. Падабрана тканіна (вытворчасці магілёўскага прадпрыемства «Магатэкс»), ніткі. Прэтэнзій адносна якасці пашыву не паступае.

Пр



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *