І пераднавагодні сэрвіс

Нумары У калектывах Стаўбцоўшчыны

2511b

У аддзяленні паштовай сувязі Дзераўная ўжо на пачатку лістапада быў адкрыты куток навагодняй прадукцыі і паслуг, які стварае адпаведны настрой і дае магчымасць загадзя падрыхтавацца да самага любімага дзецьмі і дарослымі свята.

У аграгарадку Дзераўная жывуць людзі, якія ўмеюць працаваць і адпачываць. Пошта дапамагае ім у гэтым, калі робіць своечасовыя і цікавыя прапановы, як, напрыклад, напісаць пісьмо і атрымаць падарунак ад Дзеда Мароза і Снягуркі, набыць навагоднія ўпрыгажэнні і сувеніры, даслаць віншавальную паштоўку. Неардынарным падарункам, які паслужыць карыснаму баўленню вольнага часу, можа быць падпіска на газету ці часопіс на новы год. Дарэчы, на раённую газету «Прамень» яшчэ не позна падпісацца і на апошні месяц 2017 года – снежань.  

Паштовае аддзяленне ў Дзераўной прасторнае, з плацежна-даведачным тэрміналам. Кліентаў тут заўсёды многа, а ў гэты пераднавагодні перыяд – асабліва. Яны плацяць за камунальныя паслугі, разлічваюцца з іншымі плацяжамі і даўгамі. Хутка абслугоўвае іх начальнік аддзялення Антаніна Жодзік. Яе памочніца, аператар паштовай сувязі, цяпер у дэкрэтным адпачынку, таму на дапамогу прыйшла Валянціна Калошыч, якая доўгі час да выхаду на заслужаны адпачынак была нязменным начальнікам гэтага паштовага аддзялення.

Веды і вопыт Валянціны Іосіфаўны аказаліся запатрабаванымі не толькі ў дзераўнянскім аддзяленні. Кіраўніцтва раённага вузла паштовай сувязі звярнулася да яе з просьбай падрыхтаваць спецыяліста для аддзялення паштовай сувязі ў Налібаках, дзе нечакана ўтварылася вакансія, – і бывалы паштавік адгукнулася на яе.

Будучы на пошце ў Дзераўной, пашчасціла пазнаёміцца з жыхаркай вёскі Ніўнае Тэрэзай Соза. Яна таксама з тых, хто прысвяціў сваё працоўнае жыццё пошце, – адпрацавала паштальёнам 28 гадоў. «Цяпер у нашу вёску прыязджае перасоўнае паштовае аддзяленне, але я люблю наведваць менавіта дзераўнянскае аддзяленне. Тут плачу за камунальныя паслугі, папаўняю баланс мабільнага тэлефона», – гаворыць Тэрэза Іосіфаўна пра свае патрэбы. Іншыя кліенты пажылога ўзросту дадаюць: «Яшчэ на пошце нас вучаць карыстацца тэрміналам». Добрыя словы ў адрас работнікаў аддзялення паштовай сувязі можна не толькі пачуць, а і прачытаць – у кнізе заўваг і прапаноў.              

Акрамя плацяжоў, якіх за дзень бывае да 300, і падпіскі на перыядычныя выданні, якіх на аддзяленне ідзе каля 800 экзэмпляраў, у тым ліку 280 – газеты «Прамень», вяскоўцы робяць паштовыя адпраўленні лінейкі «Камфорт», экспрэс-адпраўленні. Ідуць на пошту і па тавары першай неабходнасці. Вяскоўцы прызнаюцца, што іх у першую чаргу прываблівае цана. На даны момант добра разыходзіцца камбікорм – многія жыхары Дзераўной і бліжэйшых ваколіц трымаюць дамашнюю гаспадарку. Тавараабарот аддзялення дасягае 6-8 тысяч рублёў у месяц.  

Сучаснай прыкметай аграгарадка становяцца заказы тавараў праз інтэрнэт-магазін РУП «Белпошта». «Апошнім часам такім чынам мясцовы дзіцячы сад заказаў 25 пластмасавых грабляў, а адзін з вяскоўцаў выбраў падарунак – ляльку, якая гаворыць», – зазначае Антаніна Жодзік.

Знаёмімся з паштальёнамі, якія ўжо закончылі «абход» сваіх вуліц і вёсак. Іх паштовыя сумкі, натуральна, апусцелі, а на тварах – задаволенасць, усмешка. Напэўна, і сёння не адзін вясковец сказаў дзякуй Вікторыі Чэмка, Наталлі Кузёмка і Святлане Самец. «Нас і за кіламетр ужо бачаць, – дзеліцца паштальён-старажыл Вікторыя Чэмка. – Мы прыносім сваім падпісчыкам газеты, забяспечваем рознымі таварамі, бяром на месцы плацяжы. Мы прывыклі да іх, яны – да нас. Не прамінуць падзяліцца сваёй радасцю і рознымі весткамі».      

Наталля Кузёмка працуе на пошце шэсць гадоў. Менавіта на яе ўчастку самая вялікая падпіска на газету «Прамень» – 120 экзэмпляраў. Святлана Самец прыйшла ў калектыў у лютым бягучага года. Абедзве жанчыны сумяшчаюць работу паштальёна і сацыяльнага работніка. У кожнай на абслугоўванні чатыры пажылыя вяскоўцы. Паколькі веласіпедны сезон у паштальёнаў закончыўся, то дапамагаюць блізкія: муж падвозіць на машыне ў пачатак вёскі ці вуліцы і чакае ў канцы яе, пакуль ідзе раздача пошты.

Дзераўнянская пошта працуе для людзей, з тым, каб зрабіць іх жыццё больш зручным і якасным.

На здымках: начальнік аддзялення паштовай сувязі ў Дзераўной Антаніна Жодзік прапануе навагодні тавар; завяршыўся рабочы дзень у паштальёнаў аддзялення (злева направа) Наталлі Кузёмка, Вікторыі Чэмка і Святланы Самец.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *