Прапановы для абанентаў і мікрараёнаў

Нумары Прамая лінія

2511f

На мінулым тыдні прайшла прамая тэлефонная лінія з начальнікам Стаўбцоўскага занальнага вузла электрасувязі Міхаілам КАСАБУЦКІМ. За гадзіну работы лініі паступілі пытанні актуальныя і вартыя ўвагі. Самае галоўнае – сувязь актыўна развіваецца і стварае цікавыя прапановы. Толькі ў гэтым годзе ў будаўніцтва валаконна-аптычных ліній сувязі на тэрыторыі раёна ўкладзена больш за 800 тысяч рублёў, дзякуючы чаму ёсць магчымасць вырашыць узнятыя людзьмі праблемы не ў аддаленай перспектыве, а ў бліжэйшы час, комплексна, з улікам сучасных стандартаў якасці.

Сярод значных праектаў, над якімі працуюць сувязісты, варта вылучыць мерапрыемствы па замене бесправадных тэрміналаў, завяршальны этап будаўніцтва валаконна-аптычных ліній сувязі ў шматкватэрным жылым сектары Стоўбцаў, забяспечанасць «валакном» гарадскіх школ і перамяшчэнне ў сельскія ўстановы адукацыі, мікрараён індывідуальнай жылой забудовы Паўночны-2.  

Жыхары Новага Свержаня турбаваліся адносна таго, калі ў іх будуць заменены бесправадныя тэлефоны.

Міхаіл Касабуцкі:

– Планамерна вядзём замену такіх тэлефонаў. Пакуль яны ёсць у Стоўбцах, у Новым Свержані іх 117. У Стоўбцах плануем завяршыць замену ў 2018 годзе, у Новым Свержані – у 2019-м. Пры здачы аб’ектаў у эксплуатацыю ў першую чаргу максімальна пераключаем абанентаў, якія карыстаюцца бесправадным тэлефонам. На даны момант ідзе рэалізацыя праекта па будаўніцтве вузла доступу па вуліцы Зялёнай у Стоўбцах. Ім будуць ахоплены як стаўбчане з прылеглых вуліц горада, так і жыхары Задвор’я – усяго больш за 200 абанентаў. У снежні плануем пачаць іх пераключэнне, і гэта дасць ім як сучасную тэлефанію, так і паслугі сеткі перадачы даных.

Жыхары вуліцы Скарыны, мікрараёна Паўночны-2 у Стоўбцах цікавіліся планамі адносна тэлефанізацыі ў іх мікрараёне.

– Плануем у 2018 годзе рэалізаваць унікальны праект адносна мікрараёна Паўночны-2. Гэта будзе першы праект, звязаны з будаўніцтвам «валакна» ў прыватным сектары. З яго рэалізацыяй з’явіцца магчымасць пераключыць на «валакно» і жыхароў бліжэйшых вуліц, пачынаючы ад рэстарана «Турыст». Гэта будуць вуліцы Скарыны, Клімука, Адамовіча, Мінская, Грыцаўца і іншыя.

Хацелася б звярнуцца да ўладальнікаў участкаў у мікрараёне Паўночны-2. Зразумела, што не ўсе пабудаваліся, але мы хацелі б, каб яны ўжо цяпер сталі ў нас на ўлік. Мы вывучаем попыт да пачатку праектавання аб’екта, таму што ўносіць змяненні ў гатовы праект заўсёды складаней.

Г. С. Шынгель, жыхарка дома № 6 па вуліцы Энгельса ў Стоўбцах, звярнулася з просьбай прыбраць старыя правады, якія выходзяць з іх пад’езда, – ад гэтага ёсць нязручнасці, ды і эстэтычны выгляд не самы лепшы.

– Да вашага дома, як і да іншых дамоў у шматпавярховым жылым сектары ў Стоўбцах, падведзены валаконна-аптычныя лініі сувязі. Вы гаворыце пра старыя нерабочыя сеткі. Разбяромся, прыбяром.

І. П. Грамыка з Яблынаўкі падзялілася сваёй праблемай – не першы раз выходзіць са строю тэлефонны апарат. Некаторыя стаўбчане, якія карыстаюцца тэлефоннымі нумарамі з «сямёркі», наракалі на тое, што нярэдка чуюць з трубкі заўвагу – «некарэктна набраны нумар» або «такі нумар не існуе». Жыхары Налібакаў узнімалі пытанне тэлефоннага даведніка.

– Для таго каб выпусціць тэлефонны даведнік, неабходна прайсці пэўную працэдуру па правядзенні аўкцыёну для перадачы на выплатнай аснове базы даных з тэлефоннымі нумарамі. Апошні такі аўкцыён быў аб’яўлены ў маі 2017 года, і ён не адбыўся з-за адсутнасці ўдзельнікаў. Карацей кажучы, няма жадаючых выпусціць тэлефонны даведнік, і гэтая сітуацыя характэрна для ўсіх раёнаў Мінскай вобласці. Новыя нумары тэлефонаў прадпрыемстваў і арганізацый раёна змешчаны на сайце раённай газеты «Прамень», некаторыя з іх яшчэ і прарэкламаваны на старонках газеты «Прамень». Пры неабходнасці звяртайцеся ў даведачна-інфармацыйную службу прадпрыемства «Белтэлекам» (тэл. 109), дзе падкажуць неабходны нумар тэлефона. Кошт званка – 23 капейкі. Для нумароў экстранных службаў прадугледжаны бясплатны нумар – 199.    

Стаўбчанка Л. І. Заварына цікавілася пераафармленнем тэлефона ў доме, што застаўся ў спадчыну.

– Неабходна звярнуцца ў наш сэрвісны цэнтр, там вам растлумачаць устаноўлены парадак. Сэрвісны цэнтр працуе ва ўсе дні, акрамя нядзелі. Па суботах – з 09.00 да 13.00, па аўторках і чацвяргах час яго работы падоўжаны да 19.00. Пераафармленне тэлефона абыдзецца ў 2,07 рубля. Пярвічная ўстаноўка каштуе 7,55 рубля за нумар. За нумар трэба заплаціць ад 11,3 да 40 рублёў.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *