І падзяліцца радасцю, і задаць пытанне

На сувязі - рэдакцыя Нумары

ШЧОДРАСЦЬ ВОСЕНЬСКІХ СВЯТАЎ

Якімі толькі эпітэтамі не называюць восень: і залатая, і шчодрая, і багатая.

А для нашай Шашкоўскай школы яна і сапраўды багатая. Багатая на цікавыя, змястоўныя і разнастайныя мерапрыемствы, якія праходзяць кожную суботу. Педагогі стараюцца так скласці праграмы святаў, каб кожны з вучняў мог раскрыць свае здольнасці, меў інтарэс паўдзельнічаць і захацеў зноў і зноў сустрэцца са сваімі аднакласнікамі ў такой нязмушанай творчай атмасферы.   Хочацца расказаць пра самыя яркія моманты.

Адразу на пачатку навучальнага года вучні шостага класа арганізавалі паэтычную гасцёўню «Роднае слова – крыніца натхнення», якая была прысвечана 500-годдзю кнігадрукавання ў Беларусі. Колькі цудоўных слоў было сказана пра нашу мілагучную мову, колькі ўзнёслых і пранікнёных вершаў прагучала па-беларуску! І сапраўды, наша родная мова з’яўляецца крыніцай натхнення на разнастайныя творчыя задумкі і здзяйсненні, што і паказалі шасцікласнікі ў сваёй праграме.

Яшчэ адным цікавым і шчырым мерапрыемствам стаў Тыдзень маці. Вучні рыхтавалі падарункі для сваіх матуль. І суботнім днём Тыдзень маці завяршыўся вялікім канцэртам, дзе кожны клас падрыхтаваў цёплыя і пранікнёныя словы шчырай падзякі сваім любімым мамам, а таксама яркія творчыя нумары мастацкай самадзейнасці.

Яркім і запамінальным акордам першай чвэрці стала свята «Багач», якое традыцыйна праходзіць у нашай школе напярэдадні восеньскіх канікулаў. Ярка ўпрыгожаная зала стварала атмасферу цеплыні і радасці. А багатая на восеньскія дары выстава паказала, наколькі шчодрай бывае восень.

Вучні 5-9 класаў удзельнічалі ў конкурсе восеньскіх шчадрот, дзе паказвалі майстэрства валодання мастацкім словам (чыталі вершы пра восень), вакальнымі данымі (песні таксама былі прысвечаны восені). А колькі страў з гародніны і садавіны прыдумалі дзеці! Яркія і разнастайныя ўборы з прыродных матэрыялаў, што прапанавалі модніцы, зачароўвалі палётам фантазіі. А колькі загадак і казак пра гародніну і садавіну ведаюць нашы вучні! Усё свята прайшло на адным дыханні.

Журы было ў захапленні ад канкурсантаў.

А падчас школьных канікулаў вучняў чакалі новыя і разнастайныя мерапрыемствы.

Лідзія МАЗУРКЕВІЧ

 

ПУСЦІЦЬ КАРАНІ НА СТАЎБЦОЎШЧЫНЕ

Жыццё склалася так, што маёй сям’і з Украіны прыйшлося пераехаць у Беларусь. Лёс закінуў нас у аграгарадок Горкі. Побач апынуліся спагадлівыя і добразычлівыя людзі. Кіраўніцтва ААТ «Жацерава» выдзеліла жыллё, працаўладкавала тату і матулю, а мы з братам Кірылам працягнулі вучобу ў мясцовай школе. На здзіўленне, у дзявятым класе былі адны хлопчыкі, але, прызнаццца, мне было вельмі прыемна. Вельмі спадабалася, што настаўнікі і вучні тут – гэта адна сям’я, якая нагадвае вялікі мурашнік: усе недзе спяшаюцца, бягуць, а галоўнае, што ўсе разам. Кожны панядзелак усе збіраюцца на лінейку, каб падзяліцца навінамі, парадавацца дасягненням, акрэсліць праблемы і спланаваць працу на тыдзень.

Я змагла спаўна праявіць свае здольнасці ў спевах і маляванні. Змагла рэалізаваць сябе і як спартсменка: у спаборніцтвах па плаванні сярод дзяўчынак заняла першае месца, а сярод хлопчыкаў і дзяўчынак – другое. Дарэчы, наведванне Стаўбцоўскага ФАКа стала любімым заняткам нашай сям’і.

Дырэктар школы Н. В. Ермаловіч клапоціцца, каб у навучальнай установе было ўтульна, цёпла, камфортна. У кабінет інфарматыкі набыты крэслы і мышкі для камп’ютараў. Патынкаваны і пафарбаваны тры класы, драўляная падлога заменена на ламінат, у спартыўнай зале абноўлена столь. Дырэктар ААТ «Жацерава» Аляксандр Дударэвіч падарыў вучням музычны цэнтр.

Цікава прайшлі ў школе тыдні, прысвечаныя беларускаму песняру Якубу Коласу, рускай паэтэсе Марыне Цвятаевай. Нядаўна з настаўніцай рускай мовы і літаратуры Я. Э. Душкевіч мы наведалі Рускі драматычны тэатр імя М. Горкага. У тэатры я была ўпершыню, і мне вельмі спадабалася. Ганаруся поспехамі ў раённай алімпіядзе сваіх аднакласнікаў Валерыя Іванца і Ільі Аўласіна, якія занялі прызавыя месцы па фізіцы, геаграфіі і матэматыцы. Мару добра вывучыць беларускую мову, бо яна такая ж прыгожая і каларытная, як і мая родная, украінская.

Зараз я вучуся ў выпускным адзінаццатым класе і мару стаць студэнткай адной з беларускіх ВНУ ці каледжа. Мая сям’я набыла хату ў вёсцы Савоні, а гэта значыць, што мы вырашылі пусціць тут свае карані.

Валерыя КІСТАНАВА, вучаніца Горкаўскай СШ, член аб’яднання па інтарэсах «Юны карэспандэнт»

 

ДЛЯ АМАТАРАЎ СПОРТУ

«Жыву ў Дзераўной. Вельмі падабаліся каналы Eurosport і Eurosport 2, хутка чэмпіянат, а ў пакеце «Премьера» іх няма. Можа вы ведаеце, ці будзе альтэрнатыва, калі падключыць пакет «Спартыўны»? Яшчэ чытаў, што можна размаўляць па міжгорадзе, а плаціць як за мясцовыя размовы. Гэта так?»

К. Ліпніцкі

На пытанні чытача мы папрасілі даць адказ спецыяліста па маркетынгу Стаўбцоўскага занальнага вузла электрасувязі Таццяну Салавей:

– У пакеце «Спартыўны» каналаў   Eurosport і Eurosport 2, на жаль, няма, але ў базавых пакетах «ZALA: усё ўключана» і «ZALA: усё ўключана HD» яны ёсць. Вам неабходна змяніць тарыфны план, наведаўшы наш сэрвісны цэнтр, або зрабіць гэта ў кабінеце карыстальніка дома.

З 29-га верасня 2017 года дадаткова ідуць каналы: Discovery Channel – роданачальнік пазнавальна-забаўляльнага жанру на тэлебачанні, Animal Planet (Europe) – для трансляцыі фільмаў пра жывёл у жывой прыродзе, Eurosport 1 – анлайн-трансляцыі турніраў Вялікага Шлема, футбольных матчаў Лігі Чэмпіёнаў, этапаў Кубка свету па супербайку з розных краін Еўропы, трансляцыі Адкрытага чэмпіянату Вялікабрытаніі па снукеры, Чэмпіянату Еўропы па кёрлінгу, конным спорце і т. п., Eurosport 2 – для кругласутачных трансляцый маладзёжных і экстрэмальных відаў спорту (сноўборд, ВМХ, сёрфінг), трансляцыі спаборніцтваў па неалімпійскіх відах спорту (рэгбі, амерыканскі футбол, крыкет і т. п.). Звяртаю ўвагу, што названыя тэлеканалы даступныя толькі абанентам наступных тарыфных планаў і пакетаў паслуг: «ZALA: усё ўключана», «ZALA: усё ўключана HD», «ЯСНА 25», «ЯСНА 25 ПЛЮС» (на асноўнай прыстаўцы), «ЯСНА 100», «Сямейны 4 камфорт».

Вельмі часта ў нас цікавяцца пераключэннем з пакета «Экспрэс» на пакет «ЯСНА 25». Гэта сапраўды вельмі выгадны тарыфны план пры даплаце ў два-тры рублі. Хуткасць доступу ў сетку інтэрнэт павялічыцца у пяць разоў і дабавіцца 40 дадатковых каналаў. Пакет «ЯСНА 25» уключае ў сябе інтэрнэт на хуткасці 25/12.5 Мбіт/с, нелімітуемы доступ па тэхналогіі Wi-Fi з выкарыстаннем дзеючых рэквізітаў доступу (лагіна і паролю). Зручнасць у тым, што карыстацца Wi-Fi можна не толькі дома, а ў любым іншым месцы, дзе ёсць Wi-Fi ад Белтэлекама. На даны момант ставіцца задача, каб ваш лагін запамінаўся сістэмай пры першым увядзенні і далей самастойна ёю аўтарызоўваўся. Таксама туды ўключана абаненцкая плата за паслугі электрасувязі і неабмежаваная працягласць тэлефонных злучэнняў у сетцы «Белтэлекам», паслуга ідэнтыфікацыі лініі выклікаючага абанента (CLIP), інтэрактыўнае тэлебачанне на ўмовах тарыфнага плана «ZALA: усё ўключана».

Падыходжу да адказу на ваша другое пытанне – адносна размоў па міжгорадзе і платы за іх як за мясцовыя размовы. Гэта так і не так. У маі 2016 года з’явіліся новыя тарыфныя планы лінейкі «ЯСНА» і «Сямейны», якія ўключаюць у сябе тры асноўныя паслугі, неабходныя сучаснаму чалавеку для камфорту і паўнацэнных зносін: інтэрнэт, тэлефонную сувязь, якая ў сваю чаргу ўключае абаненцкую плату і неабмежаваную працягласць тэлефонных злучэнняў у сетцы «Белтэлекам» і паслугу ідэнтыфікацыі выклікаючага абанента (CLIP), тэлебачанне. Кошт падключэння трох паслуг у складзе пакета значна таннейшы, чым паасобку. Аплата ўсіх паслуг, якія ўключаны ў пакет, ажыццяўляецца на агульны асабовы рахунак.

Пракладка валаконна-аптычных ліній сувязі дазваляе нам прадастаўляць абанентам шырокі выбар магчымасцяў, розныя спосабы і варыянты аказання паслуг. Яны не стаяць на месцы, развіваюцца хуткімі тэмпамі. Таму сачыце за навінкамі на нашым сайце і знаходзьце для сябе аптымальнае.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *