З верай у сябе, у людзей, у заўтрашні дзень

Нумары Сельская гаспадарка

2511d

За шматгадовую і плённую працу ў галіне сельскай гаспадаркі, дасягненне высокіх паказчыкаў у рабоце Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Лукашэнкам падпісаны Указ аб узнагароджанні дырэктара ТАА «СЖК «Налібакі» Віталія Кушнера медалём «За працоўныя заслугі». Урад краіны высока ацаніў працу кіраўніка. Прызнаны яго арганізатарскія здольнасці і ў раёне, бо далёка не ўсім дадзена кіраваць калектывам, рабіць гэта трэба ўмець.

Віталій Іванавіч сёмы год узначальвае гаспадарку, якая з’яўляецца флагманам раёна па вытворчасці малака, маючы даволі высокі рэйтынг у рэспубліцы. З пачатку года ў сярэднім ад кожнай каровы жывёлаводы атрымалі 7194 кілаграмы малака і ўпэўнена рухаюцца наперад – да дзевяцітысячнага рубяжу. Відавочны плён у раслінаводчай галіне. Дырэктар адказна ставіцца да даручанай справы, разумеючы, што проста так само сабою нічога не прыйдзе. Дзеля гэтага трэба напружана працаваць. І ён не можа інакш, бо адказнасць на ім і сапраўды ляжыць вялікая. І ў першую чаргу за людзей. Для кожнага кіраўніка галоўнае – маральна-псіхалагічны настрой калектыву, таму асабліва расслабляцца не атрымліваецца. Амаль штодзень з’яўляюцца новыя праблемы, нярэдка чакаюць і непрыемныя сюрпрызы. Што ні гавары, а ў падпарадкаванні дырэктара звыш 160 чалавек, і да кожнага патрэбны асабісты падыход. Як кіраўнік Віталій Іванавіч у меру строгі, патрабавальны і, што вельмі важна, – справядлівы. Сваіх указанняў не паўтарае, але і не забывае спытаць пра іх выкананне. І ўсе пра гэта ведаюць. Калі ў работнікаў ёсць парушэнні працоўнай дысцыпліны, то патурання не будзе нікому, бо кожная дробязь абарочваецца недаборам прадукцыі.

У людзях кіраўнік умее цаніць дабрыню і сумленнасць, бо самому ўласцівыя гэтыя рысы характару. Работнікі таварыства паважаюць свайго начальніка і за тое, што ён уважлівы і тактоўны, заўсёды прыме і выслухае наведвальніка. І калі яму па сіле выканаць просьбу, то абавязкова дапаможа чалавеку. Калегам-кіраўнікам ніколі не адмовіць, калі ёсць такая патрэба. Выручыць і тэхнікай, і слушнай парадай.

Гаспадарка перадавая, і таму журналісты з розных сталічных выданняў не мінаюць гэтае таварыства. І нам, раёншчыкам, заўсёды прыемна наведвацца да налібаччан. Не толькі таму, што паказчыкі тут высокія ў вытворчасці, а і таму, што людзі ў гэтым пушчанскім краі жывуць гасцінныя, умелыя. Вось і на гэты раз на твары дырэктара ўсмешка. Вясёлыя іскрынкі ў вачах – верны прызнак таго, што гаспадар ад усёй душы рады нашаму прыезду.

– Праходзьце, калі ласка, дзякуй, што завіталі, – дырэктар працягвае руку для поціску. – Ёсць для вас навіна. Толькі што прыехаў з новабудоўлі. Узводзім новае жывёлагадоўчае памяшканне. Даўно аб гэтым вялася размова, і вось, нарэшце, увасабляем задуманае ў рэальнасць. У наступным годзе пабудуем яшчэ адзін «клюшачнік», абсталюем даільную залу. Праблем шмат, і трэба круціцца, бо такое будаўніцтва – гэта не жартачкі.

Вось такі ён – заўсёды ў руху, у пошуку. Разумее: калі сёння нешта ўпусціш, то заўтра можаш не навярстаць. Апошнім часам нямала зроблена для ўкаранення прагрэсіўных тэхналогій. Правялі рэканструкцыю фермы і паставілі там бычкоў на адкорм. Пабудавалі дзве сянажна-сіласныя траншэі. Набылі нямала тэхнікі. Ёсць прадукцыя – ёсць і грошы ад яе продажу, што дазваляе таварыству развівацца. Калектыў у таварыстве дружны, зладжаны. Падабралася каманда спецыялістаў-аднадумцаў, з якімі лёгка працуецца. Накіроўвае памкненні людзей на канчатковы вынік кіраўнік.

Пасля атрымання дыплома эканаміста, Віталій Іванавіч вучыўся ў Беларускім інстытуце народнай гаспадаркі, па размеркаванні паехаў працаваць па спецыяльнасці ў адну з гаспадарак Лагойскага раёна. Менавіта там і пачалася яго кар’ера ў якасці кіраўніка – праз некаторы час узначаліў адзін з калгасаў. Пераезд па сямейных абставінах у Дзераўную не змяніў выбранага раз і назаўсёды працоўнага шляху. Пра такіх, як Віталій Кушнер, гавораць: ён з вёскай павязаны лёсам. Віталій Іванавіч добры сем’янін. Жонка Ала Уладзіміраўна, а пазнаёміліся яны, калі вучыліся ў адным інстытуце, працуе ў Дзераўнянскай сярэдняй школе. У шчаслівай і дастойнай сям’і выраслі двое дзяцей. Сын Аляксандр і дачка Іна таксама скончылі ВНУ, дзе вучыліся іх бацькі. Знайшлі справу, якая падабаецца.

Гавораць, што для таго каб добра жыць, трэба глыбока думаць. Быць працалюбівым і цярплівым, настойлівым і смелым, добрым і міласэрным. І, нарэшце, абавязкова верыць у сябе, у людзей, у заўтрашні дзень. А магчыма, і ў Бога, бо вера, і толькі яна, дае нам натхненне і любоў, смеласць і рызыку. Толькі з верай у душы мы гатовы на подзвіг і на самаахвярнасць, толькі яна робіць нас сумленнымі. Скажу без перабольшвання, што ўсе гэтыя якасці ўласцівы Віталію Іванавічу. Такое яго жыццёвае і працоўнае крэда, як чалавека і як кіраўніка.

У мінулую пятніцу Віталій Кушнер адзначыў свой чарговы дзень нараджэння. Стаўбцоўскі раённы савет Аграпрамысловага саюза шчыра віншуе яго з гэтым уласным святам, жадае моцнага здароўя, дабрабыту і ўдачы ў вытворчых справах. Зычыць увасаблення ўсіх задум, упэўненасці, мудрасці і цвёрдасці ў прыняцці рашэнняў.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *